Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура ініцыявала міжнародны вышук Паўла Латушкі


Павал Латушка
Павал Латушка

Генэральная пракуратура Беларусі накіравала ў Нацыянальнае цэнтральнае бюро Інтэрполу ў Рэспубліцы Беларусь пакет дакумэнтаў, неабходных для абвяшчэньня ў міжнародны вышук Паўла Латушкі.

Кіраўніку Нацыянальнага антыкрызіснага кіраўніцтва, былому дыплямату Паўлу Латушку інкрымінуюць зьдзяйсьненьне злачынстваў, прадугледжаных наступнымі артыкуламі Крымінальнага кодэксу Беларусі:

  • ч. 1 арт. 357 («Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу ці ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», пагражае да 12 гадоў турмы);
  • ч.1 арт. 361-1 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня», да 7 гадоў турмы);
  • ч.3 арт. 361 («Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі, з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту», да 5 гадоў турмы), гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

У дачыненьні да Латушкі ў межах крымінальнай справы, якую расьсьледуе галоўнае сьледчае ўпраўленьне Сьледчага камітэту, з санкцыі пракурора абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.

Латушка: «Гэта выключна палітычнае, а не прававое рашэньне»

Павал Латушка заявіў, што завядзеньне крымінальных спраў супраць яго і іншых грамадзкіх дзеячаў у Беларусі палітычна матываванае, а накіраваньне матэрыялаў аб абвяшчэньні яго ў міжнародны вышук — таксама выключна палітычнае, а не прававое рашэньне.

«Выклікае шкадаваньне, што ў Беларусі зьдзяйсьняюцца рэальныя крымінальныя злачынствы: людзей забіваюць, зьбіваюць, катуюць і гвалтуюць, але супраць вінаватых у гэтым крымінальныя справы не заводзяць. А ў дачыненьні да тых, хто адкрыта выказвае пратэст супраць масавага парушэньня правоў чалавека і рэпрэсій, крымінальныя справы заводзяцца хутка і лёгка. Гэта тое ж самае, што перавярнуць крымінальны кодэкс дагары нагамі і пачаць чытаць яго з апошняй старонкі. На жаль, закон даўно перастаў існаваць у нашай краіне», — заявіў Павал Латушка.

Павал Латушка — былы амбасадар Беларусі ў Польшчы і Францыі, былы гендырэктар Купалаўскага тэатру. 17 жніўня 2020 году загадам міністра культуры Беларусі быў звольнены з пасады гендырэктара тэатру. Прычынай звальненьня стала тое, што ён 14 жніўня асудзіў падаўленьне мірных пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў у Беларусі і прыйшоў да дэманстрантаў на плошчу Незалежнасьці, а 16 жніўня выйшаў на Марш свабоды і заявіў, што ўлады сваімі дзеяньнямі адчынілі «скрыню Пандоры».

Увайшоў у склад Прэзыдыюму Каардынацыйнай рады па арганізацыі працэсу пераадоленьня крызісу ў Беларусі. Быў вымушаны пакінуць Беларусь. Узначаліў Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва, створанае ў кастрычніку 2020 году з мэтай забясьпечыць мірнае завяршэньне выкананьня функцый нелегітымнымі органамі ўлады і стабілізацыі сыстэмы кіраваньня краінай пасьля пераходу ўлады да народу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG