Ужо ў назьве славутага эсэ Ігната Абдзіраловіча пра беларускі сьветапогляд «Адвечным шляхам» прачытваецца, што шлях гэты адзін. Гэты самы пасыл — адзінства гісторыі і нацыянальнага лёсу — нясе новае эсэ Сяргея Абламейкі «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі», якое выйшла кніжкай у «Бібліятэцы Свабоды».
Перажываньне як форма інтэлектуальнай рэфлексіі
На адным з апошніх перад пандэміяй паседжаньняў «Беларускага калегіюму» мы абмяркоўвалі канец эпохі посткамунізму. Крыху спрачаліся, але засталіся кожны пры сваім: хто сказаў, што эпоха скончылася, хто — што працягваецца.
Слухаючы іншых, я гатовы быў пагадзіцца — розумам — што эпоха працягваецца, але адчуваньне меў выразнае, што скончылася. Цікавая форма інтэлектуальнай рэфлексіі — праз адчуваньне.
Насамрэч гэта вельмі важны крок для нас, беларусаў, — ад асэнсаваньня да адчуваньня або перажываньня. Бо калі нацыя — гэта супольнасьць лёсу, дык супольнасьць гэтая найперш менавіта адчуваецца, а не асэнсоўваецца.
Асэнсоўваюць, аргумэнтуюць, камбінуюць тыя, хто шукае адказы. Яны часта супярэчаць адны адным. Адчуваць — гэта рэфлексія для ўсіх, бо гэта супольнае перажываньне адзінага лёсу і адзінай гісторыі.
Блізка да сэрца
У музэі, які адкрылі ў былой віленскай турме і прысьвяцілі знойдзеным на Замкавай гары парэшткам паўстанцаў 1863-1864 гадоў, мяне не пакідала адна думка — чаму ўсе гэтыя людзі, паўстанцы, успрымаюцца так блізка да сэрца, нібы гэта твая радня, нібы гэта ты сам. І адначасова — глухая сьцяна адчужэньня да тых, хто гэтых людзей тут трымаў, катаваў, а ўрэшце забіў. Рэч ня толькі ў рамантызьме паўстанцаў, такім блізкім кожнаму зь юных гадоў, рэч яшчэ і ў іх тутэйшасьці, прыналежнасьці да твайго народу. Мы зь імі проста аднолькава рэфлексавалі на жыцьцё і сьвет.
У дыскусіі ў калегіюме я згадаў пра літоўцаў, якія ніколі ня ставілі ў цэнтар свайго нацыянальнага жыцьця патрэбу адраджэньня. Бо не паміралі. Яны маглі прыснуць і пасьля абудзіцца, але ня ўзьнікнуць зь нябыту, як птушка Фэнікс. Мы ж, беларусы, увесь час адраджаемся, нібы ўвесь час паміраем. Але гэта ня так.
Літоўцы (і шырэй, у савецкіх панятках — «прыбалты») не адраджаліся, а проста былі літоўцамі — мелі такое адчуваньне супольнага лёсу. Расейцы называлі іх нацыяналістамі, а яны былі проста літоўцамі. Ну парода такая чалавечая. Пры савецкай уладзе «прыбалты»-мужчыны насілі бакенбарды, і варта было пабачыць чалавека з бакенбардамі, адразу было ясна — «прыбалт». А варта было іхным дзяржавам абвясьціць незалежнасьць, як бакенбарды адразу зьніклі. Размаўляючы сёньня зь літоўскімі ці эстонскімі сябрамі, я выразна адчуваю, што для іх эпоха посткамунізму скончылася.
Што да нас, беларусаў, паводле майго адчуваньня-перажываньня, яна толькі сканчаецца. Асабіста да мяне гэтае адчуваньне прыйшло менавіта з кніжкай Сяргея Абламейкі. Можа быць, упершыню аўтар паказаў гісторыю Беларусі як адзіную, дадзеную нашаму супольнаму адчуваньню. Абламейка даў канцэпцыю ўсёй беларускай гісторыі — раптам ён адчуў гэта, тое, што раней мы зьбіралі па кавалках, аналізуючы кожны драбок. А трэба было адчуць. Мне здаецца, мы ступілі на прыступку вышэй.
Калісьці паэтка Таня Сапач паўжартам казала: «Я ведаю, што наша гісторыя багатая і слаўная, і гэтага веданьня мне дастаткова, каб адчуваць сябе часткай гэтай гісторыі».
Пра што расказаў Шумскі
Пасьля ўрачыстага пахаваньня паўстанцаў мне трапілася ў рукі кніжка ўспамінаў Станіслава Шумскага, тутэйшага шляхціца, які браў удзел ва ўсходняй кампаніі Напалеона, быў у самым яе эпіцэнтры, пасьля шмат цярпеў ад расейскае ўлады, далучыўся да паўстаньня 1831 году, быў адным з апошніх, хто ў турме шмат размаўляў з Сымонам Канарскім перад ягоным расстрэлам.
Чытаючы гэтыя мэмуары, я адчуў, што ўмоўнае паўстаньне Каліноўскага ішло ў нас праз усё ХІХ стагодзьдзе, не спыняючыся ні на хвіліну. Паўсюль ствараліся падпольныя арганізацыі, паўсюль рыхтавалася зброя, друкаваліся праклямацыі.
Гэта быў масавы працэс, які толькі вырываўся раз-пораз на паверхню, як той вулькан, ці то ў 1831-м, ці ў 1812-м, ці ў іншыя гады. І ні на хвіліну не спыняўся перасьлед патрыётаў з боку расейскай адміністрацыі і вайскоўцаў, не спыняліся турмы і расстрэлы, бясконцыя «камісіі» і высылкі «ўглыб Расеі».
Але ўсё гэта працягвалася і пасьля паўстаньня Каліноўскага, гэтае бясконцае паўстаньне, — праз Слуцкі збройны чын, празь мінулую вайну і паваенную партызанку… Мяняліся пакаленьні, але гэта была тая самая чалавечая парода, якая зноў і зноў прагнула свабоды. Хіба ж мы сёньняшнія не адчуваем сябе часткай гэтай пароды? І хіба ня доўжыцца той самы русыфікатарскі перасьлед?
Мая вясковая бабуля баяла мне малому казкі пра князя, які прыедзе на аўтамабілі і скажа: «Пагаруй, пагаруй, будзеш ты ў мяне княгіня». Усё з таго самага букету, які Абламейка назваў «Маці Беларусі — шляхта».
Тое, што сядзіць у нас у самай глыбі
Тут гаворка не пра дакумэнты на шляхецтва, большасьць зь якіх згубілася, а большасьць нашчадкаў беларускай шляхты нічога пра гэта ня ведаюць. Тут гаворка пра якасьць чалавека, які зноў і зноў нараджаецца на гэтай зямлі. Ён унутрана свабодны, прыстойны і адказны.
Гляджу сёньня, зь якой роспаччу перажываюць пандэмію ў Заходняй Эўропе і Амэрыцы. Просты чалавек там адарваны ад нейкіх дадатковых рэсурсаў і ўсе спадзяваньні зьвязвае з уладамі. І ўлады, якія гэты чалавек сам выбіраў, ідуць яму насустрач, выплочваюць кампэнсацыі.
У Беларусі ўлады ніхто не выбіраў і чалавек пакінуты на волю лёсу. Але ў Беларусі гэта доўжыцца ад падзелаў Рэчы Паспалітай. І таму ў народзе жывая традыцыя самавыжываньня і, адпаведна, недаверу ўладам, якія б яны ні былі.
У большасьці людзей ёсьць непасрэдны або апасродкаваны выхад на соткі, шмат хто цяпер заводзіць курэй… Палова народу ходзіць у масках, хоць з тэлевізара кажуць, што гэта «наморднікі». Чалавек выхаваны рэчаіснасьцю з адчуваньнем, што ён урэшце сам сабе гаспадар. Раней ён мог наракаць, што дзяржава яго кінула, а цяпер разумее, як добра, што ён ні на што не купіўся. Вось гэтае шляхецкае адчуваньне сябе гаспадаром свайго лёсу і прывяло ў свой час да нараджэньня Беларусі. «Бясштанная каманда» да гэтага працэсу не далучалася і часта дзейнічала на баку акупацыйнае ўлады.
Гэта я ўжо наблізіўся да нашых часоў, але можна пайсьці і ў «той» бок — у падзелы Рэчы Паспалітай і раней. Там і зусім блізка да лістоў Філона Кміты Чарнабыльскага зь іх зусім актуальным гучаньнем і амаль сёньняшняй беларускай мовай. А там рукой дастаць да Статутаў і Скарыны. У адзінстве ўсё гэта — жывое.
Імкнучыся ніякім бокам не зачапіць акадэмічную навуку гісторыю, мушу сказаць, што ёсьць папулярныя гісторыкі, якія ўяўляюць сабе беларускую мінуўшчыну як набор замарожаных субпрадуктаў, а не як цэлую жывую курыцу, якая да таго ж нясе яйкі, магчыма, што залатыя.
Сваё і чужое
Калі няма цэльнае візіі ўсёй беларускай гісторыі — найперш пачуцьцёвае візіі, вобразу, нават проста настрою — разрозьненыя палемікі ў прыватных пытаньнях працягваюцца на лаўцы перад пад’ездам і зноў і зноў ператвараюцца ў тупіковыя пытаньні: а ці ёсьць беларусы, а калі яны зьявіліся ці хто іх стварыў, а ці ня штучная мова. Хоць дзясяткі пакаленьняў перад тым ня мелі патрэбы задумляцца пра гэта і вызнавалі сябе беларусамі і гаварылі ўсё жыцьцё па-беларуску, хіба што нехта іх не змушаў адчуваць сябе па-іншаму. Такой была і мая бабуля, непісьменная сялянка.
Але беларусам, якія вякамі проста былі беларусамі і гаварылі па-беларуску, нехта ўрэшце мусіў сказаць, што яны такія, такая парода і прырода. І што яны на гэтай зямлі спрадвеку.
Тут немагчыма абысьціся без маркіроўкі свайго і чужога. Філёзафка Тацяна Шчытцова падчас дыскусіі ў «Беларускім калегіюме» адрэагавала на гэтыя мае словы эмацыйна, маўляў, ня трэба зноў дзяліць, мы ж адна супольнасьць і хочам аднаго. «Ребята, давайте жить дружно». Чыстая праўда.
Праблему стварае канатацыя «чужога» як варожага. Як вядома, працэнт ацэначнай лексыкі ў расейскай мове нашмат вышэйшы, чым у нашай. Чужы ўспрымаецца як «чужды», а ня проста «ня свой». «Не бяры без дазволу чужых рэчаў», — кажам мы дзецям, зусім ня маючы на ўвазе нічога варожага. А вось калі Ганна Севярынец піша пра «краіну чужых помнікаў», яна піша пра адчуваньне акупаванасьці несваім. На тое паспалітай душы і дадзена адчуваньне і перажываньне, каб адрозьніваць свае і чужыя помнікі, мову, сьвяты, сымбалі, гістарычныя канцэпты.
Хоць, натуральна, калі гаворка ідзе пра агрэсію, чужы непазьбежна становіцца варожым. Якраз таму, што чалавеку і нацыі ўласьціва абараняць сваё.
Сваё і чужое, дадзеныя праз адчуваньне, адразу выстройваюць гісторыю ў гарманічную містэрыю падзеяў, здабыткаў і герояў. Лінія наўпрост з гісторыі ідзе ў наш час. Як можа быць сваім які-небудзь тутэйшы клон ЛДПР ці бясконцыя менскія FM-клоны «Русского радио» ды шмат чаго падобнага. Увесь гэты ня наш «русский мир». Адчуваньне свайго беспамылкова прывядзе цябе да беларускай мовы, на якой размаўлялі ўсе пакаленьні тваіх продкаў (за выключэньнем хіба што аднаго-двух перад табою).
Адчуваньне адзінства лёсу яскрава праявілася ў Вільні, на пахаваньні паўстанцаў, дзе беларусаў не дзялілі ніякія дыскусіі або прыналежнасьць да розных структур, што праяўляецца ў Менску. Блізкае перажываньне было на сьвяце БНР-100. Наш адзіны лёс не назавеш такім ужо шчасьлівым, хутчэй наадварот. Але перажываньне адзінства вельмі падобнае на адчуваньне шчасьця.
Нацыянальная ідэнтычнасьць
Тое, з чаго Абламейка пачынае сваю кнігу, калісьці даўно было прадметам дыскусіі, якая прыгадалася мне сёньня. Тады вядомы беларускі інтэлектуал Аляксей Братачкін разважаў пра патрэбу нацыянальнай ідэнтычнасьці, маўляў, можна абысьціся і безь яе.
Мне тое пытаньне ўспомнілася ў зьвязку зь нядаўнімі размовамі пра пагрозу незалежнасьці, пра тое, што многім людзям незразумелая яе каштоўнасьць і што якраз у гэтым, уласна, пагроза і ёсьць.
Людзі ня стануць бараніць тое, што для іх нічога ня значыць. Але чалавеку без ідэнтычнасьці проста немагчыма растлумачыць каштоўнасьць незалежнасьці, свабоды, права жыць сваім розумам. Кожны з гэтых паняткаў мае праверачнае пытаньне: хто? Незалежны хто? Свабодны хто? Мае права хто? І ўжо толькі пасьля гэтага ставіцца пытаньне: ад каго незалежны і свабодны.
Так працуе мэханізм свабоды што чалавека, што нацыі. Мусіць быць суб’ект. Чалавек без ідэнтычнасьці, «проста чалавек», ня мае вызначаных самім сабою межаў сябе самога і сваёй свабоды. Ён не адчувае, ці ён незалежны, ці ўжо залежны. А ўрэшце ён становіцца тым, кім яго вызначыць той, хто ім завалодаў. То бок ідэнтычнасьць усё адно праявіцца, але наш «голы чалавек» ня сам апранецца на свой густ і клёк, а будзе апрануты іншым — на густ і клёк таго.
«Голы чалавек»
Ідэнтычнасьць вызначае межы тваёй свабоды, а бароніць гэтыя межы твая годнасьць. Такім чынам зьяўляецца на сьвет суб’ект чалавека і нацыі. Адбываецца вызваленьне з псыхалягічнага і фізычнага рабства.
Так было ў часы Шумскага, у часы Каліноўскага, у часы Слуцкага збройнага чыну, у мінулую вайну. Абсалютна гэтаксама гэта адбываецца і сёньня. Той, хто ўтойвае статыстыку пандэміі або фальсыфікуе выбары, робіць гэта не таму, што яму загадалі, а таму, што ён раб.
Цяперашні афіцыёз імкнецца падмяніць беларускую ідэнтычнасьць нейкім расейска-савецкім сурагатам, што дакладна было сфармулявана словамі «белорусы те же русские со знаком качества». Але эфэкт сурагатнага нараджэньня не ператварае беларусаў у расейцаў, а толькі… пазбаўляе іх ідэнтычнасьці. То бок чалавек перастае быць сьвядомым беларусам, а самае галоўнае, перастае быць суб’ектам, трапляе ў залежнасьць, страчвае свабоду.
Паўстаньне Каліноўскага афіцыёз называе «польскім», чужым для нас, з той самай мэтай — каб нацыя перастала быць суб’ектам. І яна перастала. Нічога свайго, маўляў, у нас у гісторыі не было. Беларусь ужо страціла сваю незалежнасьць, але адабрала яе не Расея, а «ўласная» бюракратыя, якую ў прэсе называюць аксюмаранам «беларуская ўлада».
Беларускай ідэнтычнасьці, як правіла, ня вучаць ні ў сем’ях, ні ў школах. Таму такое пашырэньне атрымаў у нас «голы чалавек», чый розум заняты выключна спажывецтвам. А тыя, каго вучаць ці хто вучыцца самастойна, часьцяком пакутуюць ад разрозьненых зьвестак, ад «беларуска-літвінскіх» пікіровак, ад немагчымасьці разгледзець той выток, зь якога нарадзілася сучасная беларуская нацыя, калі паўстаў суб’ект Беларусі.
Сяргей Абламейка перачытаў палітычны запавет Кастуся Каліноўскага, прааналізаваў ягонае паўстаньне і быў нямала зьдзіўлены тым, што ясныя адказы на ўсе нашы пытаньні пра беларускую ідэнтычнасьць, пра выток і суб’ект сучаснай беларускай нацыі, пра каштоўнасьць незалежнасьці і годнасьць былі дадзеныя ўжо тады, у сярэдзіне ХІХ ст. Заставалася сыстэматызаваць зьвесткі і аргумэнты. Так зьявілася на сьвет невялічкая кніжка, якую трэба прачытаць кожнаму, хто задаецца пытаньнямі пра Беларусь, беларусаў і пра сваю ўласную годнасьць.
Прачытаць і перадаць іншаму.
Прачытаць у фармаце PDF можна тут