7 красавіка Лукашэнка абвясьціў пра «рэвізію дыпляматычных місій». Гэта значыць, у некаторых краінах амбасады могуць проста закрыць. Асноўны чыньнік — добрыя гандлёвыя стасункі: у краінах, дзе набываюць беларускую прадукцыю, амбасады закрываць ня будуць. Глядзім, куды Беларусь прадае свае тавары.
Расея — толькі 45% экспарту
На дзяржаўнай тэлевізіі як прыклад асноўнага эканамічнага партнэра называюць Расею. Можа скласьціся ўражаньне, што туды Беларусь прадае бальшыню сваіх тавараў. Але гэта ня так.
На долю Расеі ў 2020 годзе прыпадала 45% экспарту беларускай прадукцыі ў грашовым вымярэньні. У Расею Беларусь прадае прадукты харчаваньня, самазвалы, трактары, камбайны: амаль увесь спэктар беларускай прамысловасьці, апроч нафтапрадуктаў.
Пяцёрка найбуйнейшых пакупнікоў беларускай прадукцыі без Расеі па выніках 2020 году наступная:
- Украіна — 11% усяго экспарту
- Польшча — 4,3%
- Літва — 3,6%
- Нямеччына — 3,2%
- Вялікая Брытанія — 2,8%
Як бачым, у гэтым сьпісе няма Кітаю, пра які так часта гавораць беларускія ўлады. Доля экспарту ў Кітай — толькі 2,6%.
Што прадае Беларусь
Угнаеньні (калійныя і азотныя), нафтапрадукты (бэнзін, іншае паліва), малочная і мясная прадукцыя, чорныя мэталы і вырабы зь іх — гэта асноўная прадукцыя, якую Беларусь прадае за мяжу. Як бачым, такія брэнды, як грузавікі і трактары, тут далёка не на першым месцы. Напрыклад, сельскагаспадарчая тэхніка ў агульным аб’ёме экспарту займае менш за 1%.
Асноўныя паслугі, якія экспартуе Беларусь, адносяцца да грузаперавозак і сфэры ІТ.
«Амбасадар ня можа гандляваць»
Паводле былога амбасадара Беларусі ў Славаччыне Ігара Ляшчэні, дыпмісія ня можа наўпрост прадаваць нейкую прадукцыю, але можа рэклямаваць, рабіць прэзэнтацыі і прасоўваць яе ў бізнэс-колах.
«Амбасадар можа спрыяць гандлёва-эканамічным сувязям, але не прадаваць, бо бізнэс і дыпляматыя несумяшчальныя. Амбасада можа арганізоўваць прэзэнтацыі, уздымаць пытаньні гандлю з органамі гандлю, дапамагчы арганізаваць прэзэнтацыю бізнэсу. Гэтая тэма завостраная ў Беларусі. Упаў экспарт — вінаваты амбасадар, вырас экспарт — можна было падзяку ні за што атрымаць. Да МЗС канкрэтна даводзілі заданьне, каб экспарт быў вось такі вось па пляне», — кажа Ігар Ляшчэня.
Паводле дыплямата, час ад часу пераглядаць і нанава ацэньваць эфэктыўнасьць дыпмісій — «гэта нармальна». Іншыя краіны таксама закрываюць свае амбасады, але калі «ў гэтым няма палітычнага падтэксту».