Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі МУС аспрэчвае масавы ад’езд беларусаў за мяжу


Аляксей Бягун
Аляксей Бягун

Дакладную статыстыку ў ведамстве «не гатовыя прывесьці», але перакананыя, што радыкальнага адтоку не адбылося.

Начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад», што масавага адтоку беларусаў за мяжу не адбылося.

«Зрэз зрабілі. Статыстыку не гатовы прывесьці. Але думаю, што тэндэнцыя захавалася зь мінулага году. Масавага адтоку грамадзян Беларусі няма, але і масавага прыбыцьця замежнай працоўнай сілы таксама няма», — сказаў ён.

Пры гэтым начальнік дэпартамэнту заклікаў ня зьвязваць выезд беларускіх грамадзян з «пэўнымі падзеямі ў краіне».

У кастрычніку Бягун паведамляў, што зь верасьня ва Ўкраіну зьехала 3 тысячы грамадзян рэспублікі, а ў Польшчу — 10 тысяч. У Латвію і Літву, па тагачасных словах Бегуна, «ня больш за 500 чалавек» агулам.

Згодна з ранейшымі зьвесткамі МУС, на працу летась выехалі 4 тысячы беларусаў. Але зьвесткі суседніх краін кажуць зусім іншае: за паўгода 7,5 тысячы беларусаў атрымалі часовы від на жыхарства ў Літве, 12 тысяч — атрымалі нацыянальныя візы. Гэта дадзеныя са жніўня па лістапад.

Акрамя таго, паводле дадзеных перапісу, апублікаваных Белстатам, яшчэ ў 2019 годзе 145 793 беларусы ва ўзросьце ад 15 да 74 гадоў плянавалі зьехаць з краіны за мяжу на сталае месца жыхарства.

Апытаньні спэцыялістаў ІТ-галіны сьведчаць, што за мяжу пасьля рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі зьехала велізарная колькасьць кампаній і праграмістаў, у прыватнасьці, у Польшчу.

Акрамя таго, зафіксаваны нечуваны адток за мяжу мэдычных работнікаў — 754 чалавекі за студзень 2021 году. Міністэрства аховы здароўя пацьвердзіла тыя лічбы, аднак заявіла, што прычынай стала «сытуацыя па інфэкцыі COVID-19». Палітычныя прычыны міністэрства вырашыла ня згадваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG