«Мяркую, што Расея ня можа на гэта пайсьці, таму што гэта будзе, на маю думку, усясьветная вайна. Гэта вельмі небясьпечна. Баяцца няма каго і няма чаго, таму што мы на сваёй зямлі і абараняем яе. Страшна толькі ад такіх падзеяў і ад такіх пагрозаў, што могуць быць такія крокі», — сказаў Уладзімір Зяленскі, адказваючы сёньня ў Кіеве на пытаньне журналістаў аб магчымай новай хвалі вайсковай эскаляцыі і наступу Расеі з боку анэксаванага Крыму, акупаванага ўсходу Ўкраіны і празь Беларусь.
Прэзыдэнт Украіны дадаў, што «такія крокі гістарычна прыводзяць заўсёды да вялікіх стратаў — сотняў тысяч, мільёнаў людзей».
«Мне здаецца, што нягледзячы на экспэртныя думкі, якія сьцьвярджаюць пра верасень, я мяркую, што такой магутнай эскаляцыі ня можа быць», — мяркуе Ўладзімір Зяленскі.
Кіраўнік украінскай дзяржавы дадаў, што ў часе нядаўняй расейскай эскаляцыі ўздоўж дзяржаўных межаў Украіна правяла эфэктыўную дыпляматычную працу, у выніку якой Эўропа і ЗША прадэманстравалі сваю падтрымку незалежнасьці Ўкраіны. На пытаньне, ці справіцца Ўкраіна самастойна ў выпадку вайсковага канфлікту з Расеяй, Уладзімір Зяленскі сказаў: «Будзем змагацца да апошняга».
Сёлета ў студзені Міністэрства абароны Беларусі заявіла пра нібыта нарошчваньне вайсковага патэнцыялу ў памежных краінах. У сувязі з гэтым супольна з расейскім вайсковым ведамствам распрацавалі задуму стратэгічнага вучэньня «Захад-2021».
Плянуецца, што манэўры пройдуць цягам тыдня — ад 10 да 16 верасьня — пад кіраўніцтвам начальнікаў генэральных штабоў Узброеных сіл Беларусі і Расеі.
Аналягічныя вучэньні прайшлі ў 2017 годзе на шасьці палігонах і двух участках мясцовасьці ў Беларусі і трох палігонах у Расеі. У іх было задзейнічана блізу 13 тысяч вайскоўцаў, 70 самалётаў і верталётаў, 680 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку каля 250 танкаў.
За вучэньнямі назіралі прадстаўнікі сямі дзяржаў, у тым ліку краін NATO.