Пра тое, што зьмены ў закон «Аб СМІ» дэпутаты плянуюць прыняць на вясновай сэсіі, стала вядома на пачатку красавіка.
6 красавіка Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнулася ў Палату прадстаўнікоў з просьбай арганізаваць абмеркаваньне гэтых зьменаў. БАЖ прапанавала выслухаць думкі прадстаўнікоў СМІ, журналісцкіх арганізацый і мэдыяэкспэртаў.
16 красавіка Палата прадстаўнікоў прыняла зьмены ва ўсіх чытаньнях.
А 20 красавіка старшыня камісіі ў правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Генадзь Давыдзька даслаў адказ на зварот БАЖ. У ім ён напісаў, што абмеркаваньне «не ўяўляецца магчымым», бо папраўкі ўжо прынялі.
Новы законапраект аб СМІ: абмяжоўваць, пазбаўляць, прыцягваць да адказнасьці
Палата прадстаўнікоў 16 красавіка ўхваліла ў 2-м чытаньні законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях сродкаў масавай інфармацыі». Праект апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Як вынікае з дакумэнту, будуць пашыраныя абавязкі юрыдычных асобаў, якія зьяўляюцца рэдакцыямі СМІ, уладальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў. Да 5 гадоў павялічаны тэрмін забароны на права фізычным і юрыдычным асобам выступаць у якасьці заснавальніка СМІ пасьля таго, як яго выпуск спынены. Для ўладальнікаў інтэрнэт-выданьня такое абмежаваньне складзе 3 гады.
Сярод падставаў для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі або перарэгістрацыі называюцца наступныя:
- назва СМІ супадае або падобная да назвы выданьня, у дачыненьні да якога прынята рашэньне аб спыненьні выпуску;
- назва сеткавага выданьня не супадае з назвай дамэну інтэрнэт-рэсурсу;
- галоўны рэдактар ня мае права паводле закону займаць такую пасаду.
Таксама ў праекце дакумэнту пашыраны сьпіс падставаў для спыненьня выпуску СМІ:
- вынясеньне цягам году двух і больш пісьмовых папярэджаньняў;
- рашэньне міжведамаснай камісіі па бясьпецы ў інфармацыйнай сфэры аб наяўнасьці паведамленьняў або матэрыялаў, распаўсюд якіх можа прывесьці да ўзьнікненьня пагрозы нацыянальнай бясьпецы.
Зьявіліся новыя прычыны, на падставе якіх дзяржорганы могуць абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданьняў. Так, на рашэньне Міністэрства інфармацыі гэта дазволена ў наступных выпадках:
- публікацыя інфармацыі, забароненай да распаўсюду;
- вынясеньне ўладальніку інтэрнэт-рэсурсу цягам году двух і больш патрабаваньняў, а ўладальніку сеткавага выданьня — пісьмовых папярэджаньняў;
- невыкананьне ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу патрабаваньняў органа дзяржкіраваньня аб ліквідацыі парушэньняў заканадаўства аб СМІ або неперадача ў гэты орган пацьвярджальных дакумэнтаў;
- рашэньне міжведамаснай камісіі пра наяўнасьць на інтэрнэт-рэсурсе матэрыялаў, пашырэньне якіх пагражае нацыянальнай бясьпецы.
Прыняцьце закону «будзе спрыяць найбольш эфэктыўнаму забесьпячэньню інфармацыйнай бясьпекі дзяржавы і рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян на атрыманьне поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі», — сказала намесьніца старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія Ананіч, перадае БелТА.