Паводле яе, Юрась Зянковіч быў у бізнэс-паездцы ў Эўропе.
«У Расеі яго затрымалі, фактычна скралі, з маскоўскага гатэля Nordic Rooms Hotel. Яго затрымалі 11 красавіка, але я даведалася пра гэта толькі ўчора. Я размаўляла з мэнэджэрам гатэля. Паводле яго, супрацоўніца гатэля бачыла з вакна, як людзі ў цывільным скруцілі Юрася і затрымалі. Яны сказалі: „Мы яго забіраем, ён падазраецца ў тэрарызьме“. Яны памахалі пасьведчаньнем, сказалі, што са спэцслужбаў. Потым яшчэ пару чалавек прыйшлі ў яго нумар і забралі ўсе рэчы», — расказала Свабодзе Алена Дзенісавец.
Паводле жонкі, цяпер Юрась Зянковіч у турме КДБ у Менску.
«Сёньня са мной зьвязаўся дзяржаўны адвакат Павал Ульянцаў. Ён сказаў, што хоча, каб я аплаціла яго паслугі Юрасю. Я напісала электроны ліст з маімі пытаньнямі. Ён мне не адказаў. Але празь некалькі гадзін ён ізноў мне патэлефанаваў і сказаў, што Юрася забралі беларускія спэцслужбы ў Маскве. Я сказала: „Вы разумееце, што беларускія спэцслужбы ўварваліся ў чужую краіну, выкрадаюць людзей?“ Ён адказаў: „Я не магу з вамі пра гэта размаўляць“», — расказала Алена Дзенісавец.
Раней сёньня стала вядома, што КДБ Беларусі затрымала палітоляга Аляксандра Фядуту, зь якім учора зьнікла сувязь падчас паездкі ў Маскву.
Хто такі Юрась Зянковіч
- Юрась Зянковіч — юрыст беларускага паходжаньня, ад 2007 году жыве ў Злучаных Штатах Амэрыкі.
- Да эміграцыі быў адным з рэгіянальных лідэраў Партыі БНФ і дэпутатам Менскага раённага і Ждановіцкага сельскага саветаў. Працаваў журналістам як у беларускіх, так і ў замежных выданьнях.
- Атрымаў адукацыю на юрыдычным факультэце ва Ўкраінскай акадэміі банкаўскай справы. У Нью-Ёрку скончыў юрыдычную школу пры Ўнівэрсытэце Фордхэм (Fordham University School of Law), здаў экзамэн на званьне адваката і атрымаў ліцэнзію.
- Ягоную адвакацкую ліцэнзію ў ЗША прыпынілі ў штатах Каларада і Нью-Ёрк у выніку выяўленых парушэньняў у прафэсійнай дзейнасьці.
- У Зянковіча два грамадзянствы — Беларусі і ЗША.
- Уладальнік некалькіх юрыдычных офісаў, стала жыве ў Х’юстане.
- Пастаянна наведвае Беларусь, спрабаваў вылучацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і заяўляў аб прэзыдэнцкіх амбіцыях.
- Падчас пратэстаў у жніўні 2020 году быў асуджаны на 10 дзён арышту, адбываў іх у ізалятары Мядзельскага РАУС, трымаў там галадоўку пратэсту.