Ігар Ільяш паведаміў, што яму не дазволілі спатканьне з жонкай — палітзьняволенай Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай). Журналіст пачуў ад супрацоўніцы жодзінскай турмы фразу «саўдзельнікам у адзін дзень нельга», піша «Белсат».
«Праблема ў тым, што маці Дашы Чульцовай раней за мяне падала заяву, а, маўляў, фігурантам адной крымінальнай справы нельга ў адзін дзень мець спатканьне са сваякамі», — расказаў Ігар Ільяш.
Цяпер маці Дар’і Чульцовай чакае сустрэчы з дачкой у чарзе. Ільяш жа ўпершыню пачуў пра такія абмежаваньні, пра іх нікога нідзе не папярэджвалі.
«Выглядае на тое, што гэта нейкае ноў-хаў жодзінскай турмы. Адмова ў спатканьні падаецца мне абсалютна неабгрунтаванай, а аргумэнтацыя — бессэнсоўнай», — паведаміў журналіст.
Раней мужу і жонцы абмяжоўвалі ліставаньне, праблемы ёсьць і дасюль.
15 лістапада 2020 году журналісткі «Белсату» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева вялі стрым з «плошчы Пераменаў» у Менску. У той дзень іх затрымалі, затым асудзілі на 7 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкулу 23.34 КаАП, а пазьней завялі супраць іх крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
У лютым адбыўся суд. Судзьдзя Натальля Бугук прысудзіла кожнай па 2 гады пазбаўленьня волі. 23 красавіка Менскі гарадзкі суд пагадзіўся з пракуроркай Вольгай Герасімовіч, якая палічыла тэрмін турэмнага пакараньня Андрэевай і Чульцовай справядлівым. Прысуд пакінулі бязь зьменаў.
Праваабарончая супольнасьць вызнала Чульцову і Андрэеву палітычнымі зьняволенымі і запатрабавала іх неадкладнага вызваленьня.