Дата дня
16 красавіка 1891 году нарадзіўся Язэп Варонка — першы прэмʼер і міністар замежных спраў ураду БНР. Памёр 4 чэрвеня 1953 году ў Чыкага (ЗША).
Паглядзіце на цяпер ужо добра вядомае фота Народнага Сакратарыяту — першага Ўраду БНР. Трэці зьлева — самавіты цывільны мужчына з упэўненым і крыху ганарлівым позіркам. Гэта наш першы прэм’ер і міністар замежных спраў Язэп Варонка.
Ён, нядаўні пецярбурскі журналіст і паэт, заўсёднік сталічных літаратурных вечарын і салёнаў, пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ўступіў у Беларускую Сацыялістычную Грамаду, улетку 1917-га быў абраны ў яе Цэнтральны камітэт, праз колькі месяцаў ужо займаўся падрыхтоўкаю Першага Ўсебеларускага зьезду, а неўзабаве стаў адным з ініцыятараў абвяшчэньня БНР. Ва ўтварэньні БССР ён разгледзеў манэўр бальшавікоў з мэтаю «авалодаць розумамі нацыянальна абуджаных элемэнтаў». Зразумела, што палітыку з такім мінулым і такімі поглядамі заставацца ў савецкай Беларусі было сьмяротна небясьпечна. Ня надта цёплая сустрэча чакала б прыхільніка канцэпцыі двух ворагаў Беларускага Адраджэньня — Польшчы і Расеі — і ў адноўленай польскай дзяржаве.
У 1923-м Язэп Варонка ўзяў квіток на параход у Амэрыку. За акіянам ён прычыніўся да заснаваньня беларускага палітычнага руху ў ЗША: кіраваў Беларуска-Амэрыканскай нацыянальнай асацыяцыяй, выдаваў газэту «Белорусская трибуна». Досьвед і талент журналіста дазволілі Язэпу заваяваць сваё месца ў беларускім і расейскім эміграцыйным друку, магчымасьці якога ён скарыстоўваў найперш для кансалідацыі паўмільённай масы беларусаў, расьцярушаных у Паўночнай Амэрыцы паводле канфэсійнай прыкметы паміж расейцамі й палякамі.
У 1928 годзе ў Чыкага ён заснаваў першую ў Новым Сьвеце беларускамоўную радыёпраграму. Старыя чыкагаўскія суайчыньнікі яшчэ памятаюць Язэпаў голас на хвалях Беларускай радыёгадзіны.
«Спадар Варонка прыехаў у ЗША з адзінаю мэтаю — адукоўваць беларусаў, — пісаў пра яго калега. — Будучы палымяным беларусам, ён спрабаваў абудзіць у іх нацыянальны гонар і самапавагу, вызваліць ад чараў сну, у якім ён іх знайшоў».
На гэтым шляху яму не заўсёды спадарожнічаў посьпех, але ў тым, што беларуская прысутнасьць у Амэрыцы трывае й у XXI стагодзьдзі, несумненна, ёсьць унёсак першага прэм’ера БНР.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 3-е выданьне, 2020, с. 242–243.
Дзень у гісторыі
- 1818 — беларускі паэт Ян Чачот уступае ў падпольнае студэнцкае таварыства філяматаў. Урачыстасьць адбываецца на ўзьлеску пад Вільняй. Рэкамэндацыю Чачоту дае ягоны школьны сябра з Наваградку паэт Адам Міцкевіч. Гэтая падзея прадвызначыла як лёсы ўдзельнікаў таварыства, так і разьвіцьцё беларускай нацыянальнай ідэі на самым яе пачатку.
- 1914 — у Беларусі адбылася першая авіяцыйная катастрофа на вайсковым лётнішчы ў Лідзе. Загінулі падпаручнік Вятчынкін і мэханік Кавальчук. Яны выпрабоўвалі самалёт «Ньюпар-IV», які на вышыні 300 мэтраў раптам пайшоў уніз.
- 1945 — савецкія войскі пачалі Бэрлінскую наступальную апэрацыю.
- 2003 — быў падпісаны Атэнскі трактат, датычны прыняцьця ў Эўрапейскі Зьвяз дзесяці дзяржаваў — Вугоршчыны, Польшчы, Кіпру, Літвы, Латвіі, Мальты, Славаччыны, Славеніі, Чэхіі ды Эстоніі.
У гэты дзень нарадзіліся
- 1844 — Анатоль Франс, францускі пісьменьнік.
- 1864 — Аляксандар Слупскі, беларускі і расейскі гісторык і археоляг.
- 1889 — Чарлі Чаплін, актор, рэжысэр, сцэнарыст.
- 1927 — Бэнэдыкт XVI, папа рымскі ў 2005–2013 гадах.
- 1935 — пісьменьнік Анатоль Клышка. Аўтар беларускага «Буквара», які ўпершыню выйшаў у сьвет у 1969 годзе і перавыдаваўся больш як 20 разоў. Пераклаў на беларускую мову Новы Запавет.
- 1971 — Натальля Зьверава, беларуская тэнісістка.
У памяці
- 1113 — Сьвятаполк ІІ Тураўскі, князь з роду Рурыкавічаў, што ўладарыў у Тураве ў канцы ХІ стагодзьдзя.
- 1828 — Франсыска Гоя, гішпанскі мастак.
- 1940 — Адам Багдановіч, беларускі фальклярыст, этнограф і мовазнаўца, бацька Максіма Багдановіча.
- 1972 — Ясунары Кавабата, японскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.