Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліст да расейскіх сваякоў


Масква, Крэмль
Масква, Крэмль

Лёс распарадзіўся так, што ў Расеі жыве шмат маіх сваякоў. Незалежна ад іх палітычных поглядаў і густаў, апошнія два дзясяцігодзьдзі я нязьменна ім спачуваю. Спачуваю нават у тым выпадку, калі яны, магчыма, не спачуваюць мне і майму народу.

У далёкім 1938 годзе старэйшая сястра маёй бабулі Ганна жыла са сваім мужам, афіцэрам Чырвонай Арміі беларусам Мікалаем Шавелем, у вайсковым гарадку ў Барысаве. Туды ў адведзіны прыехала зь Менску мая 23-гадовая незамужняя бабуля Вера. Там яна пазнаёмілася з савецкім афіцэрам, расейцам Васіліем Паўлавым, выкладчыкам адной з вайсковых акадэмій у Маскве. Бабуля выйшла за яго замуж і пераехала на сталае жыхарства ў сталіцу СССР.

Дзед думаў, што пражыве сваё жыцьцё з жонкай-беларускай у сябе на радзіме, але не атрымалася. У чэрвені 1941 году яны прыехалі з Масквы ў Менск у адпачынак, і тут іх засьпела вайна. Выдадзены суседкай, якая наіўна спадзявалася такім чынам гарантаваць сабе добрае стаўленьне ад новых уладаў, дзед трапіў у канцлягер на вуліцы Шырокай, а пасьля ў Трасьцянец. Там дзед арганізаваў уцёкі і падаўся ў партызаны, куды з часам забраў зь Менску і жонку з нованароджанай дачкой Алісай — маёй маці.

Фактам яго гераічных уцёкаў з Трасьцянца я ганаруся асабліва. Дзед быў вельмі рашучым, сьмелым і энэргічным чалавекам, сапраўдным афіцэрам — ён паходзіў з паволскіх казакоў і меў яшчэ бабуляў кулугурку (стараверку) і грузінку.

Лёс яго ня песьціў. Дзед кіраваў групай падрыўнікоў аднаго з партызанскіх атрадаў на Меншчыне, пасьля вызваленьня Беларусі трапіў на фронт, быў цяжка паранены ў галаву і ледзьве выжыў, пасьля вайны быў начальнікам менскага лягеру ваеннапалонных, быў рэпрэсаваны і асуджаны на 10 гадоў лягераў, пасьля вызваленьня ў 1954 годзе быў галоўным мэханікам на менскіх заводах, чытаў курс лекцый па тэорыі паравых катлоў у навучальных установах Менску.

У партызанах дзед навучыўся размаўляць па-беларуску. У сям’і сакрамэнтальнай была фраза, якую ён першай вывучыў і запомніў і якую пасьля шмат разоў паўтараў, расказваючы пра свае пакуты з авалодваньнем беларускай мовай: «Вунь, на ўскрайку лесу немец сядзіць».

Гэтак выпала дзеду застацца ў Беларусі, легчы ў беларускую зямлю і атрымаць ад дачкі, зяця і ўнукаў помнік, падпісаны па-беларуску. І так у маіх жылах аказалася 25 працэнтаў расейскай крыві.

Не скажу, што гэта неяк паўплывала на мой лёс і сьветапогляд. Можна жартам сказаць, што 75 працэнтаў беларускіх генаў перамаглі канчаткова і беспаваротна, і я не зусім разумею людзей, якія, знайшоўшы ў сябе 6,25 або 12,5 працэнта нейкіх іншых генаў, пачынаюць атаясамліваць сябе з тымі далёкімі продкамі. Ну, але нацыянальная ідэнтыфікацыя — ня справа крыві, гэта часта справа выбару.

Але Чэхава я люблю, сачу за расейскай літаратурай і некаторых расейскіх рокераў-хуліганаў слухаю з задавальненьнем.

У дзеда ў Валгаградзе і Маскве было мноства сваякоў, у тым ліку некалькі родных братоў і сёстраў — сем’і ў тыя часы былі вялікія. Гэта значыць, што ў Расеі цяпер жыве шмат стрыечных братоў і сёстраў маёй мамы і дзясяткі маіх траюрадных братоў, сёстраў, пляменьнікаў, пляменьніц, іхных дзяцей і г. д.

А яшчэ там ёсьць і сваякі-беларусы маёй бабулі, якіх лёс закінуў у Маскву і Расею да рэвалюцыі і да вайны. Ёсьць там і сваякі-беларусы майго бацькі, якія трапілі ў Расею ўжо ў наш час.

У Расеі, такім чынам, жывуць сотні маіх сваякоў. І вось пра іх я часта думаю ў апошнія 10–20 гадоў — а дакладней, пра іх чалавечую годнасьць, якая несупынна зьневажаецца ўладамі Расеі.

Балюча чытаць, як ужо шмат гадоў расейскі «Раскамнагляд» то прызнае беларускія мясныя і малочныя вырабы шкоднымі, то зноў іх дазваляе. Якасьць прадуктаў робіцца закладніцай палітыкі і геапалітыкі. Людзям у Расеі то можна есьці «шкодныя» беларускія прадукты, то нельга. Гэта так навідавоку, гэта разумеюць, здаецца, усе. Але ўлады гэта робяць спакойна, цынічна і бяз самай малой павагі да сваіх грамадзян, у тым ліку да маіх шматлікіх сваякоў. Зь людзьмі ніхто ня лічыцца, іх толькі стрыгуць, як бараноў.

Або зьнішчэньне гораў санкцыйных прадуктаў бульдозэрамі і трактарамі. Канфіскацыя тавару — гэта ўжо эканамічная шкода для яго вытворцы і экспартэраў, значыць, контрасанкцыі працуюць і дасягаюць мэты. Але сам тавар можна было б аддаць у дамы састарэлых і дзіцячыя дамы, дзе могуць знаходзіцца і мае сваякі. Але і ў гэтым выпадку пра іх ніхто ня думае.

І вось апошняе рашэньне ўладаў Расеі спыніць транспартнае авіяцыйнае злучэньне з Турэччынай з 15 красавіка да 1 чэрвеня нібыта на падставе цяжкай эпідэмічнай сытуацыі ў Турэччыне. Усе бачаць і разумеюць, што гэта пакараньне Турэччыны за намер прадаць Украіне вайсковыя дроны, з дапамогай якіх Азэрбайджан вярнуў сабе Нагорны Карабах мінулай восеньню. Але ўладам напляваць на людзей, якія летась у траўні перанесьлі свае туры якраз на травень сёлетні. Як і на тых, хто цяпер знаходзіцца ў Турэччыне на адпачынку. Геапалітыка важнейшая. Сярод гэтых няўдалых турыстаў могуць быць і мае сваякі.

Шмат чаго ў Расеі ёсьць. Напрыклад, павага да пасады і яе ўладальніка. Але спрадвеку не было і няма там павагі да асобнага чалавека, да яго чалавечай годнасьці.

Няма гэтага і ў Беларусі. У нас цяпер таксама несупынна зьневажаецца чалавечая годнасьць людзей, а тыя, хто гэта чыніць, хто хлусіць, нават не чырванеюць і з надзеяй глядзяць на ўсход.

Што ж, бывае і так. Але беларускі народ летась паўстаў і заявіў, што хоча павагі да сябе, да сваёй нацыянальнай і чалавечай годнасьці. І, як мне здаецца, даможацца гэтага раней ці пазьней.

Таму я кажу і маім расейскім сваякам знакавымі фразамі беларускай думкі ХХ стагодзьдзя: век так ня будзе, загляне сонца і ў ваша ваконца. Зважайце на беларусаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG