Як расказала парталу Tut.by дачка ўладальніцы хаты, яна была ў двары, калі пачула трэск і ўдар. Сьледам убачыла вайсковы комплекс, які ўехаў у сьцяну. На шчасьце, яе 85-гадовая маці ў гэты момант выйшла на вуліцу і таму выратавалася.
«Кіроўца гэтай машыны — зусім малады хлопец. Сказаў, што з вайсковай часткі 61 732 пад Асіповічамі. Ехалі ў бок Слуцку. А тут у вёсцы паварот круты. Ня ведаю, зь якой хуткасьцю ехалі, бо стаіць абмежаванне ў 40 км/г, але, відавочна, ня справіліся з кіраваньнем», — кажа жанчына.
Потым высьветлілася, што ў дом уехаў тактычны ракетны комплекс «Точка-У». Са сьцяны яго выцягнулі грузавіком. Пакуль жыць у хаце немагчыма, дачка забрала маці да сябе ў Асіповічы.
У доме жанчына нядаўна зрабіла рамонт: летась замянілі шыфэр, умацавалі бярвёны перакрыцьця, абшылі сьцены і столь гіпсакардонам, памянялі падлогу, зьбіралася клеіць шпалеры.
Міністэрства абароны апоўдні пракамэнтавала здарэньне. Там паведамілі, што кіроўца комплексу ня справіўся з кіраваньнем, вайсковая тэхніка спраўная. Ідзе праверка па факце ДТЗ, а дом адновяць сіламі вайсковай часткі.
Тым часам двое жыхароў Мар’інай Горкі з Пухавіцкага раёну зьбіралі мэталалом на васковым палігоне, адзін падарваўся на боепрыпасе.
«На тэрыторыі палігону ў парушэньне пастановы Савету Міністраў двое жыхароў Мар’інай Горкі выявілі выбухованебясьпечны прадмет. Адзін з мужчын зрабіў на яго фізычнае ўзьдзеяньне. У выніку аб’ект дэтанаваў», — праінфармавалі ў абаронным ведамстве.
У выніку мужчына атрымаў аскепкавыя раненьні і быў шпіталізаваны. Мэдыкі ацэньваюць яго стан як здавальняючы.
А напярэдадні затрымалі салдата тэрміновай службы Аляксандра Караткевіча, які ўцёк з вайсковай часткі. 4 красавіка ў міліцыю зьвярнулася 74-гадовая жыхарка вёскі Лабань Вушацкага раёну і паведаміла, што бачыла маладога чалавека, падобнага да маладога чалавека ў вышуку. Яна прызналася, што ёй стала вельмі шкада маладога салдата, яна пакарміла яго.
2 красавіка вайсковец пакінуў палігон у Берасьцейскай вобласьці на грузавіку. Аўтамабіль знайшлі каля дарогі ў Вушацкім раёне. Па службе ўраджэнец Расонаў заўваг ня меў і характарызаваўся станоўча.