«У нас ёсьць працэдура разгляду пытаньняў на пасяджэньнях Рады нацыянальнай бясьпекі, а працэдура палягае ў тым, што ёсьць закон пра санкцыі, у якім дакладна вызначана, хто мае рыхтаваць дакумэнты. Ёсьць шэраг суб’ектаў у нашай краіне, якія маюць на гэта права, і, як толькі яны падаюць адпаведныя дакумэнты ў апарат Рады нацыянальнай бясьпекі, мы іх адпрацоўваем і на іх падставе ўносім пытаньне на разгляд», — сказаў Аляксей Данілаў у эксклюзіўным камэнтары Свабодзе.
Ён падкрэсьліў, што кіраўніком РНБА зьяўляецца прэзыдэнт Украіны, а ён як сакратар гэтай структуры ня мае права ініцыяваць разгляд пытаньняў.
На пытаньне, ці атрымліваў апарат Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны ад Беларускага фонду спартовай салідарнасьці зварот аб увядзеньні пэрсанальных санкцый, Аляксей Данілаў адказаў:
«Я не магу адказаць, бо мы штодня атрымліваем 40-50 лістоў ад розных арганізацый. Нават калі мы яго атрымалі, у нас права самастойна разглядаць гэтае пытаньне няма».
Сакратар Рады нацыянальнай абароны і бясьпекі ўдакладніў, што для падрыхтоўкі да разгляду пытаньня аб увядзеньні санкцый супраць прадстаўнікоў беларускай улады адпаведныя дакумэнты мусяць ініцыяваць Вярхоўная Рада, Кабінэт міністраў, Нацыянальны банк, Служба бясьпекі або прэзыдэнт Украіны.
«Мы працуем з дакумэнтамі», — падкрэсьліў ён.
На пытаньне, чаму пры ўвядзеньні санкцый супраць Віктара Медзьведчука да санкцыйнага сьпісу ня трапіў беларускі бізнэсовец Мікалай Варабей, што мае кантрольны пакет акцый прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс», маёмасьць якога арыштаваная, Аляксей Данілаў адказаў:
«Мы не падзяляем — уласьнікі ці ня ўласьнікі трубы. Мы глядзім дакумэнты, і згодна з гэтымі дакумэнтамі наша задача — вярнуць трубу дзяржаве, і гэта ўжо ў працэсе. Цяпер будуць наступныя крокі, вызначаныя заканадаўствам».
Аляксей Данілаў таксама ня стаў прагназаваць тэрміны магчымага разгляду пытаньня аб увядзеньні санкцый супраць беларускіх грамадзян.
«Усё залежыць ад таго, калі будуць унесеныя дакумэнты», — падкрэсьліў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.