Падтрымку прадпрыемствам дадуць на падставе пастановы Савету Міністраў № 143 ад 12 сакавіка, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Міністэрства фінансаў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту пакрые працэнты або частку працэнтаў за карыстаньне раней выдадзенымі крэдытамі на рэалізацыю інвэстыцыйных праектаў. Вызваленыя грошы накіруюць на папаўненьне абаротных сродкаў.
Каму дапамогуць?
- «Гомельдрэў»;
- «Івацэвічдрэў»;
- «Мастоўдрэў»;
- «Рэчыцадрэў»;
- «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат»;
- філіял Сьветлагорскага ЦКК «Папяровая фабрыка «Чырвоная зорка»;
- «Кіроўная кампанія холдынгу «Беларускія шпалеры»;
- «Завод газэтнай паперы».
Раней дзяржава шмат разоў давала падобную падтрымку прадпрыемствам дрэваапрацоўкі.
У дрэваапрацоўку ўклалі 4 млрд даляраў
Як пракамэнтаваў БелаПАН дадзенае рашэньне выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Яраслаў Раманчук, у сытуацыі вострага дэфіцыту бюджэту, недахопу абаротнага капіталу, ціску на курс і цэны ўрад працягвае стымуляваць і падтрымліваць тых вытворцаў, якія за 10 гадоў даказалі неэфэктыўнасьць свайго кіраваньня.
«Яны спрабуюць вырашыць праблему, не зьмяняючы структуру ўласнасьці. Груба кажучы, перасаджваючы аднаго намэнклятурнага начальніка ў крэсла другога. У дрэваапрацоўку ўклалі 4 млрд даляраў, але нічога не зрабілі, не ўдалося вывесьці дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы на станоўчую працу і спэцыялістам Банку разьвіцьця».