Камітэт абароны журналістаў (CPJ) 4 траўня асудзіў прыняты беларускім парлямэнтам набор паправак у заканадаўства, якія могуць сур’ёзна абмежаваць свабоду прэсы ў краіне.
21 красавіка Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняў папраўкі да Закону аб СМІ і да Закону аб масавых мерапрыемствах, якія былі прыняты палатай прадстаўнікоў 16 красавіка.
Папраўкі ўключаюць забарону на асьвятленьне несанкцыянаваных акцый пратэсту, абмежаваньні на стварэньне сродкаў масавай інфармацыі і іншыя захады ў абмежаваньні свабоды прэсы.
Каб уступіць у сілу, папраўкі мусяць быць ухваленыя Канстытуцыйным судом, а затым іх мусіць падпісаць Аляксандар Лукашэнка. Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў паведаміў, што працэс прыняцьця паправак быў вельмі непразрысты і што на сёньня пакуль няясна, ці законапраекты ўжо прайшлі стадыю ўхваленьня судом і Лукашэнкам.
«Калі гэтыя папраўкі будуць прыняты, умовы працы сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі значна пагоршацца, і беларускім і замежным СМІ стане больш складана працаваць у краіне», — сказаў Агееў CPJ.
CPJ накіраваў праз электронную пошту допіс Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь і зьвярнуўся па камэнтар у офіс Лукашэнкі празь яго афіцыйны сайт, але адказаў не атрымаў.