Справу разглядала судзьдзя Анастасія Кулік. Сёньня ў судзе дапыталі сьведак, працэс пачаўся са спазьненьнем на 40 хвілін. Справу пачалі разглядаць учора ўвечары.
Затрымалі Руслана Бадамшына раніцай 24 сакавіка каля ліфта, калі ён выйшаў з кватэры, каб ехаць на працу. Яго зьмясьцілі ў ІЧУ на Акрэсьціна і склалі пратакол за дробнае хуліганства, дзе гаворыцца, што Руслан размахваў рукамі і лаяўся матам.
Напярэдадні яго шукалі супрацоўнікі ў цывільным і казалі, што хочуць правесьці гутарку з Русланам. Ён мусіў падпісаць нейкія паперы, што ня будзе браць удзелу ў Дні Волі.
Руслан Бадамшын працуе лекарам функцыянальнай дыягностыкі ў РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі. Са жніўня мінулага году яго затрымлівалі чатыры разы, ён правёў пад арыштам 48 дзён.
Апошні раз Руслана затрымалі 14 студзеня, калі ён хварэў на COVID-19 і вяртаўся з паліклінікі. Тады яму прысудзілі 15 сутак з адтэрміноўкай на месяц. Два дні ён правёў у ізалятары. Для адбыцьця рэшту тэрміну яго затрымалі на працоўным месцы 5 сакавіка. Ён мусіў выйсьці 18 сакавіка, але яго адпусьцілі толькі ўвечары 19-га.
У сям’і Руслана Бадамшына двое дзяцей, 9 і 6 гадоў.