Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сядзеў на «Шанхаі», быў у «Навінках», перахварэў на ковід. Што вядома пра палітвязьня з «плошчы Перамен» Сьцяпана Латыпава


Сьцяпан Латыпаў, архіўнае фота
Сьцяпан Латыпаў, архіўнае фота

З 15 верасьня пад вартай утрымліваюць менчука Сьцяпана Латыпава, які абараняў мурал з выявай «дыджэяў перамен» на вуліцы Чарвякова. Пры затрыманьня Сьцяпана зьбілі. Яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

Пры вобшуку ў кватэры Сьцяпана Латыпава, які прафэсійна займаецца лячэньнем дрэваў, знайшлі хімічныя рэчывы, пасьля чаго дзяржаўная прапаганда заявіла, што ён нібыта з дапамогай гэтых рэчываў рыхтаваўся труціць міліцыянтаў.

Сябры Сьцяпана Латыпава і ягоныя суседзі з вуліцы Чарвякова вядуць зь ім перапіску, а асноўныя зьвесткі пра яго выкладваюць на старонку #весточкиОтСтепана. Там жа валянтэры зьмяшчаюць фатаздымкі некаторых яго лістоў. Вось што можна даведацца з гэтых допісаў.

«Валадарка» — шпіталь у Навінках — зноў «Валадарка»

Пасьля завядзеньня крымінальнай справы Сьцяпана Латыпава адпачатку зьмясьцілі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага, прычым у корпус, вядомы дрэннымі ўмовамі. Паводле ліста, напісанага ў лістападзе, Сьцяпан пабываў у гэтак званым «Шанхаі».

«Гэта корпус у паўсутарэньні з нарамі ў тры паверхі, поўны прусакоў і маргіналаў, там я ляжаў гадзінамі, абгарнуўшы твар мокрым ручніком. Перавёў мяне адтуль лекар, які прачытаў артыкул пра мяне. Са словамі „калі цябе чакаюць такія людзі, значыць ты гэтага варты“. З дрэнных навінаў — тэрмін утрыманьня пад вартай працягнулі да 15.01», — паведаміў тады Латыпаў.

У сьнежні 2020 году сябры Сьцяпана Латыпава атрымалі зьвесткі, што ён знаходзіцца ў Навінках дзеля прызначанай экспэртызы. Адтуль яго перавялі на «Валадарку». Сьцяпан гэта пацьвердзіў, калі ў лютым адгукнуўся на перавод на ягоны рахунак невялікай сумы грошай.

«Адміністрацыя таксама гэта бачыць, і, хай і ў невялікім памеры, але гэта фармуе меркаваньне пра мяне як пра чалавека, якога любяць, чакаюць і цэняць», — напісаў Сьцяпан Латыпаў чалавеку, які вырашыў падтрымаць яго грашыма.

Перахварэў на каранавірус

У студзені на «Валадарцы» Сьцяпан Латыпаў у лёгкай форме перахварэў на каранавірус. Пра гэта паведамілі суседзі Сьцяпана Латыпава з вуліцы Чарвякова.

«Сам факт гэтага ніяк ня дзівіць, бо ў турмах адмыслова ствараюць умовы, каб людзі, якія туды трапілі, заразіліся», — мяркуюць людзі, якія перапісваюцца з палітвязьнем Латыпавым. «Пажадаем Сьцяпану хутчэйшага выздараўленьня», — напісалі суседзі Латыпава ў сярэдзіне студзеня 2021 году.

Праблемы зь перапіскай ня скончыліся дагэтуль

У канцы 2020 году ў палітвязьня пачаліся праблемы зь перапіскай. Вось што паведамляла крыніца #весточкиОтСтепы пра Латыпава летась 29 сьнежня:

«Сьцяпан просіць перадаць, што ў яго ўсё ў парадку, але бяда зь перапіскай. Вельмі шмат рэжа цэнзура — і ў той, і ў другі бок. За апошні тыдзень ён адправіў 60 лістоў і паштовак. Але, на жаль, зь іх даходзіць толькі малая частка».

У сакавіку адрасат зноў напісаў, што ліставаньне з Латыпавым штучна абмежаванае, бо, паводле ягоных зьвестак, турэмная «цэнзура з ковідам на бальнічным», але заклікаў людзей не спыняць намаганьняў і далей ліставацца з палітвязьнем.

Адрасаты Сьцяпана Латыпава паведамляюць яму, што ў двары ягонага дома рэгулярна праходзяць сустрэчы, на якіх згадваюць пра яго, абменьваюцца навінамі зь ліставаньня зь ім. У адным зь лістоў на волю сам Сьцяпан гэтак напісаў пра значэньне для яго гэтай сувязі з суседзямі, якіх ён ужо лічыць сваякамі: «Мне дасталася крыніца бязьмежнай моцы і цярпеньня — ваша любоў і падтрымка».

Што да крымінальнай справы супраць Сьцяпана Латыпава, сам ён у лістах пра яе ня згадвае, але суседзі ведаюць, што яна дагэтуль не завершаная. У перапісцы трапляюцца паведамленьні, што Сьцяпана Латыпава наведвае адвакат.

Хто такі Сьцяпан Латыпаў?

У красавіку Сьцяпану Латыпаву споўніцца 41 год. Паводле прафэсіі ён арбарыст (дрэўны доктар), а раней працаваў прамысловым альпіністам. Дзякуючы рэдкаму занятку Латыпаў пабываў шмат у якіх краінах, пра што згадвае ў лістах на волю. Вось што піша Сьцяпан у адказ на атрыманую паштоўку зь відамі Куршскай касы:

«Двойчы бываў на Куршскай касе, часта хадзіў па дзюнах ва Ўэльсе і Гішпаніі, у Партугаліі не аднойчы даводзілася працаваць на дрэвах зь відам на дзюны і акіян. Гэта было здорава, дзякуй табе».

А яшчэ ў адным зь лістоў Сьцяпана Латыпава ёсьць такая фраза:

«Упэўнены, зараз менавіта раніца. Ня часу дня, а новай Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG