Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь заявіла пра парушэньне дзяржаўнай мяжы з боку Польшчы неўстаноўленым самалётам. Польшча абвяргае

абноўлена

Польска-беларуская мяжа
Польска-беларуская мяжа

Мяжу з польскага боку нібыта парушыла «неўстаноўленае паветранае судна».

Пра парушэньне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы паведаміла ў тэлеграм-канале Міністэрства абароны.

Сьцьвярджаецца, што 12 красавіка 2021 году ў 20.45 «зафіксаваны факт парушэньня з боку Рэспублікі Польшча неўстаноўленым паветраным суднам, якое ў далейшым вярнулася на польскую тэрыторыю».

У сувязі з інцыдэнтам 13 красавіка ў беларускае абароннае ведамства выклікалі аташэ ў пытаньнях абароны пры амбасадзе Польшчы ў Беларусі, дзе «яму было заяўлена пра неабходнасьць правядзеньня разгляду па дадзеным факце і інфармаваньня беларускага боку аб яго выніках».

Апэратыўнае камандаваньне Ўзброеных сіл Польшчы абвергла паведамленьне Мінабароны Беларусі пра парушэньне беларускай паветранай мяжы: у Варшаве сьцьвярджаюць, што 12 красавіка паблізу польска-беларускай мяжы не было аніякіх палётаў.

«Ладзіцца сталы маніторынг паветранай прасторы. Вайсковыя самалёты ўвечары 12.04 бягучага году не выконвалі палётаў паблізу дзяржаўнай мяжы паміж Польшчай і Беларусьсю», — заявіла ведамства ў Twitter.

Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт

  • 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх дыпляматаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
  • 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
  • 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
  • 12 сакавіка 2021 году затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «гераізацыю ваенных злачынцаў» (частка 3 артыкула 130 КК). Яна пад вартай.
  • 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх дыпляматаў.
  • 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
  • 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
  • 25 сакавіка затрымалі сябраў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
  • Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкула 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская цяпер на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
  • 29 сакавіка стала вядома, што Смаргонская пракуратура запытвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
  • 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG