Ня п’е і не ўжывае наркотыкі 6 год
Натальлі 44 гады. Рухавая міміка, сьціплая ўсьмешка і незвычайна чырвоныя рукі зьвяртаюць на сябе ўвагу. У яе дзьве адукацыі — мэдсястры і маляра. Яна марыла дапамагаць людзям.
Наркотыкамі пачала калоцца яшчэ ў школе. Потым ня здолела доўга працаваць у рэанімацыі побач са спакусай — моцнымі лекавымі сродкамі. Перайшла ў будаўніцтва. Пасьля — адседзела 7 гадоў зь перапынкамі за ўжываньне наркотыкаў.
Мы пра яе ўжо пісалі, калі яна толькі вызвалілася.
У апошняй рэчыцкай калёніі Натальля пачала маляваць у мастацкім гуртку пад кіраўніцтвам Натальлі Дземідовіч. У калёніі засталіся 10 працаў гарадзенкі.
Паўтара года таму Натальля выйшла на волю. Яна дагэтуль носіць чорны швэдар і чорныя штаны — ці не адзіную дазволеную форму вязьняў. Ня п’е і не ўжывае наркотыкі 6 год. Па-добраму жартуе са зьняволеньня і сваіх недахопаў, разважае пра «маляваньне паветра» і слухае лекцыі па мастацтве. Чытаць няма калі — шмат працуе.
На волі Натальля ўладкавалася прыбіральшчыцай у гандлёвым цэнтры. Потым знайшла працу палявода ў калгасе паблізу дома. Працуе па 12 гадзін у дзень амаль без выходных. На працу ня скардзіцца, хоць разумее, што ўсё жыцьцё так гараваць ня здолее. У калектыве яе прынялі добра, нягледзячы на «вялікі паслужны сьпіс».
Дома Натальля робіць рамонты. П’е вітаміны, паправіла здароўе. Апошнія паўтара года ў калёніі яна працавала па начах і недасыпала.
Пачала мяняць да лепшага жыцьцё сваё і блізкіх
Пра тое, што за чатыры гадзіны паміж працай і сном Натальля пасьпявае ня толькі займацца домам, але і маляваць, ведаюць нямногія. Першымі бачаць ейную творчасьць жаніх Сяргей і маці Тамара Іванаўна. Сяргея Натальля некалі запрасіла ў свой вясковы дом пажыць, бо ён застаўся без жытла.
«Я ня ведаю, як гэта атрымалася, але ён цалкам адмовіўся ад алькаголю. Ня п’е ўжо год», — суразмоўца сама дзівіцца, як усё наладжваецца ў ейным жыцьці і вакол яе.
Сяргей усталяваў дома сілоўню, займаецца спортам. Упершыню пасадзіў 2 чарэшні. Натальлі набыў ейны першы мальбэрт, робіць рамкі для карцін. Ён жа першы ацэншчык працаў. Дапамагае ёй рабіць праўкі, бо мае добры вакамер, працуе будаўніком.
Маці Тамара Іванаўна падарыла новы набор пастэлі.
«Мама бачыць агульны фон і проста кажа: „Нешта мне ня вельмі падабаецца“. Значыць, я тады пайшла далей працаваць», — усьміхаецца на крытыку Натальля.
Каб пасьпяваць, яна бярэцца адразу за некалькі карцін.
«Чаму нам не цікавіцца сваёй культурай, якую ў сьвеце ведаюць?»
Цяпер гатовыя 12 працаў, напісаныя на волі. Гэта копіі вядомых твораў. Што маляваць, жанчына выбірае сама. Выкладчыца кажа, што ў яе добры густ.
Адны з самых складаных твораў у калекцыі Натальлі — карціны Лявона Бакста «Жар-птушка» і «Бакханка». Бакста абрала, бо ён гарадзенец.
«Я шукала іншых беларускіх мастакоў. Шагал і Малевіч вядомыя, але нашае мастацтва імі не заканчваецца. Ёсьць менш вядомыя, але ня менш таленавітыя. Чаму нам не цікавіцца сваёй культурай, якую ўсе ведаюць у сьвеце, а мы — не?» — разважае жанчына.
Яна плянуе ў будучыні заняцца творамі беларусаў Файбіш-Шрагі Царфіна, Восіпа Любіча і паўтарыць «Еву» Хаіма Суціна.
На пэйзажах Рэрыха Натальля спынілася праз сакавітыя колеры.
«Лэдзі Гадзіву» польскага мастака Войцеха Косака Натальля паўтарыла дзеля асобы гераіні. Паводле легенды, жонка графа праехала аголенай на кані праз ангельскі горад Ковэнтры, каб муж зьнізіў падаткі жыхарам. Удзячныя людзі зачынілі вокны, каб ня бачыць ейнага сораму.
«Гэтая праца стаяла ў мяне на выхадзе з пакою. Я цыбульку ў суп закінула, пайшла назад — памалявала. Іду ў краму, раз — памалявала. Калі я толькі малюю, то побыт закідваю», — дзеліцца сакрэтам мастачка.
