2 месяцы арышту за бела-чырвоныя палосы на агароджы
53-гадовага Вячаслава Караткевіча прызналі вінаватым у псаваньні маёмасьці (341 арт. КК) і нанясеньні шкоды ўладальніку на 10 рублёў 34 капейкі. 21 красавіка Ленінскі суд Магілёва пакараў яго 2 месяцамі арышту. Затрыманьня ён будзе чакаць на волі пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Вячаслаў Караткевіч у сьнежні 2020 году расфарбаваў бела-чырвонымі палосамі агароджу школы, а таксама кіёск, слупы, дрэвы ў пасёлку на ўскрайку Магілёва. Міліцыя адшукала дом, у якім ён жыве, з дапамогай службовага сабакі і зьняла пра гэта відэаролік, які паказалі па дзяржаўнай тэлевізіі. Як вынікае з матэрыялаў справы, пра палосы міліцыя даведалася ад кіраўніка школы ды ананімнай крыніцы.
Берасьцейца пакаралі 2 гадамі «хіміі» за абразу судзьдзі
29-гадовы жыхар Берасьця ў верасьні пабачыў у «Тэлеграме» допіс з фатаграфіяй пра судзьдзю раённага суду і пакінуў пад ім камэнтар. Камэнтар палічылі абразай судзьдзі ў сувязі з выкананьнем ім правасудзьдзя. Берасьцейца асудзілі на 2 гады абмежаваньня волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, паведаміла Генэральная пракуратура.