Улады Расеі і Беларусі 26 студзеня абмяняліся палітычнымі рэвэрансамі з нагоды пратэставых акцый у абедзьвюх краінах.
Сьпярша намесьнік кіраўніка фракцыі «Адзіная Расея» ў Дзярждуме Андрэй Ісаеў заявіў, што акцыі ў падтрымку арыштаванага расейскага апазыцыянэра Андрэя Навальнага праходзілі паводле «беларускага сцэнару», а іхныя арганізатары «хацелі ахвяраў для таго, каб потым расхістваць сытуацыю» (цытата паводле ТАСС).
Затым расейскія пратэсты пракамэнтаваў Аляксандар Лукашэнка. На ягоную думку, улады Беларусі «павінны навучыцца ў гэты цяжкі час супрацьстаяць і ўнутраным нашым праціўнікам, і асабліва вонкавым».
Лукашэнка сказаў: «Хістаць і разгойдваць нас будуць. Вы гэта ўжо бачыце па Расеі. Мы гэта ведалі і разумелі разам з кіраўніцтвам Расеі яшчэ ў сярэдзіне мінулага году. Для нас і для іх нечаканасьцяў тут няма ніякіх».
Чым розьняцца пратэсты ў Расеі і Беларусі і чаму ўлады абедзьвюх краінаў так часта гавораць пра «вонкавае ўмяшаньне»? Пра гэта «Настоящее время» пагутарыла зь беларускім палітолягам Дзьмітрыем Балкунцом, які жыве ў Маскве.
— Розьняцца маштабам, — кажа Балкунец. — Беларускі пратэст у разы больш маштабны. І расейскі пратэст прайграе нават тым падзеям, якія былі падчас пратэстаў на Сахарава, Балотнай шмат гадоў таму, мы памятаем гэтыя падзеі. У апошнія выходныя [у Маскве] прайшоў, я б сказаў, шараговы мітынг, супастаўны зь мітынгамі ў беларускіх абласных цэнтрах. У Горадні, да прыкладу, падчас жнівеньскіх падзей выходзіла да 50 тысяч, таму Масква ў разы прайграе тым падзеям, якія адбываліся ў Беларусі.
— Значыць, розны градус незадаволенасьці?
— Абсалютна розны. Розныя прычыны пратэсту, у тым ліку эканамічныя. У расейскіх рэгіёнах, пэўна, ёсьць таксама нейкія асаблівасьці, і ў кожнага свае праблемы. Але яшчэ раз падкрэсьлю: той глыбіні, маштабу пратэстаў і незадаволенасьці ўладай, якая ёсьць у Беларусі, у Расеі сёньня няма.
Паглядзім маштаб пратэстаў жніўня [2020 году], калі ў Беларусі выходзіла на вуліцы, паводле розных ацэнак, да 500-600 тысяч чалавек — у адносінах да насельніцтва краіны гэта калясальныя лічбы, як калі б у Расеі выйшла 14 мільёнаў адначасова. Нічога падобнага ў Расеі я не назіраў у гэтыя выходныя, таму я разглядаю гэта як шараговую падзею.
Больш за тое, я адзначу дастаткова стрымана-карэктную пазыцыю і стаўленьне расейскіх сілавікоў да дэманстрантаў. Калі б беларускія ўлады так сябе паводзілі ў жніўні, я думаю, што і пратэсты ў Беларусі даўно б скончыліся, але ўлада пайшла па іншым сцэнары. Я думаю, што расейскія ўлады зрабілі высновы з падзеяў у Беларусі. А Лукашэнка, на мой погляд, паводзіцца, як герой Падліза [з мультсэрыялу «Прыгоды мішак Гамі»]. Ён цяпер падлізваецца да Крамля, хоча паказаць, што ён таксама «ў адной лодцы», «давайце будзем змагацца з вонкавым ворагам», Захад цяпер у яго вораг. У той час як летам у Лукашэнкі ворагам была Расея, якая яго нібыта зрынала, як ён крычаў на ўвесь сьвет.
— Але ў Расеі таксама вераць, што ўсё з Захаду ідзе.
— Але трэба ж нейкіх ворагаў знаходзіць. Лукашэнка спрабуе знайсьці ворага, але ёсьць такая гіпотэза, што падзеі мінулых выходных для Лукашэнкі ў плюс. Хтосьці кажа, што цяпер, наадварот, яго будуць ратаваць. Я ж думаю, што, наадварот, для яго гэта ў мінус.
Крэмль хацеў бы, каб у Беларусі ўсё чым хутчэй стабілізавалася, каб была нейкая больш ці менш стабільная карцінка хаця б там, на вонкавых межах Расеі, таму для Лукашэнкі гэтая сытуацыя крытычная, я лічу. І, вядома, ён цяпер будзе спрабаваць прыдумляць вонкавых ворагаў.