Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША заступілася за выселеную менскімі ўладамі пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё»


Будынак царквы «Новае жыцьцё», Менск
Будынак царквы «Новае жыцьцё», Менск

Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэфры Джук 4 сакавіка сустрэўся з прадстаўнікамі рэлігійнай грамады «Новае жыцьцё» царквы Хрысьціян поўнага Эвангельля, якую менскія ўлады выселілі з дому малітвы на вуліцы Кавалёва.

Джэфры Кук выказаў занепакоенасьць ЗША з нагоды высяленьня і патрабаваньняў уладаў аб выплаце царквой падатковых запазычанасьцяў, ад якіх рэлігійныя групы вызваленыя, гаворыцца ў паведамленьні на старонцы амбасады ЗША ў Фэйсбуку.

«ЗША пацьвярджаюць падтрымку свабоды веравызнаньня любой рэлігійнай групы, уключаючы грамады Поўнага Эвангельля і царкву „Новае жыцьцё“, і заклікаюць улады аднавіць магчымасьці яе прыхаджан зьбірацца і маліцца без абмежаваньняў або фінансавых штрафаў у месцах, бясьпечных і надзейных для вернікаў», — адзначаецца ў паведамленьні.

  • 17 лютага судовыя выканаўцы ўварваліся ў царкву ў суправаджэньні міліцыянтаў падчас малітвы. У царкве на той момант знаходзіліся каля 50 вернікаў. Судовыя выканаўцы апісалі маёмасьць, а вернікаў выгналі, пагражаючы ім арыштам.
  • Рэлігійная грамада Царквы хрысьціян поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё» ў Менску летась атрымала судовае прадпісаньне вызваліць будынак на вуліцы Кавалёва, 72 да канца году. У адваротным выпадку царкве пагражалі прымусовым высяленьнем. Улады гораду заплянавалі збудаваць тут квартал шчыльнай забудовы.
  • Вернікі «Новага жыцьця» пасьля выбараў запісалі відэазварот, у якім выказаліся супраць забойстваў, гвалту і катаваньняў, ілжывых сьведчаньняў у судах, маніпуляцый.
  • Выселіць царкву «Новае жыцьцё» з будынка, у які прыхаджане за свае сродкі перабудавалі выкуплены ў дзяржавы паўразбураны кароўнік, Менгарвыканкам спрабаваў яшчэ 15 гадоў таму. У 2005 годзе гарадзкія ўлады пазбавілі рэлігійную суполку права карыстаньня зямельным участкам, хоць ён быў выдзелены бестэрмінова.
  • Каб прыцягнуць увагу грамадзтва, у кастрычніку 2006 году вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася каля месяца. Пасьля таго як сытуацыя вакол «Новага жыцьця» атрымала шырокі міжнародны рэзананс, улады адступілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG