Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітзьняволенай Кацярыне Андрэевай дазволілі спатканьне з мужам перад адпраўкай у калёнію


Кацярына Андрэева ў судзе. Менск, 18 лютага.
Кацярына Андрэева ў судзе. Менск, 18 лютага.

Муж палітзьняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) Ігар Ільяш 27 красавіка трапіў на спатканьне да жонкі. 24 красавіка яму ў спатканьні адмовілі.

Пасьля спатканьня Ігар Ільяш сказаў, што яно цягнулася амаль 2 гадзіны, піша «Белсат».

«Дакумэнты з суду ўжо дайшлі да калёніі, таму дазволы на спатканьні, якія сваякам выдалі ў Менгарсудзе пасьля апэляцыі, больш ня дзейнічаюць. У Кацярыны заставалася права толькі на адно спатканьне да этапаваньня ў калёнію з дазволу кіраўніка жодзінскай турмы — і я яго сёньня выкарыстаў. То бок бацькі, бабуля і дзядуля Каці ня змогуць яе пабачыць у Жодзіне».

Ільяш адзначае, што пасьля таго як у Жодзіна прыйшлі дакумэнты з суду, яго жонку і асуджаную зь ёй Дар’ю Чульцову могуць этапаваць у Гомель у любы момант.

Таксама ад сёньня па перадачах і пасылках дзейнічаюць правілы калёніі — ня больш за 4 перадачы і 2 бандэролі за год, і толькі ад сваякоў. Несваякі цяпер могуць дасылаць Андрэевай і Чульцовай толькі лісты, паштоўкі, тэлеграмы.

Ігар Ільяш даведаўся таксама, што Кацярыне з пачатку красавіка не перадаюць газэту «Новы час». Лісты аддаюць толькі заказныя, а звычайныя не прыходзяць зусім.

15 лістапада 2020 году журналісткі «Белсату» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева вялі стрым з «плошчы Пераменаў» у Менску. У той дзень іх затрымалі, затым асудзілі на 7 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкулу 23.34 КаАП, а пазьней завялі супраць іх крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

У лютым адбыўся суд. Судзьдзя Натальля Бугук прысудзіла кожнай па 2 гады пазбаўленьня волі. 23 красавіка Менскі гарадзкі суд пагадзіўся з пракуроркай Вольгай Герасімовіч, якая палічыла тэрмін турэмнага пакараньня Андрэевай і Чульцовай справядлівым. Прысуд пакінулі бязь зьменаў.

Праваабарончая супольнасьць вызнала Чульцову і Андрэеву палітычнымі зьняволенымі і запатрабавала іх неадкладнага вызваленьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG