Сацункевіч расказвае пра вялізарную колькасьць валянтэраў «Вясны» за апошні год, тлумачыць крытэры для прызнаньня палітвязьнямі і апісвае судовы працэс, на якім хацела б выступіць.
Глядзець размову на відэа цалкам
Сьцісла
- Калі ў жніўні мы даведаліся пра катаваньні, прадстаўнікі Чэхіі былі першымі, хто зьвярнуўся да нас з прапановай дапамогі і рэабілітацыі.
- Калі ў верасьні затрымалі Марфу Рабкову, гэта была спроба ўлады спыніць валянтэрскую дапамогу, таму што была затрыманая каардынатарка валянтэрскай службы.
- «Вясна» — вялікая арганізацыя, але не настолькі, калі такія маштабы рэпрэсій. Мы ведалі, што ў выбарчы год будзе шмат рэпрэсій, але ўявіць сабе такое ня мог ніхто.
- Калі чалавек атрымлівае 15 сутак, пакуль праваабарончая супольнасьць яго прызнае палітвязьнем, фармальна ён ужо выйдзе на свабоду. Але ўсе тыя, хто адбываў арышт, на 100% адпавядаюць вызначэньню палітычных зьняволеных.
«Чакаю таго дня, калі ўжывую раскажу Тацяне, Марфе, Леаніду, Андрэю, як гэта адбывалася»
— Цырымонія ўзнагароджаньня адбылася ў дзень адкрыцьця фэстывалю дакумэнтальных фільмаў праваабарончай тэматыкі «Адзін сьвет», узнагароду ўручаў мэр Прагі Здэнек Гржыб. Натальля, ці ведаюць Марфа, Андрэй, Леанід і Тацяна пра ўзнагароду? І наколькі гэта важна для вязьняў, для «Вясны», для ўсёй вашай працы?
— Мы паведамлялі ім у лістах, але ня ведаем, ці дайшлі, яны ўсе ў інфармацыйнай блякадзе. Марфа ў зьняволеньні зь верасьня, я напісала ёй каля сотні лістоў, і, наколькі ведаю, ніводзін да яе не дайшоў, і я ніводнага ліста ад яе не атрымала. Гэта робіцца спэцыяльна. Былі праблемы зь ліставаньнем нават зь яе мужам і бацькамі. Гэта адна з формаў ціску на вязьняў, на жаль.
Яны дакладна даведаюцца пра гэтую сусьветную прэмію. Вялікі гонар яе атрымаць. Гэта падтрымка для зьняволеных, для маіх калегаў, для ўсёй «Вясны» і для ўсяго беларускага грамадзтва. І прысутнасьць мэра Прагі на ўручэньні — таксама знак павагі. Як ён сказаў, што Прага — вольны горад, і яны падтрымліваюць барацьбу за свабоду і дэмакратыю. І мы за гэта ім вельмі ўдзячныя. Я вельмі чакаю таго дня, калі ўжывую раскажу Тацяне, Марфе, Леаніду, Андрэю, як гэта адбывалася.
Калі ў жніўні мы даведаліся пра катаваньні, прадстаўнікі Чэхіі былі першымі, хто зьвярнуўся да нас з прапановай дапамогі і рэабілітацыі. Было бачна, што ў іх ёсьць і вопыт такой працы, і канкрэтныя прапановы. І гэта была вельмі эфэктыўная праца, за якую я хачу падзякаваць прадстаўнікам Чэхіі, якія гэта зрабілі. Хачу адзначыць, што ў Чэхіі вельмі моцная беларуская дыяспара.
«Агулам быць чалавекам у Беларусі — небясьпечна і складана»
— Быць праваабаронцам у Беларусі — напэўна, адзін з самых небясьпечных заняткаў, з аднаго боку, і адзін з самых годных — з другога. Маглі б вы апісаць умовы, у якіх вам даводзіцца працаваць апошні год?
— Вельмі напружаная праца ў нас пачалася год таму, калі абвясьцілі пачатак выбарчай кампаніі і адразу пачаліся рэпрэсіі і затрыманьні. Мы сачылі за гэтым у рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» разам зь Беларускім Хэльсынскім камітэтам. І раней праца не была простая. Агулам быць чалавекам у Беларусі — небясьпечна і складана. Любая спроба рэалізаваць свае правы, выказаць сваё меркаваньне ў любой форме (нават калі гэта парасон і шкарпэткі ў бел-чырвона-белых колерах) адразу адсочваецца дзяржавай і рэпрэсуецца — вялізарныя штрафы, зьняволеньне ў ІЧУ. Нядаўна выйшла Наста Перавозчыкава, якая правяла 105 сутак за кратамі. Гэта проста катаваньні, нечалавечыя ўмовы, і тэрмін параўнальны з тэрмінам за крымінальнае злачынства. Фармальна яна атрымала зьняволеньне за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, а фактычна за тое, што чалавек мае гонар, сьмеласьць пратэставаць і выказваць сваю нязгоду.
Наша праца дзень за днём станавілася больш небясьпечнай і складанай. Калі ў верасьні затрымалі Марфу Рабкову, гэта была спроба ўлады спыніць валянтэрскую дапамогу як «Вясьне», так і агулам, таму што была затрыманая каардынатарка валянтэрскай службы. Потым затрымалі Андрэя, Леаніда і Тацяну. Леанід Судаленка — выбітны юрыст і праваабаронца, знакаміты і вядомы на ўвесь праваабарончы сьвет. І затрымаць такога чалавека па такім абвінавачаньні? Склад ягонага злачынства — праваабарончая дапамога людзям. Улады кусаюць сябе за хвост, спрабуючы зрабіць усё магчымае, каб спыніць пратэсты і актыўнасьць людзей, спыніць дапамогу ад праваабаронцаў, спыніць працу праваабарончых арганізацый.
— Вы гаворыце пра валянтэрскую дапамогу праваабаронцам. Наколькі яна вялікая?
— «Вясна» сёлета адзначыла 25-годзьдзе. Заўсёды, на ўсім шляху гэта была праваабарончая арганізацыя зь вялікай колькасьцю валянтэраў і валянтэрак. Інфармацыя пра парушэньні правоў чалавека, якую мы сабралі, маніторынг судоў, праца са зваротамі людзей, дапамога людзям — усё было б немагчыма без дапамогі валянтэраў. Гэта тысячы людзей, якія нам дапамагалі. Гэта велічэзная праца.
На жаль, з прычынаў бясьпекі мы ня можам цяпер расказаць, што мы і што валянтэры і валянтэркі робім. Мы ня можам назваць па імёнах кожнага і кожную, хто нам дапамагае. Але гэтая інфармацыя, я спадзяюся, будзе апублічаная ў свой час, і мы зможам сказаць публічна дзякуй усім людзям, якія нам дапамагалі.
«Вясна» — вялікая арганізацыя, але не настолькі, калі такія маштабы рэпрэсій у Беларусі. Мы рыхтаваліся, мы ведалі, што ў выбарчы год будзе шмат рэпрэсій, але ўявіць сабе такое ня мог ніхто. Нават беларускія ўлады не маглі ўявіць ані маштаб пратэстаў, ані маштаб рэпрэсій. І ў гэтай велічэзнай працы па распаўсюду інфармацыі вялізарная роля журналістаў і журналістак, як тых, хто працуе зь «Вясной», так і зь незалежных СМІ.
Якія крытэры для прызнаньня палітвязьнем
— Маглі б вы патлумачыць працэдуру прызнаньня палітвязьнем? Палітычна матываваных арыштаў дзясяткі тысяч, а палітвязьняў значна менш. Што дае прызнаньне палітвязьнем і для каго важны гэты статус насамрэч?
— Калі чалавек адбывае адміністрацыйны арышт за ўдзел у акцыі, то, безумоўна, ён падпадае пад крытэр палітычнага зьняволенага. А паколькі такіх людзей тысячы, то проста працэдурна немагчыма прызнаваць іх палітычнымі зьняволенымі. Адна з галоўных мэтаў прызнаньня чалавека палітвязьнем — патрабаваньне яго хутчэйшага вызваленьня. А калі чалавек атрымлівае 15 сутак, то, пакуль праваабарончая супольнасьць яго прызнае палітвязьнем, фармальна ён ужо выйдзе на свабоду. І фактычна гэта ня мае сэнсу і ўплыву. Але ўсе тыя, хто адбываў арышт, на 100% адпавядаюць вызначэньню палітычных зьняволеных.
Трошкі больш складаная сытуацыя з тымі, хто сутыкаецца з крымінальным перасьледам. «Вясна» зьбірае ў адну табліцу інфармацыю пра ўсе вядомыя кейсы крымінальнага перасьледу, зьвязанага з выбарамі. І там больш за 1100 асобаў. Увесь гэты перасьлед палітычна матываваны. Справа ў тым, што палітычным вязьнем праваабарончая супольнасьць можа назваць чалавека толькі пры выкананьні дакладных умоваў. Былі распрацаваныя прынцыпы прызнаньня палітвязьнем, і ўся каштоўнасьць гэтага працэсу менавіта ў тым, што ёсьць дакладныя прынцыпы, і калі сытуацыя чалавека ім адпавядае, то чалавек прызнаецца палітычным вязьнем.
Адно з галоўных патрабаваньняў — мірныя дзеяньні ў абарону ці пры рэалізацыі сваіх правоў. Калі мы сутыкаемся з выпадкамі, што чалавеку інкрымінуюць розныя варыянты гвалту, нам трэба даведацца ўсе дэталі. На жаль, цяпер у Беларусі гэта немагчыма зрабіць да суду, таму што чалавек часам ня можа расказаць, адвакаты звычайна знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошваньні. Часам і суды бываюць закрытымі.
Трэба ведаць матэрыялы справы, што інкрымінуе абвінаваўца, якая пазыцыя суду, які вырак суду, наколькі ён адэкватны і прапарцыйны зьдзейсьненаму, а таксама пазыцыю чалавека. Бо людзі бываюць розныя, дзеяньні ў іх розныя і матывы розныя. Калі чалавек кажа, што зрывае балаклаву з амапаўца, таму што такім чынам пратэстуе і хоча бачыць таго, хто яго затрымлівае, хто парушае ягоныя правы, то гэта адна справа. Другая справа, калі чалавек кажа, што хацеў яго ўдарыць, таму што ён міліцыянт. Гэта ўсё ацэньваецца праваабарончай супольнасьцю ў комплексе.
На жаль, гэты працэс не такі хуткі і не такі просты, бо кожны выпадак разглядаецца індывідуальна групай экспэртаў, і гэта вялікая юрыдычная праца, бо трэба шмат аналізаваць. Ёсьць кейсы больш простыя, калі мы сутыкаемся з абвінавачаньнем па артыкулах за масавыя беспарадкі ці за дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (293 і 342 артыкулы).
Мы лічым, што масавых беспарадкаў і дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, у Беларусі не было. У Беларусі са жніўня адбываліся мірныя сходы, на некаторых зь іх прысутнічаў элемэнт гвалту таксама і з боку ўдзельнікаў, ня толькі праваахоўных органаў. Але праз гэта ўвесь сход не становіцца гвалтоўным, ён застаецца мірным, там проста ёсьць людзі, якія выкарыстоўваюць элемэнты гвалту. Таксама аналізуецца, які гвалт яны выкарыстоўвалі і чаму — гэта можа быць неабходная самаабарона, тады чалавек падпадае пад крытэры палітвязьня. Калі гаворка ідзе пра гэтыя два артыкулы, звычайна ў нас ёсьць магчымасьць адразу, калі мы даведаліся пра абвінавачаньне, прызнаць чалавека палітычным зьняволеным. Ва ўсіх астатніх выпадках трэба аналізаваць інфармацыю, якую я вышэй пералічыла. Часам для канчатковай высновы патрэбны нават судовы прысуд, каб юрысты маглі яго паглядзець.
«Мы можам назваць усіх і адразу палітычнымі зьняволенымі, але гэта не прывядзе да таго выніку, які мы хочам»
— Цяпер шмат абмяркоўваецца сытуацыя з Палінай Шарэндай-Панасюк...
— Ёй выставілі абвінавачваньне па 364 артыкуле (гвалт, пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі). Мы ня ведаем, што там дакладна адбывалася, і мы ня ведаем дакладна пазыцыю самой Паліны. Давайце размаўляць шчыра. Ёсьць правілы прызнаньня, ёсьць працэдура, і калі мы пачнём рабіць нейкія выключэньні, то якая будзе цана нашым ацэнкам? Ацэнка прызнаньня палітвязьнямі, якая даецца беларускай праваабарончай супольнасьцю, мае сваю цану да таго моманту, пакуль мы выконваем правілы. Інакш мы можам назваць усіх і адразу палітычнымі зьняволенымі, але гэта не прывядзе да таго выніку, які мы хочам.
Звычайна, калі чалавека называюць палітычным зьняволеным, адразу ідзе патрабаваньне яго вызваліць і, у некаторых выпадках, — перагледзець прысуд. Колькасьць палітвязьняў у Беларусі адлюстроўвае сытуацыю з правамі чалавека. Можна паглядзець сусьветныя тэндэнцыі, што ў дэмакратычных краінах такі панятак, як палітвязень, адсутнічае. Гэта маркер, знак таго, што ў краіне сытуацыя з правамі чалавека вельмі дрэнная.
«Чакаю моманту, калі беларускае грамадзтва будзе дзейнічаць ня з помстай, а будзе паважаць правы ўсіх людзей, нават тых, каго вельмі хочацца пакараць»
— Як вы прыйшлі ў праваабарончую дзейнасьць?
— Я прыйшла ў праваабарончую дзейнасьць празь летнія школы па правах чалавека. Лічу іх унікальнай і вельмі карыснай зьявай. Шмат цудоўных людзей празь іх прайшло. Шэсьць гадоў таму я трапіла на такую школу, вельмі захапілася ідэяй правоў чалавека, пачала валянтэрыць у «Вясьне». І быў вельмі натуральны працэс, калі тры гады таму я далучылася да каманды менскага офісу «Вясны», і цяпер працую ў грамадзкай прыёмнай, дзе мы дапамагаем людзям у выпадках парушэньня правоў чалавека.
Цяпер гэта вельмі маштабны працэс — шмат парушэньняў, мы шукаем розныя магчымасьці для дапамогі, нягледзячы на тое, што з кожным днём гэта ўсё больш складана рабіць. Не абмінулі мяне і вобшукі. 16 лютага па ўсёй Беларусі яны прайшлі, былі і ў мяне дома таксама. Канфіскавалі грошы, тэхніку, мабільны тэлефон маёй маці, дыплёмы з маіх праваабарончых школаў і курсаў.
Канечне, гэта складана, але я веру ў канцэпцыю правоў чалавека, лічу яе вельмі грунтоўнай і вельмі базіснай. У Беларусі са жніўня тысячы людзей пачалі карыстацца сваімі правамі, яны пабачылі і адчулі, што гэта такое — правы чалавека, і што бывае, калі яны парушаюцца. І гэтая гісторыя з катаваньнямі ў Беларусі... Свабода ад катаваньняў — гэта абсалютнае права. Яно ня можа быць парушана ніколі. У адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі нікога ніколі нельга катаваць. Я думаю, што людзі зразумелі, што сыстэма правоў чалавека амаль адзіная можа іх абараніць у такіх выпадках. І трэба рабіць усё магчымае, каб гэтая сыстэма запрацавала ў Беларусі.
— На якім судовым працэсе вы хацелі б стаць сьведкам? Ці дакумэнты да яго падрыхтаваць?
— Асабіста, можа, і не. Дакумэнты, справаздачы, агляды, якія рыхтуюць праваабаронцы, знаходзяцца ў адкрытым доступе, і імі могуць усе карыстацца. Я вельмі чакаю, калі ў Беларусі будзе рэальна забясьпечвацца права на справядлівы суд. І гэта ў тым ліку ўключае ў сябе прэзумпцыю невінаватасьці і інстытут незалежных судзьдзяў. І тыя людзі, якія цяпер у Беларусі зьдзяйсьняюць злачынствы, якія катавалі людзей, якія датычныя да сьмерці людзей, судзьдзі, які выносілі неправасудныя рашэньні, усе яны павінны паўстаць перад судом.
І гэты суд таксама павінен быць незалежным, справядлівым, з выкананьнем усіх умоваў. Я чакаю моманту, калі беларускае грамадзтва будзе дзейнічаць ня з помстай, а будзе паважаць правы ўсіх людзей, нават тых, каго вельмі хочацца пакараць, і права на справядлівы суд будзе забясьпечвацца ў адносінах да ўсіх.