У Маскве на Краснай плошчы прайшоў ваенны парад. На ім прысутнічалі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і замежны госьць — прэзыдэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон. Парады прайшлі таксама ў шэрагу іншых гарадоў Расеі. Іх арганізавалі таксама сэпаратысты ў Данецку і Луганску, якіх падтрымлівае Расея.
На парадзе ў Маскве прысутнічалі вэтэраны. Мяркуючы па кадрах трансьляцыі, масак для засьцярогі ад каранавіруснай інфэкцыі практычна ніхто не надзеў.
У сваім выступе Пуцін не згадаў пра саюзьнікаў СССР па антыгітлераўскай кааліцыі.
«Мы заўсёды будзем памятаць, што гэты велічны подзьвіг зьдзейсьніў менавіта савецкі народ. У самы цяжкі час вайны, у вырашальных бітвах, якія вызначылі зыход барацьбы з фашызмам, наш народ быў адзін», — заявіў Пуцін.
Як было насамрэч
- Вялікая Брытанія вяла вайну зь Нямеччынай з 3 верасьня 1939 года і не выходзіла зь яе да самай перамогі.
- ЗША ўступілі ў вайну ў сьнежні 1941 года.
- Да высадкі ў Нармандыі ў 1944 году саюзьнікі СССР ваявалі зь Нямеччынай і яе саюзьнікамі на іншых франтах, на моры і ў паветры, а таксама ажыцьцяўлялі буйныя пастаўкі ўзбраеньня, харчаваньня і абсталяваньня ў Савецкі Саюз.
Раней Уладзімір Пуцін у сваіх выступах на парадах, як правіла, згадваў пра ўклад саюзьнікаў, а часам і называў канкрэтныя краіны.
«Няма дараваньня тым, хто зноў будуе агрэсіўныя пляны», — сказаў Пуцін, згадаўшы пра «зборышчы недабітых карнікаў» і тых, хто «апантаны ідэяй выключнасьці» у замежных краінах. Канкрэтныя краіны, якія ён мае на ўвазе, Пуцін не назваў.
- Дакладная колькасьць ахвяр Другой сусьветнай вайны — грамадзян Савецкага Саюза па-ранейшаму невядомая. Па сучасных ацэнках, гаворка ідзе прыкладна аб 27 мільёнах чалавек, з іх каля 12 мільёнаў вайскоўцаў.
- У Дзярждуму РФ напярэдадні Дня Перамогі быў унесены законапраект, які забараняе адмаўляць вырашальную ролю Савецкага Саюзу ў перамозе над нацысцкай Нямеччынай у гады Другой сусьветнай вайны. Дакумэнт таксама прадугледжвае забарону на ўраўноўваньне савецкага і нацысцкага рэжымаў у гэты гістарычны пэрыяд.
- Адначасова на разглядзе парлямэнта знаходзіцца законапраект, які прапануе адмяніць асуджэньне так званага пакта Молатава — Рыбэнтропа, дакумэнта, які ў гістарыяграфіі разглядаецца як адна з асноўных прычын, якія дазволілі нацысцкай Нямеччыне пачаць баявыя дзеяньні супраць Польшчы ў 1939 годзе.