У часу выбарчай кампаніі яна дапамагала ініцыятыўнай групе Сьвятланы Ціханоўскай і была назіральніцай на выбарах у Пінску. Актывістка сьцьвярджае, што здолела вывезьці за мяжу доказы гвалту сілавікоў над пінчукамі і хоча прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Жанчына зьехала зь непаўналетняй дачкой у кастрычніку ва Ўкраіну, потым пераехала ў Польшчу, цяпер у Чэхіі.
Глядзіце размову цалкам на відэа.
Тут фрагмэнты гутаркі з Аленай Шымолінай.
Што адбывалася ў Пінску ў жніўні 2020 году
— У Пінску людзі прагнулі пераменаў. Я была незалежнай назіральніцай на ўчастку № 17 на працягу тыдня. 9 жніўня мяне выгналі з участку, пасьля таго як я заявіла, што маю права прысутнічаць пры ўскрыцьці урнаў. Калі выкідалі, участковы ўдарыў дубінкай. Праз 2 гадзіны вывесілі пратакол, паводле якога перамог Лукашэнка, і ён не адпавядаў ніводнай лічбе праведзенага мной апытаньня выбарнікаў. Па маіх дадзеных, 1450 людзей прагаласавалі на ўчастку, каля 700 чалавек — за Сьвятлану Ціханоўскую, каля 380 — за Лукашэнку, астатнія галасы прапарцыйна падзяліліся паміж іншымі кандыдатамі.
Незадаволеныя афіцыйнымі вынікамі людзі сталі зьбірацца на цэнтральнай плошчы Пінску і патрабаваць выніковага пратаколу. Нас было шмат, людзі стаялі мірна, насупраць — сілавікі. Выйшаў старшыня выканкаму. Да яго накіравалі пяць «парлямэнтэраў», якія патрабавалі выніковага пратаколу, бо мы былі ня згодныя з тымі лічбамі ў пратаколах, якія вывесілі на ўчастках. Праз 2 гадзіны «парлямэнтэраў» з будынку выпусьцілі, пратаколаў ім так і не паказалі. І тады пачалося супрацьстаяньне.
«Горад фактычна быў у нашых руках некалькі гадзін»
— Перад гэтым мы сьмяяліся, бо горад невялікі, мы адзін аднаго ведаем — у сваяцтве, кумаўстве — паміж сабой усе знаёмыя. За салдатамі тэрміновай службы стаялі афіцэры пінскага РУУС. Яны ўсталявалі кардон перад намі і далі каманду салдатам ісьці на нас. А людзі праз гэты строй салдат унутраных войскаў размаўлялі з афіцэрамі, землякамі-пінчукамі.
Пачаўся стыхійны мітынг, людзі пачалі выступаць, гаварылі, што хочуць ведаць праўду пра вынікі выбараў. Урэшце пачаўся штурм выканкаму. Мы трымаліся разам, праламілі строй унутраных войскаў і пачалі выціскаць афіцэраў да ракі, у выніку яны разьбегліся. Мы хацелі міру, не хацелі бойні. Прыйшлі да выканкаму ў майках, шортах, сланцах, мірныя людзі бяз зброі. Горад фактычна быў у нашых руках некалькі гадзін...
Мясцовыя сілавікі не хацелі ўжываць гвалт
— Як потым стала вядома, кіраўніцтва гораду выклікала МНС (у нас тры атрады), але яны не прыйшлі на дапамогу пінскаму ГУУС, адмовіліся выйсьці супраць народу. Пасьля другой гадзіны ночы ў Пінск на 3 гелікоптэрах прывезьлі брыгаду АМАПу з-пад Менску. У іх была каманда на жорсткае падаўленьне... Цяпер сярод палітзьняволеных 14 чалавек зь Пінску.
Судзьдзя крымінальнай калегіі Пінску і Пінскага раёну Аляксей Пацко 10 жніўня прыйшоў у судовую залю, паглядзеў на людзей, якіх даставілі пасьля ночы затрыманьняў, склаў тэчкі і выйшаў з залі. У той жа дзень падаў заяву на звальненьне. Такім чынам, быў у Пінску судзьдзя — «той, які не страляў».
Пра вымушанае рашэньне зьехаць зь Беларусі
— Наша дабрачынная арганізацыя аказвала дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій. Дакумэнтальныя сьведчаньні гвалту я вывезла з сабой. Гэта і дыктафонныя запісы ўсіх пацярпелых, якія зьвярнуліся па дапамогу ў «Палескую дабрыню», і даведкі з траўмапункту мясцовага шпіталя. Я хачу ўсю гэтую інфармацыю агаласіць, каб распачаць справу па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі. Хоць празь дзесяць гадоў, але ўсіх вінаватых трэба прыцягнуць да адказнасьці.
У Пінску ў верасьні пратэсты пачалі сьціхаць праз моцныя рэпрэсіі, і мы з 12-гадовай дачкой езьдзілі ў Менск на акцыі. Пасьля гэтага да яе ў школу пачалі прыходзіць з органаў апекі. Пайшоў прэсінг і на мяне. Затрымалі на працы і вялі ў кайданках праз увесь горад у суд, каб судзіць па артыкуле 23.34. На мяне было ўжо падрыхтаванае рашэньне аб 15 сутках арышту, але ў сувязі з тым, што са мной было пасьведчаньне аб нараджэньні дачкі, судзьдзя «перапісаў» рашэньне на штраф 30 базавых.
З суду адразу завялі ў пракуратуру, дзе вынесьлі папярэджаньне за ўдзел і за вядзеньне мітынгу (а я была вядучай мітынгаў у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай). Я адчувала, што мне небясьпечна заставацца. Валянтэры давезьлі мяне да гомельскай мяжы, далей 4 кілямэтры па нэўтральнай паласе ўначы я ішла зь дзіцем. У мяне быў заплечнік, 200 даляраў і дакумэнты, якія сьведчаць пра гвалт над 65 людзьмі. Я ведаю, што людзі, якія прайшлі катаваньні, будуць згадваць не пра лядовыя палацы, а пра бязьвінную кроў дзяцей...