У пэрыяд, калі малявала «Танга», Натальля моцна сварылася зь Сяргеем.
«Маляваць я тады не магла. Вазьму крэйду, думаць ні пра што не магу», — кажа яна пра ступар у творчасьці.
Вырашыць канфлікт дапамагла псыхоляг з наркалёгіі. Дзякуючы ёй жанчына і з адносінамі разабралася, і лёгка скончыла карціну.
«Рэнуар, Пісаро і Сіслэй вывелі малюнак на вуліцу. Гэта майстры, якія паказалі, як маляваць паветра, „маляваць нішто“», — расказвае Натальля.
«Калі я ўзялася за Сіслэя, Сяргей задумліва ў мяне запытаўся: «Як ты плянуеш за месяц намаляваць 200 штыкецін?» — «То бок ты лічыш, што ўсё астатняе не ўяўляе для мяне вялікай цяжкасьці?» — сьмяецца зь сябе Натальля.
«У мяне ёсьць гордасьць. Мне зь ёю цяжка»
«Мост уздыхаў» Урубеля стаў для Натальлі сымбалічным. Праз гэты мост у Вэнэцыі некалі вялі вязьняў на сьмяротнае пакараньне.
«Гэта апошні мост, які яны праходзілі... Я з турмы перасялілася ў добры для сябе час», — параўноўвае суразмоўца.
Яшчэ адзін твор, блізкі Натальлі, — «Арахна» Гізіса. Ён паказвае ткачыху, якую багіня Афіна ператварыла ў павука празь ейную гордасьць.
«У мяне самой ёсьць гордасьць. Я б хацела ад гэтага пазбавіцца. Мне зь ёю цяжка», — прызнаецца Натальля.
«Арахна» не ішла некалькі месяцаў.
«Усё кепска, кепска, кепска. Выкладчыца мне яе назад, назад. Я вырашыла, што тады зусім яе дарабляць ня буду», — успамінае жанчына.
Калі яна ўжо была гатовая здацца, карціна пачала атрымлівацца.
З гумарам жанчына расказвае, як нялёгка ёй даваліся іншыя працы.
Часам мастачка спрабуе абхітрыць сваю выкладчыцу. Калі карціна амаль гатовая, каб нічога не дарабляць, Натальля ставіць яе ў раму і кажа: «Я ўсё зрабіла».
«Я страшэнна злавала на ўсіх рамесьнікаў, якія прыдумалі сшыць для Махі камбінэзон. А гішпанскіх майстроў — каб яны спрахлі — прыдумаць гэткую адзежу! То бок у простай адзежы нельга?!» — жартам злуецца яна на сваіх папярэднікаў.
«Мяне ня надта хочуць там бачыць»
Натальля марыць пра выставу сваіх карцін у калёніі — «для дзяўчат», каб яны таксама захапіліся маляваньнем.
«Жаданьне — тысяча магчымасьцяў. Нежаданьне — тысяча прычын. Калі я выйшла, у мяне нічога не было. Я купіла аловак і нататнік і малявала, бо хацела», — успамінае суразмоўца.
Выстава пакуль пад пытаньнем, бо цяпер Натальля ня мае дачыненьня да месцаў зьняволеньня.
«Мяне ня надта хочуць там бачыць... „Мы сумняемся, дзе яна, што яна. Можа, яна ўся няправільная?“ Магчыма, я вяду антыграмадзкі лад жыцьця. У мяне 5 судзімасьцяў», — пераказвае пазыцыю калёніі суразмоўца.
Сама яна мяркуе, што лад жыцьця ўжо зьмяніла і «будуе цяпер сваё жыцьцё па цаглінках».
Натальля мусіць прадставіць у калёнію даведку, што яна не ўжывае алькаголь і наркотыкі. У шпіталі, дзе Натальля дагэтуль здае аналізы і адзначаецца штомесяц, зьдзівіліся такому запыту — раней ніхто падобнага не прасіў. Аднак даведку выдаць гатовыя.
«Сяргей жартуе: „Зрабі злачынства — сядзеш, а карціны я табе вышлю“. Я ж мару туды трапіць з выставай, а ня з шостай судзімасьцю. Пяць хопіць», — сьмяецца мастачка.
«Ня хочацца верыць, што мы тут боўтаемся бескарысна»
— Вы плянуеце зарабляць на карцінах?
— Не.
— А калі людзі захочуць купіць?
— Тады прадам.
— Навошта вам цяпер маляваньне?
— Каб змагацца са сваім эгацэнтрызмам, які зашкальвае. Малюнак дае мне права на цьвярозае жыцьцё. Не такое, што тупа «Аднаклясьнікі» або тупа тэлевізар, дыхаць, пяр**ець, есьці бязь меры і ср*ць бяз памяці. Але — напоўніць сваё жыцьцё якасьцю, каб яно было асэнсаваным. Ня хочацца верыць, што мы тут боўтаемся бескарысна.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.