Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы хацелі б прадстаўляць свабодную краіну». Дуэт VAL, які меўся ехаць на «Эўравізію»


Музыкі дуэту VAL Лера Грыбусава і Ўлад Фрайман.
Музыкі дуэту VAL Лера Грыбусава і Ўлад Фрайман.

Музыкі дуэту VAL Лера Грыбусава і Ўлад Фрайман, якія меліся прадстаўляць Беларусь на «Эўравізіі», расказваюць, чаму яны не паедуць у Ратэрдам, чаму БТ заявіла, што ў іх «адсутнічае сумленьне», як ацэньваюць «Галасы ЗМеста» і ці варта выключыць Белтэлерадыёкампанію з Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу.

Глядзіце размову на відэа цалкам:

Сьцісла:

  • Каб паехаць на Эўравізію сёлета, нам давялося б прайсьці праз удзел у «жаночым форуме», у аўтапрабегах за Лукашэнку прыйшлося б езьдзіць. Гэта ня наша гісторыя.
  • Нам невядомая працэдура адбору гурту «Галасы Зместа». Вядома толькі, што гэта быў закрыты адбор. Успрымаць гэты твор у рэаліях нашага часу немагчыма.
  • Мы напісалі песьню «Навечна», прысьвечаную нашаму блізкаму сябру, які паўгода правёў у СІЗА. Там ёсьць такія радкі: «Скрозь сьлязу ў вачах разам мы, зьнікне страх. Да канца, навечна...»

— Я паслухала песьню Da Vidna, зь якой вы зьбіраліся выступаць на «Эўравізіі». Кліп, які выйшаў год таму ў сакавіку, набраў больш за мільён праглядаў. Беларуская мова, прыгожая песьня. Што адбылося насамрэч, чаму вы з гэтай песьняй не паедзеце ў Ратэрдам?

Лера Грыбусава: Найперш паўплывала пандэмія, празь якую летась «Эўравізія» была скасаваная.

Улад Фрайман: Аднак да жніўня мы працягвалі супрацоўніцтва зь Белтэлерадыёкампаніяй, чакалі інфармацыі наконт нашага ўдзелу ў «Эўравізіі» 2021 году, і не было ніякіх прыкметаў таго, што нешта пойдзе інакш. Пасьля жніўня мы не змаглі маўчаць і падтрымалі пратэсты. Так атрымалася.

Лера Грыбусава: І цяпер мы ў Менску, не ў Ратэрдаме.

Улад Фрайман: Нам ніхто не паведаміў пра тое, што мы ня едзем на конкурс. Мы пабачылі афіцыйнае паведамленьне ў тэлеграм-канале АТН, дзе было сказана, што ў нас «няма сумленьня». Ім не спадабалася таксама, што мы расказалі пра асаблівасьці нашага супрацоўніцтва напярэдадні жніўня.

— У вас, напэўна, зьмяшаныя пачуцьці. З аднаго боку, як можна прадстаўляць афіцыйную Беларусь цяпер, а з другога боку, можна было прадставіць іншую Беларусь песьняй па-беларуску і на прэсавых канфэрэнцыях расказваць пра сытуацыю ў Беларусі. Ці хацелі б паехаць усё ж?

Музыкі дуэту VAL Лера Грыбусава і Ўлад Фрайман
Музыкі дуэту VAL Лера Грыбусава і Ўлад Фрайман

Лера Грыбусава: Толькі зь іншым тэлеканалам. З БТ не хацелася б супрацоўнічаць. Мы хацелі б прадстаўляць свабодную краіну і прасьпяваць песьню пра падзеі ў Беларусі, пра тое, што нас цяпер хвалюе, што адбываецца вакол нас. Вы ж разумееце, што Белтэлерадыёкампанія ніколі б не дала нам права такім чынам сябе прадставіць.

Улад Фрайман: Калі азірнуцца назад, то дзеля таго, каб паехаць на «Эўравізію» сёлета, нам давялося б прайсьці праз удзел у «жаночым форуме», у аўтапрабегах за Лукашэнку прыйшлося б езьдзіць. Мы б так не змаглі рабіць. Гэта зусім ня наша гісторыя.

— Ці вядома вам, якім чынам быў выбраны гурт «Галасы Зместа»? Якая была працэдура і чаму праігнаравалі вынікі адбору мінулага году? І якая ваша ацэнка гэтых музыкаў?

Улад Фрайман: Нам невядомая працэдура. Адзінае вядома, што гэта быў закрыты адбор. Успрымаць гэты твор у рэаліях нашага часу немагчыма. Гэта КВЗ, нейкі Савецкі Саюз...

Лера Грыбусава: Закрыты клюб. Ніхто не чакаў такога гурту ад Беларусі на «Эўравізіі». Гэта шок ці жарт. Спачатку вельмі сьмяяліся, няўжо напраўду. А калі на афіцыйным канале «Эўравізіі» пацьвердзілася гэтая інфармацыя, стала і сьмешна, і маркотна адначасова. Моцна ўсіх закранула фраза зь песьні: «Я навучу цябе плясаць пад дудачку». Людзі ў камэнтарах пішуць, што гэта ня наш выбар, яго не выбіралі, таму ня трэба называць гэты гурт афіцыйным прадстаўніком Беларусі. І яшчэ адна фраза, «Я навучу цябе кляваць на вудачку», мае палітычны падтэкст.

— Што вы думаеце пра ініцыятыву Беларускага фонду культурнай салідарнасьці, які запусьціў працэс для выключэньня Белтэлерадыёкампаніі з Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу і пазбаўленьня права трансьляцыі і ўдзелу вяшчальніка ў «Эўравізіі»?

Улад Фрайман: Магчыма, што Белтэлерадыёкампанія будзе выключаная з Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу і пазбаўленая права трансьляцыі «Эўравізіі». Апошнія падзеі моцна падштурхоўваюць да гэтага, і шанцы, што гэта адбудзецца, дастаткова вялікія. Нават калі не адбудзецца, то будзе вельмі забаўна глядзець, што адбудзецца з такімі ўдзельнікамі.

Лера Грыбусава: Гэта ўсё ня так хутка вырашаецца, як хочацца, але калі такі моцны ціск ідзе як ад беларусаў, так і ад эўрапейцаў, то магчыма.

— Я размаўляла з музыкамі NAVI, ранейшымі беларускімі ўдзельнікамі «Эўравізіі», і Арцём Лук’яненка думае, што калі б годны музыка выступіў сёлета на «Эўравізіі» і прыцягнуў увагу сьвету да сытуацыі ў Беларусі, гэта было б мела плён. Што вы думаеце?

Улад Фрайман: Але хто будзе гэтым займацца, якія тэлекампанія возьме на сябе адказнасьць, каб усё арганізаваць?..

Лера Грыбусава: Мы засталіся ў Менску, і ёсьць пэўны ціск. Людзям, якія цяпер за мяжой, лягчэй гаварыць, пісаць, рабіць нешта. Ініцыятыва не ад нас павінна зыходзіць. Мы б з задавальненьнем прадставілі б сваю краіну, але без дапамогі людзей, якія маюць вагу, якія могуць гэтыя пытаньні вырашыць, мы ня зможам гэта зрабіць. Ад нас залежаць наша творчасьць, нашыя песьні.

— Зь мінулага лета зьявіліся сотні песьняў, зьвязаных зь мірнымі пратэстамі і сытуацыяй у Беларусі. Як вам пісалася і сьпявалася ў гэты вельмі складаны пэрыяд?

Улад Фрайман: Незвычайныя рэчы адбыліся зь беларускай музыкай за гэты пэрыяд. Мы напісалі песьню «Навечна», прысьвечаную нашаму блізкаму сябру, які паўгода правёў у СІЗА. Пасьля жніўня было складана пісаць... Але неўзабаве выйдзе новая песьня.

Лера Грыбусава: А ў гэтай ёсьць такія радкі: «Скрозь сьлязу ў вачах разам мы, зьнікне страх. Да канца, навечна...» Апошнім часам мы не напаўняліся, а спусташаліся, бо практычна кожнага нашага сябра і сяброўку гэта закранула. І нас таксама. Міжволі, калі выходзіш з падʼезду, глядзіш, ці няма бусіка, азіраемся заўсёды. Гэта адбываецца падсьвядома. Ва ўсіх засталіся трыгеры. Ужо ня будзеш ранейшым. Але лепшае наперадзе. Усё ж вясна, сонца, добрае надворʼе. Зіму перазімавалі, цяпер вясна наша.

— Калі паглядзець на гісторыю ўдзелу беларусаў у «Эўравізіі», то там поўна скандалаў, крыўдаў, нейкіх карупцыйных рэчаў, і няшмат вялікіх посьпехаў. Калі вы прымалі рашэньне аб удзеле ў конкурсе, якая была ваша матывацыя? Як вы хацелі прадставіць сваю краіну? Які быў бы ваш самы галоўны мэсыдж?

Улад Фрайман: У нас ужо ёсьць мэлёдыя для гэтай песьні. Калі гэта адбудзецца, мы хацелі б паведаміць пра беларускі народ, пра тое, што нам давялося прайсьці за апошні год, пра ўвесь боль. Увесь сьвет павінен ведаць гэта.

Лера Грыбусава: Гэта была б грандыёзная песьня, магчыма, балядная, драматычная. Хацелася б перадаць гэтыя эмоцыі.

— А калі на сцэну ў Ратэрдаме выйдуць «Галасы Зместа», ці гэта будуць прадстаўнікі Беларусі, на вашую думку?

Улад Фрайман: Гэта будуць прадстаўнікі не беларускага народу, а ўлады.

Удзел Беларусі ў «Эўравізіі» ў 2021 годзе. Што адбываецца

  • Спачатку Швэцыя запрасіла прадстаўнікоў Беларусі ў журы на Melodifestivalen, каб адабраць удзельніка «Эўравізіі», але перадумала з прычыны сытуацыі са свабодай слова ў Беларусі. Супраць гэтага выступіла эўрадэпутатка Карын Карлсбро. Яна лічыць, што, запрашаючы Беларусь у журы, арганізатары ператвараюць фэстываль у палітычнае мерапрыемства. «Кіраўнік беларускай тэлекампаніі — марыянэтка Лукашэнкі, які ператварыў тэлевізію ў прапагандысцкую машыну. Ён знаходзіцца ў санацыйным сьпісе ЭЗ за парушэньні правоў чалавека», — заявіла яна.
  • У лютым эўрадэпутатка прапанавала цалкам забараніць Беларусі браць удзел у «Эўравізіі» сёлета. На яе думку, недапушчальна, што Эўрапейскі вяшчальны зьвяз да гэтага часу супрацоўнічае зь Белтэлерадыёкампаніяй. Падставай для выключэньня можа стаць і выбар удзельніка. 9 сакавіка Белтэлерадыёкампанія прызначыла гурт «Галасы Зместа» прадстаўляць Беларусь на конкурсе. Гурт прызначылі, а ня выбралі ў выніку нацыянальнага адбору.
  • Гурт «Галасы Зместа» крытыкуе пратэстоўцаў у Беларусі, палітыка Сьвятлану Ціханоўскую і чальцоў Каардынацыйнай рады. На «Эўравізію» гурт едзе зь песьняй «Я навучу цябе», якая выклікала шквал нэгатыўных водгукаў. Ёсьць у іх і песьня, у якой музыкі іранізуюць на тэму эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Арганізатары «Эўравізіі» абавязаны праверыць кампазыцыю, гэта стандартная працэдура. Паводле правілаў конкурсу, падчас выступу нельга прасоўваць палітычныя ідэі і погляды.
  • Інфармацыйны партал Eurovoix заявіў, што адмаўляецца асьвятляць удзел Беларусі ў «Эўравізіі». «У час конкурсу «забароненыя тэксты песень, выступы, жэсты палітычнага, камэрцыйнага або аналягічнага характару», — гаворыцца ў заяве Eurovoix.
  • У студзені 2021 году Беларускі фонд культурнай салідарнасьці запусьціў кампанію для выключэньні Белтэлерадыёкампаніі з Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу і пазбаўленьня яе права трансьляцыі «Эўравізіі».
  • У 2020 годзе «Эўравізію» перанесьлі. Тыя, хто мусіў паехаць на конкурс у 2020-м, маглі прадстаўляць сваю краіну ў 2021 годзе. Тады ў нацыянальным адборачным туры перамог дуэт VAL. Пасьля іх выказваньняў у падтрымку пратэстоўцаў, у Белтэлерадыёкампаніі адмовіліся вылучаць VAL з фармулёўкай: «У артыстаў адсутнічае сумленьне».
  • Конкурс адбудзецца ў Ратэрдаме ў канцы траўня 2021 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG