Размова ідзе, у прыватнасьці, пра «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк» і «Белінвэстбанк».
Прапануецца прыпыніць адносіны зь дзяржбанкамі Беларусі да таго часу, пакуль тыя працягваюць абслугоўваць структуры і людзей, якія знаходзяцца пад санкцыямі — паведамляе НАК.
Зварот Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Свабода папрасіла пракамэнтаваць фінансавага аналітыка Вадзіма Іосуба.
Іосуб
Мне здаецца, што гэты заклік ня вельмі рэалістычны. Гэта крыху нагадвае сытуацыю канца восені — пачатку зімы, калі абмяркоўвалася магчымасьць адключэньня беларускіх банкаў ад сыстэмы SWIFT. Тады гэтыя абмеркаваньні нічым ня скончыліся.
Тут патрэбны прагматычны падыход. Калі мы просім нейкія замежныя фінансавыя інстытуты аб нейкіх дзеяньнях, то ў гэтых дзеяньняў павінны быць фармальныя падставы.
Такія інстытуты дзейнічаюць паводле правілаў, паводле інструкцыяў.
Можна прыгадаць нядаўні зварот да эўрапейскіх інвэстыцыйных фондаў, да шэрагу банкаў наконт пазбаўленьня ад беларускіх дзяржаўных аблігацыяў.
Высьветлілася, што ў шэрагу фондаў і банкаў ёсьць правілы «этычнага вядзеньня бізнэсу». Умоўна кажучы, правіла ня весьці справы з тымі, хто псуе навакольнае асяродзьдзе. Магчыма, у іх ёсьць пункт і наконт парушэньня правоў чалавека.
Трэба было апэляваць ня проста да таго, што вы набываеце аблігацыі кепскіх людзей, а паказаць, як такія пакупкі парушаюць уласныя правілы гэтых фондаў і банкаў.
Мне здаецца, што цяпер няма ніякіх менавіта фармальных падставаў, каб прасіць міжнародныя плацежныя сыстэмы спыніць стасункі зь некаторымі беларускімі банкамі.
Адносна шэрагу прадстаўнікоў сілавых органаў уведзеныя санкцыі, якія азначаюць, што яны не атрымаюць візы на ўезд у краіны ЭЗ і што іх маёмасьць у ЭЗ (калі яна там ёсьць) будзе арыштаваная.
А тут прапануюцца нейкія санкцыі другога ці трэцяга ўзроўню — разарваць стасункі з банкамі, якія абслугоўваюць людзей, частка зь якіх пад санкцыямі.
Я мяркую, што такія санкцыі другога ці трэцяга ўзроўню наўрад ці недзе прапісаныя, і міжнародныя плацежныя сыстэмы наўрад ці пойдуць насустрач такім просьбам.