Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сувязі зь перасьледам грамадзкіх актывістаў пераносіцца кінафэстываль BelarusDocs


Здымкі дакумэнтальнага фільму, ілюстрацыйнае фота
Здымкі дакумэнтальнага фільму, ілюстрацыйнае фота

Арганізатары онлайн-фэстывалю беларускага дакумэнтальнага кіно BelarusDocs прынялі рашэньне аб яго пераносе на нявызначаны тэрмін. Прычынай — рэпрэсіі супраць актывістаў грамадзкіх ініцыятываў.

«Рашэньне прынятае на 100%. Мы параіліся з камандай і вырашылі перанесьці BelarusDocs на няпэўны тэрмін. Хоць у нас усё гатова, як кажуць, бяры ды запускай — нават разаслалі анонсы ў СМІ. Аднак апошнія навіны і клопат пра каманду вымагаюць карэктываў», — паведаміў рэсурсу Reform.by кіраўнік BelarusDocs, рэжысэр Алесь Лапо.

Напярэдадні ён вярнуўся з расейскага фэстывалю «Артдокфест», дзе дэманстравалася ягоная карціна «Усе мерапрыемствы згодна з плянам». І акурат патрапіў у суворыя беларускія рэаліі.

«Вярнуўся ў даволі добрым настроі, а тут такое. Прачытаў пра спыненьне праекту „Машына дыхае, а я — не“, пра затрыманьне арганізатараў выставы пра мэдыкаў. Цяжка гэта... Тым больш, ёсьць перасьцярогі па адной стужцы ў нашай праграме. Каб рабіў фэстываль адзін, я б не спыніўся. А паколькі BelarusDocs — справа калектыўная, давялося прыняць няпростае рашэньне», — патлумачыў Алесь Лапо.

BelarusDocs-2021 мусіў адбыцца на сайце кінападзеі 13 — 19 красавіка. Гэтым разам тэматычны акцэнт зрабілі на пытаньнях правоў чалавека. У конкурсе заяўленыя стужкі кінадакумэнталістаў Галіны Адамовіч, Любові Зямцовай, Максіма Шведа, Веранікі Ніканавай, Дар’і Юркевіч, Юліі Шатун.

Як толькі сытуацыя нармалізуецца, арганізатары абяцаюць паведаміць пра новую дату імпрэзы.

Онлайн-фэстываль актуальнага беларускага дакумэнтальнага кіно BelarusDocs праводзіцца ад 2016 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG