Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Савет Рэспублікі прагаласаваў за «рэпрэсіўныя» законапраекты менш як праз тыдзень пасьля іх ухваленьня Палатай прадстаўнікоў

Савет Рэспублікі прагаласаваў за «рэпрэсіўныя» законапраекты менш як праз тыдзень пасьля іх ухваленьня Палатай прадстаўнікоў

абноўлена

У зале пасяджэнняў Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Архіўнае фота.
У зале пасяджэнняў Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Архіўнае фота.

Агулам Савет Рэспублікі плянуе разглядзець за 21 красавіка 13 розных законапраектаў. Пасьля ўхваленьня законапраектаў іх мае падпісаць Лукашэнка, і тады яны ўступяць у сілу.

Законапраект аб недапушчэньні рэабілітацыі нацызму як інструмэнт у гібрыднай вайне

Першым ухвалілі законапраект аб недапушчэньні рэабілітацыі нацызму. Палата прадстаўнікоў ухваліла ў другім чытаньні шэраг «рэпрэсіўных» законапраектаў 16 красавіка.

Законапраект аб недапушчэньні рэабілітацыі нацызму, паводле генэральнага пракурора Андрэя Шведа, — складнік «комплексу захадаў», каб карэнным чынам спыніць гэтыя «праявы», інфармуе БелТА.

«Трэба разумець, што ў цяперашняй сытуацыі праява нацызму — гэта элемэнт той вайны, якая вядзецца з Рэспублікай Беларусь. Яе называюць гібрыдная, інфармацыйная, але асноўная мэта — захоп улады, зьнішчэньне незалежнай Беларусі», — сказаў Швед.

Таксама пракурор, па яго словах, са жніўня назірае «радыкалізацыю», якія нібыта зыходзіць ад «нэанацысцкіх арганізацый». Закон. згодна зь яго словамІ, прымалі з улікам міжнароднага досьведу.

На думку Андрэя Шведа, Савет Рэспублікі 21 красавіка зацьвердзіў захады прафіляктычнага, папераджальнага і карнага характару. Гэта значыць, што закон не закліканы ў першую чаргу караць, найперш на мэце стаіць прафіляктыка, і толькі калі захады ўжо рабілі, тады і варта вырашаць пытаньне аб адказнасьці такіх асобааў.

Супрацьдзейнічаць «рэабілітацыі нацызму», як раней пісала Свабода, згодна з дакумэнтам, будуць з дапамогай «патрыятычнага выхаваньня грамадзянаў», а гэта, на думку ўладаў:

  • фармаваньне ў грамадзтве нецярпімасьці да нацызму і яго рэабілітацыі;
  • распаўсюд адпаведнай інфармацыі, у тым ліку ў інтэрнэце;
  • услаўленьне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне праз мастацтва, адукацыйныя і навуковыя праекты.

Раней за ўхваленьне законапраекту прагаласавала Палата прадстаўнікоў.

Крымінальная адказнасьць за рэабілітацыю нацызму зьявілася ў беларускім заканадаўстве 1 лютага 2020 году — тады набылі моц папраўкі ў артыкул 130 Крымінальнага кодэксу («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці, рэабілітацыя нацызму»). Санкцыя артыкулу прадугледжвае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Зьмяненьні ў закон аб масавых мерапрыемстваў «прадыктаваў час»

21 красавіка Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект «Аб зьмяненьні Закону „Аб масавых мерапрыемствах у Беларусі“».

Міністар унутраных спраў Іван Кубракоў заявіў, што зьмены прадыктаваныя «часам і практыкай прымяненьня». Новы закон скасаваў апавяшчальны прынцып, Цяпер у абавязковым парадку мусіць быць заяўка на мерапрыемства.

«Другая палова 2020 году паказала, што асобныя грамадзяне Беларусі, а менавіта дэструктыўна настроеныя сілы, выкарыстоўвалі гэтую норму для збору грамадзян. Потым у пэўны момант выводзілі людзей на вуліцы, у ходзе масавых беспарадкаў зьдзяйсьняліся злачынствы, у тым ліку цяжкія і асабліва цяжкія», — сказаў Кубракоў.

Закон аб «супрацьдзеяньні экстрэмізму» зьменены дзеля «тэрытарыяльнай цэласнасьці»

Навінкі ў законе, паводле генпракурора Шведа, «ідуць ад жыцьця, неабходнасьці абароны краіны, сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці».

Пералік «экстрэмісцкіх дзеяньняў» складаецца з 18 пунктаў, некаторыя зь якіх вынікаюць з сэнсу фармулёўкі экстрэмізму, а некаторыя выглядаюць нечакана.

Так, поруч з гвалтоўным захопам улады, стварэньнем узброеных фармаваньняў і тэрарыстычнай дзейнасьцю, экстрэмізмам палічылі:

  • распаўсюд хлусьлівых зьвестак пра розныя сфэры жыцьця Беларусі, прававы стан беларусаў, «якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь»;
  • абразу прадстаўніка ўлады,
  • дыскрэдытацыю органаў улады і кіраваньня;
  • перашкоду працы Цэнтарвыбаркаму ды іншых дзяржаўных органаў;
  • актыўны ўдзел у масавых беспарадках ці іх арганізацыю;
  • заклік на несанкцыянаваную масавую акцыю — ад мітынгу да пікету, а таксама ўцягненьне людзей ва ўдзел у іх;
  • публічнае апраўданьне такіх дзеяньняў, а тым больш заклік да іх;
  • фінансаваньне вышэйпазначаных дзеяньняў.

Экстрэмісцкай сымболікай могуць палічыць усё, што можна паказаць, прачытаць ці прасьпяваць для «экстрэмісцкай дзейнасьці». А партрэт экстрэміста — сам па сабе экстрэмізм.

Закон аб дзяржабароне судзьдзяў і службовых асобаў увялі з прычыны «пагрозаў»

Кіраўнік МУС Іван Кубракоў сказаў, што судзьдзям, міліцыянтам і іншым службовым асобам паступалі пагрозы ў канцы 2020 году і пачатку 2021-га.

Таксама пагражалі быццам і «проста асобам з грамадзянскай пазыцыяй» — настаўнікам, артыстам, журналістам. Таму ў законапраект унесьлі паняцьце, як «іншыя асобы, якія абараняюцца».

Закон «Аб СМІ» зьмянілі празь «нядобрасумленных калег»

Міністар інфармацыі Ўладзімер Пярцоў у звароце да Савету Рэспублікі, які ўхваліў і зьмяненьні ў закон «Аб СМІ», сказаў, што неабходнасьць карэктаваньня паўстала праз асобныя «прабелы», якімі нібыта карысталіся «нядобрасумленныя калегі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG