Генпракуратура завяла крымінальную справу супраць мастака Алеся Пушкіна за партрэт антысавецкага падпольшчыка з Пастаўскага раёну Аўгена Жыхара. Ён дэманстраваўся на выставе ў гарадзенскім Цэнтры гарадзкога жыцьця. Пракуратура ўбачыла ў гэтым наўмысныя дзеяньні мастака «па рэабілітацыі і апраўданьні нацызму» па частцы 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу.
Затрымалі на працоўным месцы
Сёньня Алеся Пушкіна затрымалі на працоўным месцы — ён аднаўляе палац Булгакаў у Жылічах Кіраўскага раёну — і адвезьлі ў Кіраўскі РАУС, паведамілі Свабодзе сябры мастака.
«Чатыры чалавекі ў цывільным скруцілі яго па руках і нагах, праз увесь гэты палац вывелі на вуліцу і запхалі ў машыну. Ён не хацеў сядаць,тады яго паклалі на жывот і скруцілі ногі», — расказаў Антон, супрацоўнік Алеся Пушкіна.
У «Белрэстаўрацыі» сказалі, што перадумалі звальняць Пушкіна
Учора ўвечары мастаку паведамілі, што з ААТ «Белрэстаўрацыя» яго не звальняюць.
«Дзіўная сытуацыя. Учора ўвечары сабраўся калектыў, праводзілі мяне. Але патэлефанаваў намесьнік гендырэктара і сказаў, што я застаюся на працы, — расказаў раніцай 30 сакавіка Алесь. — Я цяпер на рыштаваньнях, як нічога ніякага, працую, кладу золата ў палацы Ігнацыя Булгака, у залі № 17. У мяне рукі ў золаце, залачу антаблемэнт».
Раней Алеся Пушкіна выклікалі ў офіс «Белрэстаўрацыі», і кіраўніца аддзелу кадраў сказала, каб мастак пісаў заяву на звальненьне па ўласным жаданьні.
«Маўляў, справа пачатая, рэзананс, ты выступаў на выставе ў форме „Белрэстаўрацыі“. Я сказаў, што ня буду пісаць заяву на звальненьне, бо я хачу працаваць у рэстаўрацыі, 9 сакавіка са мной падпісалі кантракт на год. Тады яна сказала, што мы знойдзем прычыну, каб вас звольніць», — расказаў Алесь Пушкін.
«Грукалі ў дзьверы так, што ледзь ня выламалі»
Пасьля вяртаньня з Кіева Алесь Пушкін даведаўся, што ў яго доме ў вёсцы Бабры ў дзьве гадзіны ночы зрабілі ператрус. Дома былі двое непаўналетніх (14 і 17 гадоў) дзяцей мастака і жонка.
«Грукалі ў дзьверы так, што ледзь ня выламалі, крычалі: „Адчыняй!“. Гэта такая беспакаранасьць, што яны робяць як хочуць і што ім за гэта нічога ня будзе. Я два дні быў у Бабры, прыбіраў там усё, бо яны ж усё білі, піхалі, скідалі, высыпалі, папкі шпурлялі на падлогу, — кажа Алесь Пушкін. — Ніякіх дакумэнтаў мне не далі, і жонцы нават не далі вопіс канфіскаваных рэчаў, якія яны забралі, — тэлефоны, дзіцячы кампутар зь сямейнымі здымкамі, карціны, кнігі.
Былі два сьледчыя, два міліцыянты з Горадні, пяць менскіх амапаўцаў і адзін паняты, у дзьве гадзіны ночы паднялі суседа-зваршчыка Валодзю. Сына Міколку разбудзілі і прымусілі адчыняць куфар, дзе ён захоўвае кальчугу, рыцарскі рыштунак. Забралі ўсе кнігі і плякаты на польскай мове. Забралі партрэт бандэраўца. Калі я езьдзіў ва Ўкраіну на пленэр у зоне АТА ў 2015 годзе, то я яго напісаў. Яны вельмі ўзрадаваліся, што знайшлі такі партрэт, дзе на фоне Бандэры намаляваны баец добраахвотнага батальёна. Усё забралі».
«Міністар замежных спраў Украіны прапаноўваў ня ехаць у Беларусь»
Пра тое, што супраць яго пачалі крымінальную справу, мастак даведаўся, калі быў яшчэ ва Ўкраіне.
«Міністар замежных спраў Украіны Дмытро Кулеба прапаноўваў застацца, ня ехаць у Беларусь. Дырэктарка „Арсэналу“ Алеся Астроўска-Люта казала: заставайцеся, будзем рабіць палітычны прытулак. Я сказаў, што паеду дахаты. Калісьці Пушкін босы хадзіў па Віцебску (пэрформанс, прысьвечаны Ясафату Кунцэвічу, які ладзіў раней мастак. — РС), насіў крыж Ясафата Кунцэвіча, вось узваліў той крыж і нясу дагэтуль. Ясафат Кунцэвіч нікуды ня бегаў, не хаваўся ў падземны ход пад Дзьвіну, не ўцякаў у лёхі базыльянскіх муроў, а выйшаў на ганак і сказаў: „Ну што ж, я вам патрэбны, вось ён я, бярыце“. Яго секанулі па ілбе бердышом, звалілі, і ўсё».
Алесь Пушкін кажа, што зрабіць выставу ў Горадні прапанаваў яму Павал Мажэйка, уласьнік культурнай пляцоўкі «Цэнтар гарадзкога жыцьця». Мастак прывёз туды шэраг сваіх працаў.
«Сярод іх партрэт Вацлава Ластоўскага, партрэт Расьціслава Лапіцкага, які я насіў па Смаргоні і за які я сядзеў два разы па 15 сутак. Партрэт Аўгена Жыхара, партрэт дзяўчыны з блёк-паста ў Данецкай вобласьці, які напісаў у 2015 годзе. Там жа і абраз Маці Божай Бялыніцкай, які мы зь Міколкам насілі 27 жніўня ад праваслаўнай катэдры да Чырвонага касьцёла, і мы былі арыштаваныя. Там жа фота майго зьбітага цела, мэдычныя дакумэнты пра маё зьбіцьцё, выдадзеныя мэдцэнтрам, пасьля таго як мяне выпусьцілі з Акрэсьціна 14 жніўня.
Таксама „Сынкавіцкі трыптых“, бо знаёмы з архіяпіскапам Арцеміем, якому ўручыў запрашэньне на выставу. Таксама ўручыў запрашэньне кіраўніку адміністрацыі Горадні Мячыславу Гою, начальніцы аддзелу культуры аблвыканкаму і іншым, усіх паклікаў. Адкрылі выставу, адзначылі, усё добра, 21-га паляцеў у Кіеў. А 26-га пачалі крымінальную справу. Яны доўга запрагалі, сем дзён думалі».
«Там жа патроны Другой сусьветнай вайны»
Партрэт Аўгена Жыхара выклікаў найбольшы рэзананс з усёй мастацка-дакумэнтальнай выставы. Алесь Пушкін кажа, што ўпершыню выстаўляў яго ў Глыбокім, а потым на штогадовай выставе Саюза мастакоў у Палацы мастацтва, на пэрсанальных выставах.
«Я яго вазіў нават у Швэцыю, баяўся яшчэ за гэтыя патроны. Там жа патроны адмыслова, дэкаратыўна прылепленыя да рамы, як боепрыпасы Другой сусьветнай вайны, — кажа Алесь Пушкін. — Што цяпер з гэтым партрэтам, арыштаваны ён ці не, я ня ведаю. Калі сьледчыя будуць спрабаваць мяне разгаварыць, то я буду маўчаць. Бо мастак намаляваў пэндзлямі і фарбай. А яны павінны ўжо падключаць мастацтвазнаўцаў, экспэртаў, гісторыкаў і глядзець, як ён намаляваны. Усхваляе ён нацызм, ці гэта трагічная фігура, вельмі самотная, апошні „самурай“ Глыбоччыны. Усе выказалі б сваю думку, і тады пайшла б дыскусія, народ пачаў бы цікавіцца сваёй гісторыяй».
«Магчыма, Пуцін аддасьць арыгіналы Яна Дамеля»
Алесь Пушкін задаволены працай на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Ён кажа, што тут раней была карцінная галерэя, якую вывезьлі ў Расею.
«Партрэтная галерэя Булгакаў цяпер у гарадзкім мастацкім музэі гораду Арла. Вось, магчыма, Пуцін аддасьць арыгіналы Яна Дамеля сюды. Мы адраджаем і капліцу, і мастацкую галерэю, усе інтэр’еры, хоць яшчэ многа працы наперадзе».
Пры гэтым Алесь Пушкін не выключае, што і сюды, у Жылічы, дзе знаходзіцца палац Булгакаў, прыедуць амапаўцы і будуць «сьцягваць яго за ногі з рыштаваньняў».