Аб будучай высылцы стала вядома яшчэ на мінулым тыдні — яе анансаваў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, заявіўшы, што гэта мера ў адказ на высылку са Злучаных Штатаў 10 супрацоўнікаў расейскіх дыпляматычных установаў.
У заяве расейскага МЗС таксама гаворыцца, што ў найбліжэйшым часе будуць зробленыя далейшыя крокі ў рамках «комплексу захадаў у адказ» — пасьля ўвядзеньня новага пакету санкцыяў ЗША. Раней паведамлялася, што Расея ўключыла ў свой санкцыйны сьпіс 8 цяперашніх і былых кіраўнікоў праваахоўных ведамстваў Злучаных Штатаў.
Санкцыі супраць Масквы былі ўведзеныя на мінулым тыдні ў якасьці рэакцыі на хакерскія атакі, умяшаньне ў выбары і іншыя непрыязныя дзеяньні Расеі. Акрамя высылкі дыпляматаў, былі пашыраныя санкцыйныя сьпісы, а таксама абмежаваная магчымасьць апэрацыяў амэрыканскіх рэзыдэнтаў з аблігацыямі расейскага дзяржаўнага доўгу. Масква назвала санкцыі неабгрунтаванымі.
Амэрыканскім дыпляматам далі месяц на ад’езд з Расеі. Некалькі дзён таму Расея выслала 20 супрацоўнікаў амбасады Чэхіі — у адказ на высылку з Чэхіі 18 меркаваных супрацоўнікаў расейскіх спэцслужбаў, якія працавалі пад дыпляматычным прыкрыцьцём. Чэскім дыпляматам далі на зборы толькі крыху больш за 24 гадзіны.
Раней на гэтым тыдні амбасадар ЗША ў Расеі Джон Саліван выехаў у Вашынгтон. Пра гэта паведаміла прэс-служба амэрыканскай амбасады. Амбасадар ЗША падкрэсьліў, што вернецца ў Маскву цягам тыдня.
16 красавіка, пасьля таго як ЗША абвясьцілі пра ўвядзеньне новых санкцый у дачыненьні да Расеі і пра высылку расейскіх дыпляматаў, МЗС Расеі рэкамэндаваў Салівану адправіцца дадому для кансультацыяў.
Расейскі амбасадар у ЗША Анатоль Антонаў цяпер знаходзіцца ў Расеі. Ён пакінуў Вашынгтон 20 сакавіка для кансультацыяў. Яго адклікалі ў Маскву пасьля інтэрвію прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, у якім той станоўча адказаў на пытаньне журналіста, ці лічыць ён прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна «забойцам», і паабяцаў, што Пуцін «заплаціць» за ўмяшаньне ў выбары.