У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, на 10 траўня захварэлі больш як 369 тысячы чалавекі, памерлі — 2 632, а больш як 359 тысячы паправіліся і выпісаліся.
Незалежныя экспэрты ставяць пад сумнеў афіцыйную статыстыку ў Беларусі і лічаць, што колькасьць як хворых, гэтак і памерлых істотна заніжаная.
За апошнія 34 дні Мінздароўя Беларусі 32 разы паведамляла пра дзесяць сьмерцяў ад COVID-19 за суткі.
Адным сказам
- У Беларусь чакаюцца пастаўкі вакцыны ад Pfizer і BioNTech
- У Індыі ў нядзелю абвешчана, што за адны папярэднія суткі ў краіне зарэгістравана больш за 400 тысяч выпадкаў інфікаваньня каранавірусам, а 4 тысячы чалавек у краіне памерлі — ад прычын, выкліканым заражэньнем каранавірусам.
- У сытуацыі з каранавірусам у ЗША наступае пералом, і органы здароўя засяродзіліся на тым, каб вакцынаваць больш амэрыканцаў, заявіў у нядзелю каардынатар Белага дому ў барацьбе з COVID-19 Джэф Заенц.
- У Белым доме анансавалі новую праграму ў 28 мільярдаў даляраў па аказаньні дапамогі рэстаранам і закусачным, на працу якіх паўплывала пандэмія.
- Брытанскі прынц Гары і ягоная жонка Мэган Маркл абвясьцілі пра кампанію па зборы сродкаў на вакцынацыю ад каранавірусу для бедных.
- Францыя ўпершыню за доўгія тыдні зьняла абмежаваньні на перамяшчэньне: да гэтага жыхары краіны павінны былі заставацца ў радыюсе 10 кілямэтраў ад сваіх дамоў, калі гаворка не ішла пра неабходныя паездкі.
САЗ ухваліла шостую вакцыну ад COVID-19. І гэта зноў ня «Спутник V»
Sinopharm стала шостай ухваленай вакцынай ад каранавірусу, які выклікае COVID-19.
Сусьветная арганізацыя здароўя ўхваліла кітайскую вакцыну Sinopharm для выкарыстаньня ў надзвычайных сытуацыях.
Гэта першая ўхваленая САЗ вакцына, якую распрацавалі не ў Эўропе ці ЗША. Яна адрозьніваецца паводле сваёй схемы дзеяньня ад раней ухваленых вакцын. Гэта інактываваная прышчэпка, яна дастаўляе ў арганізм вырашчаныя ў лябараторыі фрагмэнты «забітага» каранавірусу.
Паводле распрацоўніка, эфэктыўнасьць вакцыны — 79%. Аднак у навуковай супольнасьці Эўропы і ЗША былі пытаньні да празрыстасьці выпрабаваньняў. Гэта не зашкодзіла ўхваліць яе выкарыстаньне ў 80 краінах сьвету, у тым ліку ва Ўкраіне і Грузіі.
Кітай плянуе прышчапіць 40 адсоткаў свайго насельніцтва да канца чэрвеня. Але цяпер у краіне нестае вакцын, піша The New York Times. Улады пастаўляюць іх іншым краінам, каб узмацніць свае сувязі ў сьвеце.
Раней САЗ ухваліла вакцыны:
• Pfizer/BioNTech,
• Astrazeneca-SK Bio,
• Serum Institute of India
• Janssen
• Moderna
Расейская вакцына «Спутник V», якой прышчапляюць у Беларусі, пакуль не атрымала ўхваленьня САЗ.