Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргізстан абвінаваціў Таджыкістан у абстрэле жылых дамоў; пачаліся перамовы аб урэгуляваньні канфлікту


Пашкоджаны дом у зоне кіргіска-таджыцкага памежнага канфлікту
Пашкоджаны дом у зоне кіргіска-таджыцкага памежнага канфлікту

Пасьля канфлікту, які разгарэўся на мяжы паміж Кіргізстанам і Таджыкістанам, Бішкек і Душанбэ пачалі перамовы аб яго ўрэгуляваньні на ўзроўні кіраўнікоў сілавых ведамстваў

Першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Кіргізстану Суйунбек Амурзакаў і намесьнік кіраўніка МУС Таджыкістану Ібрахімзада Назімом сустрэліся ў вёсцы Інтэрнацыянал у Лейлекскім раёне Баткенскай вобласьці Кіргізстану.

Падчас гэтай сустрэчы бакі дамовіліся стварыць сумесныя патрулі ў зоне памежнага канфлікту.

Таксама сёньня Душанбэ і Бішкек пачалі перамовы па дэлімітацыі і дэмаркацыі межаў. Дэлегацыю Кіргізстану ўзначальвае старшыня Дзяржаўнага камітэту нацыянальнай бясьпекі (ДКНБ) Камчыбек Ташыеў, Таджыкістану — кіраўнік ДКНБ Саймумін Яцімаў.

Аднак сёньня ж памежная служба Кіргізстану абвінаваціла вайскоўцаў Таджыкістану ў абстрэле жылых дамоў на мяжы дзьвюх краінаў. Інцыдэнт адбыўся ў Лейлекскім раёне Кіргізстану, сьцьвярджаюць у ведамстве. Да гэтага зь вёскі ўжо былі эвакуіраваныя жыхары. Таджыцкі бок абверг гэтую інфармацыю.

  • Узброены канфлікт пачаўся 28 красавіка паміж жыхарамі кіргіскіх і таджыцкіх вёсак каля пункту разьмеркаваньня вады. Пазьней у яго ўмяшаліся памежныя войскі, паведамлялася аб перасоўваньнях рэгулярнага войска. Адказнасьць за эскаляцыю канфлікту бакі ўсклалі адзін на аднаго.
  • Агульная колькасьць загінулых з абодвух бакоў ацэньваецца па стане на раніцу 1 траўня прыблізна ў 47 чалавек, яшчэ каля 210 параненыя. У Кіргізстане 1 і 2 траўня абвешчаныя днямі нацыянальнай жалобы па ахвярах канфлікту.
  • Працягласьць мяжы паміж Таджыкістанам і Кіргізстанам складае 970 кілямэтраў, з якіх делімітавана і дамаркіравана толькі 519 кілямэтраў. Існуюць 70 спрэчных участкаў, на якіх мясцовыя жыхары часта канфліктуюць за ваду, пашу і землі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG