Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Берасьці закрыў «Польскую школу», дырэктарку якой зьняволілі ў справе аб вечарыне памяці «праклятых жаўнераў»


Ганна Панішава, намесьніца старшыні Саюзу палякаў у Беларусі, дырэктарка Польскай школы ў Берасьці, пад вартай з 13 сакавіка.
Ганна Панішава, намесьніца старшыні Саюзу палякаў у Беларусі, дырэктарка Польскай школы ў Берасьці, пад вартай з 13 сакавіка.

Эканамічны суд Берасьцейскай вобласьці вынес рашэньне ў справе аб ліквідацыі ТАА «Польская школа».

19 красавіка 2021 году эканамічны суд Берасьцейскай вобласьці разгледзеў справу па заяве пракурора гораду Берасьця. Фармальна той выступіў «у мэтах абароны дзяржаўных і грамадзкіх інтарэсаў адміністрацыі Ленінскага раёну гораду Берасьця».

Суд пастанавіў ліквідаваць ТАА «Польская школа», усклаўшы абавязак па ліквідацыі на яго ўдзельнікаў М. і Н., а таксама абавязаць іх завяршыць працэс ліквідацыі ТАА «Польская школа» ў тэрмін да 19 ліпеня 2021 году.

Рашэньне эканамічнага суду не ўступіла ў законную сілу і можа быць абскарджана ў суд апэляцыйнай інстанцыі не пазьней 15 дзён з моманту яго прыняцьця.

Польская школа — установа не дзяржаўная, а грамадзкая, фармальна гэта таварыства з абмежаванай адказнасьцю.

25 сакавіка Генэральная пракуратура распачала ў дачыненьні да старшыні Саюзу палякаў Анжалікі Борыс, а таксама прадстаўнікоў арганізацыі Андрэя Пачобута, Ірэны Бярнацкай, Марыны Цішкоўскай і Ганны Панішавай крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне варожасьці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасьці, а таксама рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асобаў).

Падставай стала нібыта «незаконнае масавае мерапрыемства» ў памяць аб «праклятых жаўнерах» 28 лютага ў памяшканьні, якое арандуюць Берасьцейскі форум польскіх лякальных ініцыятываў і «Польская школа».

Адзначалася, што яны «арганізавалі і правялі шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў на ўшанаваньне ўдзельнікаў антысавецкіх бандфармаваньняў, якія дзейнічалі падчас і пасьля Вялікай Айчыннай вайны і ўчынялі рабаваньні, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, зьнішчэньне маёмасьці».

10 сакавіка была заведзеная крымінальная справа за правядзеньне імпрэзы ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Берасьці. Тады затрымалі сузаснавальніка школы, 43-гадовага берасьцейца, і дырэктарку Ганну Панішаву. Пазьней стала вядома аб ператрусах у Лідзе, Ваўкавыску і затрыманьнях Ірэны Бярнацкай і Марыны Цішкоўскай.

23 сакавіка ў Горадні затрымалі Анжаліку Борыс, а яшчэ праз два дні — Андрэя Пачобута.

Усіх арыштаваных па «Польскай справе» праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі. Санкцыя крымінальнага артыкула прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

  • 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
  • 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
  • 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
  • 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варажнечы» (частка 3 артыкула 130 КК). Яна пад вартай.
  • 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул прыняў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
  • 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
  • 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
  • 25 сакавіка затрымалі сябраў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкула 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
  • 29 сакавіка стала вядома, што Смаргонская пракуратура запытвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
  • 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
  • 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG