5 красавіка на сайце менскага ліцэю № 1 зьявілася інфармацыя, што набору навучэнцаў у дзясятыя клясы сёлета ня будзе. Пасьля гэтага на розных пляцоўках пайшлі чуткі, што нібыта з наступнага навучальнага году ліквідуюць усе гарадзкія ліцэі.
У самым менскім ліцэі № 1 патлумачылі зьяўленьне інфармацыі аб спыненьні прыёму дакумэнтаў тым, што іх сайт нехта ўзламаў. Насамрэч яны плянуюць набор у 10-я клясы і ў 2021 годзе.
Рэпэтытар і стваральнік адукацыйнага цэнтру «100 балаў» Яўген Лівянт у фэйсбуку напісаў, што магчымая ліквідацыя ліцэяў для беларускай адукацыі прынясе катастрафічныя наступствы.
Міністэрства адукацыі прызнала, што ў цяперашні час вывучае дзейнасьць ліцэяў, якія рэалізуюць праграму агульнай сярэдняй адукацыі.
Вывучэньне праводзяць з мэтай «выстройваньня агульнай сыстэмы іх функцыянаваньня, удасканаленьня ўступнай кампаніі, вызначэньня месца і ролі ліцэяў пры вышэйшых навучальных установах, у Менску, абласных і раённых цэнтрах, у складзе якіх ёсьць альбо адсутнічаюць інтэрнаты», як заявіў міністар Ігар Карпенка, словы якога прыводзіць «Інтэрфакс-Захад».
Карпенка дадаў, што ў плянах аптымізацыі, узгодненых Міністэрствам адукацыі, «закрыцьцё альбо рэарганізацыя якіх-небудзь агульнаадукацыйных ліцэяў адсутнічае».