Адміністратыўныя справы вёў судзьдзя Антон Колабаў.
Першым адбыўся працэс над Ганнай Шапуцькай. Вынік суду: арышт на 15 «сутак». 5 дзён арышту атрымаў Кірыл Лойка.
Сёньня ж судзілі і Зьмітра Дашкевіча. Паводле яго жонкі Насты Дашкевіч, у судзе ён заявіў, што для «палітычных» стварылі паралельныя ўмовы, супастаўныя з катаваньнем: асобныя пад’ёмы, якія ня тычацца астатніх вязьняў; начныя праверкі з шыхтаваньнем; адсутнасьць матрацаў; зьняважлівае стаўленьне і адсутнасьць перадачаў ад родных. Назваў гэта генацыдам і параўнаў з гета.
Таксама папрасіў перанесьці суд, бо кепска сябе адчувае — некалі дзён практычна ня спаў. Суд адмовіў і дазволіў толькі кароткі перапынак на размову з адвакатам — яго на просьбу падсуднага сваякі і паплечнікі Зьмітра знайшлі літаральна за 20 хвілін.
З матэрыялаў справы выявілася, што новы начальнік Менскага РУУС Аляксандар Голікаў даслаў ліст старшыні суду Менскага раёну з просьбай пакараць Зьмітра Дашкевіча менавіта арыштам. Ён лічыць, што «штрафы неэфэктыўныя і дадзеная катэгорыя грамадзянаў адчувае сябе беспакаранай». Маўляў, такая мера патрэбная, каб «змагароў выхоўвалі і прыцягвалі да працы».
Адвакат хадайнічаў аб пераносе справы ў іншы суд, бо кіраўнік міліцыі цісьне, наўпрост указваючы на «найлепшы прысуд». Зьміцер падзякавай абаронцу, але завіў, што ня бачыць сэнсу, бо ня верыць у справядлівасьць любога суду ў цяперашняй Беларусі.
Судзьдзя Антон Колабаў прыслухаўся да прапановы міліцэйскага начальніка і пакараў актывіста 20 суткамі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Каля рэстарацыі «Поедем поедим», якая працуе непадалёк ад народнага мэмарыялу ў Курапатах, 23 красавіка сілавікі затрымалі некалькі чалавек. Актывістаў пасадзілі ў белы мікрааўтобус.
Як сказала раней Свабодзе Наста Дашкевіч, сярод затрыманых быў яе муж і былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч, грамадзкія актывісты Ганна Шапуцька і Кірыл Лойка, а таксама некалькі чалавек, якія штопятніцу выходзяць выказаць пратэст забаўляльнай установе каля месца сталінскіх расстрэлаў.
На сваю вахту Зьміцер Дашкевіч, Ганна Шапуцька, Павал Севярынец ды іншыя заступалі, пачынаючы ад 2018 году. Паўла Севярынца затрымалі летась перад прэзыдэнцкімі выбарамі.