Лінкі ўнівэрсальнага доступу

60 інтэлектуалаў сьвету выступілі супраць крымінальнага перасьледу расейскага студэнцкага выданьня DOXA


Журналісты выданьня DOXA у судзе, Масква, 14 красавіка 2021
Журналісты выданьня DOXA у судзе, Масква, 14 красавіка 2021

Больш за 60 навукоўцаў, філёзафаў і выкладчыкаў зь унівэрсытэтаў розных краінаў сьвету, уключаючы ЗША, Вялікую Брытанію, Францыю і Ізраіль, напісалі адкрыты ліст у падтрымку чатырох журналістаў расейскага студэнцкага выданьня DOXA, супраць якіх улады распачалі крымінальную справу аб уцягваньні ў пратэсты непаўналетніх.

Аўтары ліста, сярод якіх Славой Жыжэк, Эцьен Балібар, Джудзіт Батлер і Джодзі Дын, назвалі абвінавачваньні, выстаўленыя супраць супрацоўнікаў DOXA, «абсурднымі», запатрабаваўшы неадкладна спыніць перасьлед журналістаў і вызваліць іх.

Яны адзначылі, што «DOXA апублікавала даволі нявіннае відэа, якое заклікае пратэставаць бяз страху», у якім «выключэньне студэнтаў з палітычных матываў» назвалі незаконным. «Толькі той, хто выкарыстоўвае сыстэму адукацыі для выхаваньня пакорлівай масы, можа палічыць, што крытычнае мысьленьне нясе небясьпеку і што яго трэба забараніць», — сказана ў лісьце. Пры гэтым яго аўтары адзначылі, што «гэта гонар — быць абвінавачаным у тым жа злачынстве, што і Сакрат».

У сераду Басманны суд Масквы забараніў выходзіць з дому і карыстацца інтэрнэтам чатыром журналістам студэнцкага выданьня DOXA — Армэну Арамяну, Уладзіміру Мяцёлкіну, Натальлі Тышкевіч і Але Гутнікавай. У суд іх даставілі пасьля ператрусаў і допытаў у межах крымінальнай справы аб «уцягваньні непаўналетняга ва ўчыненьне дзеяньняў, якія ўяўляюць небясьпеку для жыцьця непаўналетняга». У абвінавачаных канфіскавалі тэлефоны і нотбукі. Таксама ператрусы прайшлі ў бацькоў Арамяна і Гутнікавай і ў памяшканьні рэдакцыі DOXA. Пасьля гэтага ўладальнік памяшканьня скасаваў з выданьнем дамову арэнды.

Па вэрсіі сьледзтва, 23 студзеня журналісты Радыё DOXA апублікавалі відэаролік, аўтары якога зьвярнуліся да студэнцкай супольнасьці, заявіўшы аб незаконнасьці пагроз кіраўніцтва ВНУ адлічыць навучэнцаў за іх прысутнасьціь на акцыях пратэсту ў падтрымку Аляксея Навальнага. «Роскомнадзор» запатрабаваў ад часопіса выдаліць з Youtube гэты ролік, што і было зроблена. Тым ня менш відэа сталася прадметам для крымінальнага разбору.

DOXA — незалежны студэнцкі часопіс пра сучасны ўнівэрсытэт, які актыўна асьвятляе вострыя праблемы адукацыі ў Расеі і сьвеце.

У сьнежні 2019 году Рада фонду падтрымкі студэнцкіх ініцыятываў Вышэйшай школы эканомікі пазбавіла часопіс DOXA статусу студэнцкай арганізацыі.

Прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў заявіў, што DOXA не зьяўляецца студэнцкім выданьнем і носіць грамадзка-палітычны характар. «Там студэнцкіх пытаньняў мала», — сказаў Пяскоў, камэнтуючы ператрусы і затрыманьні журналістаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG