Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцыбіскуп Кандрусевіч: «Перад абліччам будслаўскай трагедыі перапросім Бога за грахі нашага народу»


Тадэвуш Кандрусевіч падчас службы, архіўнае фота
Тадэвуш Кандрусевіч падчас службы, архіўнае фота

11 траўня біскупы былі апошнімі, каму пажарнікі дазволілі ненадоўга ўвайсці ў сьвятыню, якую некалькі гадзін ратавалі ад моцнага пажару.

Будслаў наведалі старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Алег Буткевіч, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскупы Казімір Велікаселец, Юры Касабуцкі і Аляксандар Яшэўскі, паведамляе Catholic.by.

«Раніцай даведаўся і быў у шоку. Мы адразу зь біскупамі рушылі ў Будслаў. Пад’яжджаем да месца, зь якога адкрываецца від на касьцёл, і бачым, што даху ўжо няма, а над сьвятыняй падымаецца дым. Унутры сапраўднае возера. Я быў там. Дымка, вада...» — падзяліўся ўбачаным Тадэвуш Кандрусевіч.

Па словах арцыбіскупа, гэта вельмі вялікая трагедыя як для Каталіцкай царквы, так і для Беларусі, бо нацыянальны санктуарый у Будславе зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, а Будслаўскі фэст унесены UNESCO ў сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

«Бог прамаўляе да нас праз розныя падзеі, праз свае знакі. Сёньня наша краіна знаходзіцца ў вельмі вялікім крызісе. Ня толькі грамадзка-палітычным, а і маральным. Гэтае сумнае здарэньне — заклік Бога да таго, каб мы асэнсавалі сваё жыцьцё з пункту гледжаньня маральнага закону, духу Эвангельля, і стараліся ўпарадкаваць сваё жыцьцё праз малітву, пакаяньне, прабачэньне і імкненьне да міру ў нашым грамадзтве», — заявіў герарх.

«Калі згарэў Нотр-Дам у Парыжы, Францыя стала на калені. Перад абліччам будслаўскай трагедыі станем і мы на калені, перапросім Бога за нашыя асабістыя грахі і грахі нашага народу, паяднаемся адзін з адным. Мы розныя, але мы — адзін беларускі народ», — заявіў арцыбіскуп.

На яго перакананьне, адбудова санктуарыя і яго рэстаўрацыя мусяць стаць супольнай справай. Маці Божая Будслаўская заслугоўвае мець годнае месца, дзе беларускі народ і далей будзе яе ўшаноўваць, адзначыў ён.

Распачаты збор сродкаў на аднаўленьне пашкоджанай пажарам сьвятыні.
Ахвяраваньні праз сыстэму разьлікаў АРІП можна пералічыць на банкаўскі рахунак Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Менска-Магілёўскай Архідыяцэзіі. Падрабязнасьці па спасылцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG