Зьміцер Дашкевіч у фэйсбуку напісаў, што турэмная адміністрацыя не прымае для вязьняў Новы Запавет.
«Пасьля апошняга арышту забраў я з пошты два мяхі лістоў палітвязьням, якія адміністрацыя турмы ў Жодзіне не прапусьціла. Перад тым мех лістоў вярнула вязьніца на Валадарцы. Што ж за злачынства там такое было ўкладзена? Злачынства для акупацыйнай адміністрацыі страшнае: паштоўкі з Раством і Новы Запавет. „Часам не да закону“ лягічна вярнулася да сваёй першапачатковай формы — „не да закону“».
Дашкевіч адзначыў, што на свае скаргі ў пракуратуру са спасылкамі на парушаныя нормы ніхто адказу яму не прыслаў. Пакуль Дашкевіч ня ведае, што рабіць зь вернутымі яму пасылкамі.
«Хіба што пакіну для будучага музэю 26-гадовай акупацыі гэтыя лісты, на якія нашчадкі будуць глядзець і дзівіцца маштабу бязьмежжа — забараніць Эвангельле нават нацысцкая акупацыя не патрапіла. Хоць камуністычная і лукашэнкаўская нэакамуністычная з гэтым спраўляліся і спраўляюцца добра».
Таксама ён абурыўся дзеяньнямі кіраўнікоў Каталіцкай царквы ў Беларусі, якія прыйшлі на Ўсебеларускі народны сход «у час, калі сотні палітвязьняў стогнуць у турмах, тысячы сваякоў стогнуць безь нявінна арыштаваных татаў і матуляў, сыноў і дачок».