Пра гэта аналітык паведаміў у сваім тэлеграм-канале. Па яго словах, пайсьці на такі крок яго прымусіла пагроза «фізычнай расправы».
«У зьвязку з сур’ёзнымі рызыкамі фізычнай расправы з боку беларускіх уладаў за публічныя выступы я вымушаны перабрацца ў бясьпечнае месца. „Узбуджаны“ не на жарт ад маёй дзейнасьці рэжым Лукашэнкі перайшоў да сваіх любімых мэтадаў запалохваньня. Сам правадыр аказаўся слабаком, ня здольным успрымаць праўду. Але такія прыгоды надаюць сілы і энэргіі. Перамога будзе за намі!» — напісаў ён.
Дзьмітры Балкунец удакладніў, што ў мэтах бясьпекі быў вымушаны цалкам зьмяніць бягучыя пляны і некалькі дзён заставаўся бяз сувязі.
26 сакавіка Генэральная пракуратура Беларусі заявіла, што Дзьмітры Балкунец абвінавачваецца ў «публічнай абразе прэзыдэнта» паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэксу.
Падставай стаў камэнтар расейскім мэдыя, у якім палітоляг параўнаў Аляксандра Лукашэнку з «забойцам і тэрарыстам».
На перасьлед з боку Генпракуратуры Дзьмітры Балкунец адказаў, што беларускія ўлады атрымаюць яго «толькі ў труне».