Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве спрасьцілі пераезд беларускіх ІТ-кампаній і запрасілі закрыты ў Менску стартап-хаб Imaguru


Ланцуг салідарнасьці зь Беларусьсю ў Вільні
Ланцуг салідарнасьці зь Беларусьсю ў Вільні

Цяпер супрацоўнікі ІТ-кампаній, у прыватнасьці беларускіх, змогуць лягчэй атрымаць від на жыхарства ў Літве. Папраўкі ў закон улічваюць і іхныя сем'і.

Сойм Літвы 3 траўня зацьвердзіў папраўкі ў закон аб інвэстыцыях, занятасьці і прававым статусе іншаземцаў, паведамляе літоўскае выданьне «Verslo žinių». Гэтыя папраўкі таксама называюць «пакетам групавога перасяленьня». Яны мусяць спрыяць пераезду супрацоўнікаў беларускіх і іншых замежных кампаній у Літву пры пашырэньні бізнэсу.

Усе супрацоўнікі ІТ-кампаній, перадысьлякаваных у Літву, могуць падаваць заяву на атрыманьне віду на жыхарства. Рашэньне аб іх адпаведнасьці патрэбам рынку будзе прымаць сам інвэстар. Іх сямейнікі таксама змогуць атрымаць ВНЖ і права на працу ў Літве, незалежна ад кваліфікацыі. Новая пастанова будзе прымяняцца не да ўсіх замежных кампаніяў, а толькі да тых, хто інвэстуе ў краіну ня менш як 1,45 млн эўра і створыць ня меней за 20 працоўных месцаў.

«Пакет групавога перасяленьня» цяпер накіруюць у камітэты, а затым ён вернецца ў Сойм для працэдуры галасаваньня.

Беларускі стартап-хаб Imaguru запрасілі ў Літву

Міністарка эканомікі і інавацый Аўшрынэ Арманайтэ, якая прадставіла ў Сойме папраўкі, акрамя эканамічных выгод для Літвы адзначыла «маральны аспэкт» паправак. У якасьці прыкладу называецца нядаўняе закрыцьцё стартап-хабу Imaguru у Менску. Арманайтэ прапанавала заснавальнікам Imaguru пераехаць у Літву.

«Яны ня выключылі такой магчымасьці, але вырашылі пачакаць з адказам», — паведамляе артыкул.

Па словах літоўскай міністаркі, таксама рыхтуюцца і іншыя папраўкі для тых, хто пераехаў. Яны тычацца падаткаў. Фізычныя асобы, якія прыбываюць у Літву ў адпаведнасьці са спрошчанай працэдурай выдачы нацыянальных візаў і маюць намер атрымаць ВНЖ, змогуць увозіць асабістую маёмасьць бяз выплаты мытных пошлін і ўвазнога ПДВ.

Пакуль ад гэтых плацяжоў вызваленыя толькі тыя, хто ўжо мае ВНЖ або можа даць гарантыю ад банку ці страхавой установы. Такія дакумэнты «часьцяком складана атрымаць асобам зь Беларусі», адзначае выданьне.

Дзясяткі кампаній беларускага ІТ-сэктару пераехалі за мяжу пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў. Яны пераяжджалі ў Літву, Украіну, Латвію, але больш за ўсё ў Польшчу. У Літве за паўгода 7,5 тысяч беларусаў атрымалі часовы від на жыхарства, а 12 тысяч — нацыянальныя візы. Гэта дадзеныя са жніўня па лістапад.

Улады Беларусі адмаўляюць масавы ад’езд як ІТ-спэцыялістаў, так і іншых беларускіх грамадзян з краіны, аднак статыстыка суседніх краін кажа пра адваротнае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG