Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьцi судзяць 10 чалавек за разьвешваньне пудзілаў і замыканьне рэек


У залю пусьцілі толькі сваякоў падсудных, хоць іх прыйшлі падтрымаць некалькі дзясяткаў чалавек
У залю пусьцілі толькі сваякоў падсудных, хоць іх прыйшлі падтрымаць некалькі дзясяткаў чалавек

У судзе Маскоўскага раёну Берасьця працягваецца суд над абвінавачанымі ў хуліганстве і пашкоджаньні чыгуначнай сыгналізацыі. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Справу разглядае судзьдзя Ленінскага раёну Берасьця Аляксандр Семянчук.

Падтрымаць фігурантаў справы прышлі некалькі дзясяткаў чалавек. Нягледзячы на тое, што паседжаньне было адкрытым, месцаў у залі хапіла толькі сваякам абвінавачаных.

«Захаваньне дыстанцыі, бачыце, — паказвае адзін зь міліцыянтаў на інфармацыйную таблічку пра COVID-19 каля дзьвярэй. — Ёсьць абмежаваньні, нічога зрабіць не магу, прабачце».

Першае судовае паседжаньне прайшло 29 сакавіка. Паводле інфармацыі «Белсату», працягнулася яно каля 5 хвілін. Перапынак абвесьцілі таму, што да матэрыялаў справы Яўгена Комбуля, Максіма Пыцеля, Вольгі Сыраваткі, Натальлі Барынавай, Аліны Муратавай, Сяргея Красоўскага, Уладзімера Кацюбкі і М. Сілёнка дадалі справы яшчэ двух абвінавачаных — Сяргея Сіліча і Максіма Сілюка.

Тых, хто прыйшоў падтрымаць абвінавачаных, не пусьцілі ў залю
Тых, хто прыйшоў падтрымаць абвінавачаных, не пусьцілі ў залю

11 лістапада супрацоўнікі АМАПу затрымалі 9 удзельнікаў акцыі (ва ўзросьце ад 26 да 38 гадоў). Супраць іх распачалі некалькі крымінальных спраў. Большасьць абвінавачаных знаходзіліся ў СІЗА, яшчэ двое — пад хатнім арыштам.

Паводле вэрсіі Сьледчага камітэту, у сярэдзіне кастрычніка некалькі чалавек разьмясьцілі на берасьцейскіх мастах лялек з абразьлівымі надпісамі («Ілгун», «АМАП», і «Мент») у адрас міліцыянтаў і прадстаўнікоў улады, а таксама размалявалі платы незарэгістраванай сымболікай.

Акрамя таго, групу жыхароў Берасьцейшчыны абвінавачваюць у замыканьні чыгуначных рэек, нападзе на апорны пункт міліцыі, падпальваньні шынаў.

Паводле інфармацыі ведамства, 29 кастрычніка на перагоне паблізу чыгуначнай станцыі ў Кобрынскім раёне зламысьнікі заблякавалі дротам аўтаматызаваную сыстэму кіраваньня і кантролю руху цягнікоў, што пацягнула за сабой затрымку транспарту.

Начальнік Берасьцейскага міжраённага аддзелу СК Руслан Сычоў адзначыў, што пасьля прыпынку цягніка адзін з мужчын, адкрыўшы кран, распаветрыў тармазную сыстэму цягніка, прывёўшы яго ў непрыдатны для эксплуатацыі стан. А празь некалькі дзён — 8 і 9 лістапада — мужчыны падпалілі пакрышкі на праезнай частцы і разьбілі акно ў гарадзкім апорным пункце.

Руслан Сычоў таксама расказаў, што раней ніводзін з абвінавачаных да крымінальнай адказнасьці не прыцягваўся. Усе яны былі падпісантамі раённых Telegram-каналаў, у якіх пазнаёміліся. Свае дзеяньні яны абмяркоўвалі і каардынавалі ў гэтым мэсэнджары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG