Дэпутатка Бундэстага Нямеччыны Табэа Роснэр зьвярнулася да Максіма Трусевіча, які судзіць палітвязьня Аляксея Караткова, каб той правёў «справядлівы судовы працэс з захаваньнем законнасьці». А судзьдзя перадаў гэты ліст у міліцыю, паведаміла «Вясна».
«Паважаны спадар Максім Леанідавіч Трусевіч, Паважаны суд! Я б хацела зьвярнуцца да вас з заклікам правесьці справядлівы судовы працэс з захаваньнем законнасьці. Прымаючы пад увагу палажэньні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе свабоду сходаў (арт. 35) і свабоду меркаваньняў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне (арт. 33), я перакананая, што спадар Караткоў ня можа быць пакараны за рэалізацыю гэтых правоў. Імкненьне да дэмакратыі ніякім чынам не павінна карацца».
Дэпутат Бундэстага таксама хацела б нагадаць судзьдзі, што як дзяржава-ўдзельнік Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, Рэспубліка Беларусь абавязаная гарантаваць сваім грамадзянам выкананьне правоў чалавека, уключаючы права на свабоду сходаў і асацыяцый.
«Я таксама прашу вас улічыць той факт, што спадар Караткоў ужо 7 месяцаў утрымліваецца ў зьняволеньні, што ня можа быць праігнаравана пры вынясеньні прысуду. Калі тэрмін зьняволеньня Аляксея Караткова будзе падоўжаны, то ён павінен быць умоўным. Нельга дапусьціць, каб спадар Караткоў і далей знаходзіўся ў месцах пазбаўленьня волі. Я спадзяюся на справядлівы прысуд суду, які ня будзе палітычна матываваным», — напісала Табэа Роснэр.
Як стала вядома «Вясьне», Максім Трусевіч накіраваў яе ліст у міліцыю, бо нібыта ён мае прыкметы ўмяшальніцтва ў працу суду.
Максім Трусевіч за 4 месяцы асудзіў больш за 100 удзельнікаў акцый пратэсту, якія агулам адсядзелі больш за 1570 сутак арышту.
Працэс супраць аднаго з распрацоўшчыкаў стартапу MakeML і палітзьняволенага Аляксея Караткова пачаўся 7 красавіка. Яго вінавацяць у навучаньні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо ў фінансаваньні гэтай дзейнасьці (ч. 3 арт. 293 КК), а таксама па арт. 342 КК (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Да суду Аляксей знаходзіўся ў СІЗА № 1 Менску. Яму інкрымінуюць заклікі да беспарадкаў і парушэньне руху транспарту на Мельнікайтэ, Амуратарскай, Машэрава і каля мэтро «Пушкінская». Паводле сьледзтва, Караткоў загадзя набыў атрыбутыку, экіпіроўку, маску, заплечнік, «які мог быць выкарыстаны для нашэньня зброі», аказваў непадпарадкаваньне, падазраецца ў гвалце з асобы і ў зьнішчэньні маёмасьці.
Сваёй віны Караткоў не прызнаў ні па адным з эпізодаў, адказваць на пытаньні ў судзе адмовіўся.