Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея вышле 10 дыпляматаў ЗША. Амбасадару прапанавалі выехаць на кансультацыі

абноўлена

Сяргей Лаўроў
Сяргей Лаўроў

Расея вышле з краіны дзесяць амэрыканскіх дыпляматаў. Пра гэта заявіў у пятніцу расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў.

Ён таксама абвясьціў пра іншыя меры, якія расейскія ўлады маюць намер прыняць у адказ на новыя санкцыі ЗША, уведзеныя 15 красавіка.

Паводле Лаўрова, на сустрэчы з амбасадарам ЗША ў Маскве Джонам Саліванам памочнік прэзыдэнта Расеі Юрый Ушакоў прапанаваў амбасадару выехаць у Вашынгтон для кансультацый.

Як заявіў Лаўроў, увесь пералік прынятых Расеяй крокаў будзе апублікаваны ў найбліжэйшы час. На прэс-канфэрэнцыі ў Маскве ў пятніцу ён назваў некаторыя зь іх.

Па словах кіраўніка МЗС Расеі, 8 амэрыканскіх чыноўнікаў будуць уключаныя ў «чорны сьпіс», ім забароняць уезд у Расею.

Ужо вядома, што пад санкцыі Масквы падпалі:

  • дырэктар Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў Крыстафэр Рэй,
  • дырэктар Нацыянальнай выведкі ЗША Эўрыл Гэйнс,
  • генэральны пракурор ЗША Мэрык Гарланд,
  • дырэктар Фэдэральнага бюро турмаў Майкл Карвахаль,
  • міністар унутранай бясьпекі Алехандра Маёркас
  • дарадца прэзыдэнта па ўнутранай палітыцы, былая сталая прадстаўніца ЗША ў ААН С'юзэн Райс.

Масква таксама запусьціць працэдуру па спыненьні практыкі найманьня на працу ў дыпляматычную місію ЗША грамадзян Расеі і трэціх краін. Таксама, па словах Лаўрова, Расея спыніць практыку кароткатэрміновых паездак супрацоўнікаў Дзярждэпартамэнту для працы ў амэрыканскіх дыпляматычных прадстаўніцтвах у краіне.

Лаўроў таксама сказаў, што Расея «будзе спыняць дзейнасьць на сваёй тэрыторыі амэрыканскіх фондаў і НДА, якія ўмешваюцца ва ўнутрыпалітычнае жыцьцё краіны». У заяве МЗС Расеі, апублікаванай у пятніцу вечарам, пра гэта гаворыцца так: «Маецца на ўвазе спыніць дзейнасьць у Расейскай Фэдэрацыі амэрыканскіх фондаў і НДА, падкантрольных Дзярждэпартамэнту і іншым амэрыканскім дзяржаўным структурам. Гэтая праца, якая вядзецца даўно і плянамерна, будзе даведзеная да канца».

Па словах міністра, Расея будзе «трымаць пра запас» эканамічныя меры ўзьдзеяньня на ЗША.

Пры гэтым, як сказаў Лаўроў, у Маскве пазытыўна паставіліся да прапановы прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна правесьці саміт з Уладзімірам Пуціным. Аднак прамога адказу на гэтую прапанову расейскі бок пакуль ня даў.

Рэакцыі амэрыканскага боку на заявы Лаўрова і расейскага МЗС пакуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG