Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргізстан і Таджыкістан пачалі адвод войскаў ад мяжы, дзе адбыўся збройны канфлікт


Разбурэньні ў таджыцкім сяле побач з горадам Ісфара на мяжы з Кіргізстанам, 2 траўня 2021
Разбурэньні ў таджыцкім сяле побач з горадам Ісфара на мяжы з Кіргізстанам, 2 траўня 2021

Міністэрства аховы здароўя Кіргізстану, у адрозьненьне ад сваіх калег з Таджыкістану, падае статыстыку ахвяр. Паводле гэтай інфармацыі, у канфлікце з кіргіскага боку загінулі 34 чалавекі.

За ноч з 1 на 2 траўня інцыдэнты і перастрэлкі ў памежным рэгіёне не зафіксаваныя. Рух транспартных сродкаў па аўтадарозе Ош-Ісфара ажыцьцяўляецца бесьперашкодна.

Увечары суботы таджыцкі бок вярнуў Кіргізстану 10 грамадзян, якія знаходзіліся ў палоне. Улады Таджыкістану афіцыйна не камэнтуюць захоп альбо вызваленьне грамадзян. Кіргіскі бок заявіў, што яны былі схопленыя 29 красавіка, але няясна, пры якіх абставінах.

Па дадзеных Памежнай службы Кіргізстану, бакі пачалі адвод дадатковых сіл і сродкаў ад лініі дзяржаўнай мяжы ў пункты пастаяннай дысьлякацыі. Напярэдадні адбыліся перамовы намесьнікаў кіраўнікоў МУС абедзьвюх краін. Бакі дамовіліся стварыць сумесныя патрулі ў зоне памежнага канфлікту.

Таксама 1 траўня Душанбэ і Бішкек пачалі перамовы па дэлімітацыі і дэмаркацыі межаў.

Таджыкістан на афіцыйным узроўні не прыводзіць статыстыку сваіх ахвяр, але таджыцкая служба Радыё Свабода - Радиои Озодӣ назвала 16 імёнаў загінулых, сярод якіх вайскоўцы і жыхары памежных вёсак. Міністэрства аховы здароўя Таджыкістану адмовілася камэнтаваць колькасьць параненых. Супрацоўнікі міністэрства заявілі, што будуць шукаць інфармацыю ў праваахоўных органах.

Таджыцка-кіргіскі канфлікт 2021

  • Канфлікт пачаўся 28 красавіка паміж жыхарамі кіргіскіх і таджыцкіх вёсак каля пункту разьмеркаваньня вады. Пазьней у яго ўмяшаліся памежныя войскі, паведамлялася аб перасоўваньнях рэгулярнага войска. Адказнасьць за эскаляцыю канфлікту бакі ўсклалі адзін на аднаго.
  • Агульная колькасьць загінулых з абодвух бакоў ацэньвалася па стане на раніцу 1 траўня прыблізна ў 47 чалавек, яшчэ каля 210 параненыя. У Кіргізстане 1 і 2 траўня абвешчаныя днямі нацыянальнай жалобы па ахвярах канфлікту. Паводле статыстыкі мясцовага Міністэрства аховы здароўя, у канфлікце 178 пацяпелых грамадзян Кіргізстану, а 34 чалавекі загінулі.
  • Па дадзеных МНС Кіргізстану на 20.30 гадзін 1 траўня, у Баткенскай вобласьці пацярпелі 78 жылых дамоў, 2 школы, 1 ФАП, 1 дзіцячы садок, 1 будынак МУС, 3 памежных заставы, 10 АЗС і 8 крамаў.
  • Працягласьць мяжы паміж Таджыкістанам і Кіргізстанам складае 970 кілямэтраў, зь якіх дэлімітавана і дэмаркіравана толькі 519 кілямэтраў. Існуюць 70 спрэчных участкаў, на якіх мясцовыя жыхары часта канфліктуюць за ваду, пашу і землі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG