Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці дваіх дзяцей Паліна Шарэнда-Панасюк паведаміла пра катаваньні ў берасьцейскім СІЗА


Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота
Паліна Шарэнда-Панасюк, архіўнае фота

Актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк змагла праз сукамэрніц па СІЗА № 7 Берасьця перадаць на волю зварот, у якім расказвае пра катаваньні ў турэмнай установе. Апошнія навіны пра Паліну, якую ўжо амаль тыдзень трымаюць у карцары, расказаў яе муж Андрэй.

У сваім лісьце ад 24 лютага берасьцейская актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк піша пра дадатак № 1 да загаду № 55 начальніка СІЗА № 7 Берасьця, які выйшаў у верасьні мінулага году. Паліна акцэнтавала ўвагу на зьменах у распарадку дня. Згодна з пунктам 31.2 зьняволеных вымушаюць заставацца ў сядзячым становішчы 16 гадзін (з 6:00 да 22:00). За спробы прылегчы пагражаюць карцарам.

Паліна зазначыла, што нават у здаровых празь некалькі дзён зьяўляюцца праблемы са страўнікам, болі хрыбетніка, пачынае скакаць ціск. Мэдычную дапамогу ў гэтых выпадках у СІЗА ў поўнай меры не аказваюць. Па словах Паліны, харчаваньне зьняволеных амаль на 100% вугляводнае, што нэгатыўна адбіваецца на стане здароўя.

Паліна з мужам і дзецьмі, архіўнае фота
Паліна з мужам і дзецьмі, архіўнае фота

Андрэй Шарэнда кажа, што ліст з гэтым зваротам меў доўгі шлях. Але дзякуючы агульным намаганьням неабыякавых людзей ён усё ж такі трапіў на волю.

«Атрымалася, што ад свайго імя Паліна перадала калектыўны зварот усіх зьняволеных. Гэта вельмі сур’ёзны крок. Трэба разумець, якія будуць наступствы. Ясна, што цяпер у берасьцейскім СІЗА яе будуць вельмі „рады“ бачыць. Зразумела, што псыхалягічны і фізычны ціск патроіцца. Сыстэма, адназначна, будзе помсьціць», — кажа Андрэй Шарэнда.

Ён дадае, што ўжо перадаў зварот Паліны дакладчыкам ААН. Зьвязаўся і з праваабаронцамі.

«Не ідзе на супрацоўніцтва са сьледзтвам»

Берасьцейская актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк пад вартай з 3 студзеня. Ёй прадʼяўлена абвінавачаньне паводле артыкула 364 («Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»). 23 лютага зь берасьцейскага СІЗА актывістку накіравалі на мэдычную экспэртызу ў псыхіятрычную лякарню ў Навінках. Тады на працягу 9-дзённага «этапу» жанчына правяла некалькі дзён у баранавіцкім СІЗА № 6 і ў менскім СІЗА № 1.

«Паліна не ідзе на перамовы са сьледзтвам, ад слова „зусім“. Яна таксама не дала ніякіх паказаньняў. Трэба было нечым дапоўніць яе справу. Зараз з новага ў іх толькі рашэньне судова-мэдычнай экспэртызы, — кажа Андрэй. — Таму Паліну і адправілі яе праходзіць».

На пачатку мінулага тыдня берасьцейскую актывістку наведаў адвакат. Празь яго Паліна падзякавала ўсім людзям, якія яе падтрымлівалі — адпраўлялі лісты і віншавальныя паштоўкі з днём нараджэньня.

Паліна таксама расказала адвакату аб псыхалягічным ціску і пагрозах, якія раней атрымлівала ад супрацоўнікаў «Валадаркі».

«Паліна казала, што быў нейкі загад — ствараць для яе жорсткія ўмовы. Сьцьвярджала, што ўсё можа скончыцца карцарам. Так урэшце і здарылася», — дадае суразмоўца.

Андрэй кажа, што пасьля «Навінак» Паліну павінны былі адвезьці ў Берасьце, але этапавалі зноў на «Валадарку». Калі сябры прывезьлі ёй перадачу, даведаліся, што Паліну з 24 сакавіка зьмясьцілі ў карцар на 10 сутак.

«За што — ня ведаю. Ясна толькі, што ўсё гэта ўкладваецца ў шэраг псыхалягічнага і фізычнага ціску дыктатарскага рэжыму ў яе бок», — кажа Андрэй.

«Пазыцыя праваабаронцаў незразумелая»

Маці дваіх непаўналетніх дзяцей Паліну Шарэнду-Панасюк дагэтуль не прызналі палітзьняволеннай. Яе муж лічыць, што такім чынам Паліне адмаўляюць у праве на самаабарону.

«Вельмі прыкра і крыўдна, што так адбываецца. На дадзены момант з боку мясцовага кіраўніцтва ў дачыненьні да Паліны рукі разьвязаныя. Калі ў Менску ў працаўнікоў турэмных установаў адносіны да палітзьняволеных могуць быць рознымі, то ў рэгіёнах некаторыя гэтыя „людзі сыстэмы“ баяцца за сваю будучыню. Яны ведаюць, што знаходзяцца пад пільным вокам суседзяў. Таму ставяцца да палітвязьняў карэктна. Гэта я дакладна магу сказаць», — кажа Андрэй Шарэнда.

Ён падкрэсьлівае: каб прызнаць Паліну палітвязьнем, праваабаронцам патрэбныя афіцыйныя дакумэнты абвінавачваньня. І супраціў супрацоўнікам праваахоўных органаў павінен быць негвалтоўны.

«Сёньня справа Паліны цалкам засакрэчаная. Яна адмаўляецца даваць паказаньні. А дакумэнт, які неабходны праваабаронцам, мы атрымаем толькі тады, калі будзе канчатковы прысуд. Але да гэтага трэба чакаць месяцы, а можа, нават і год, — падкрэсьлівае суразмоўца. — Таму для мяне пазыцыя праваабаронцаў незразумелая».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG