У судзе мастак расказаў, што вывесіў 23 гады таму сьцяг у знак вернасьці ідэалам БНР і нацыянальнай сымболіцы, і з таго часу ня меў клопатаў з праваахоўнымі органамі.
«Пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка ўзурпаваў уладу ў 1996 годзе, гэты сьцяг стаў сымбалем нашых палітычных поглядаў, нашай грамадзянскай пазыцыі, вернасьці ідэалам БНР, першых гадоў незалежнасьці 1991-1994 гадоў». — сказаў Пушкін.
Судзьдзя распытвала мастака, ці зьвяртаўся ён па дазвол на разьмяшчэньне сымболікі на ўласнай хаце да ўладаў. Пушкін адказаў, што гэта прыватнае домаўладаньне.
«На прыватнай тэрыторыі, я лічу, можна вывешваць сьцягі сваіх сымпатый. Можна нават сьцяг Панамы павесіць ці амэрыканскі, — адказаў мастак. — Навошта было запытваць дазвол у сваёй краіне, каб над уласным домам павесіць нацыянальны сьцяг? Міне час, пройдзе хваля рэпрэсій, усё супакоіцца, і я думаю, што зноў змагу павесіць бел-чырвона-белы сьцяг і герб „Пагоня“», — сказаў Алесь Пушкін.
Паводле яго, міліцыя зьняла з хаты і герб, які зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Пазьней і сьцяг, і Пагоню вярнулі Пушкіну пад расьпіску.