Да гарадзенкі Любові Сарлай прыйшлі міліцыянты
У студзені яе аштрафавалі за «няправільны» колер штаноў.
Прэзыдэнт Літвы Гіндас Наўседа сустрэўся зь Ціханоўскай і павіншаваў беларусаў з Днём Волі
На сустрэчу ён прыйшоў зь бел-чырвона-белым сьцягам на лацкане пінжака.
«Былі крыкі ў экстазе». (Не)прыдуманае інтэрвію з прэм’ерам БНР Луцкевічам пра 25 сакавіка 1918 году
Радыё Свабода працягвае цыкль гутарак са славутымі людзьмі, якіх даўно няма ў жывых. Праз такую незвычайную форму мы хочам нагадаць пра думкі і меркаваньні гэтых людзей у сёньняшнім кантэксьце.
У гэтых інтэрвію прыдуманыя толькі пытаньні, але кожнае зь іх максымальна дапасаванае да тэматыкі адказу, каб ня ўвесьці чытача ў зман. Кожны адказ — гэта завершаная думка, без маніпуляцый. Гэта поўныя цытаты, якія можна зь лёгкасьцю адшукаць у публіцыстычных творах герояў інтэрвію.
Другая гутарка — зь беларускім палітычным дзеячом Антонам Луцкевічам (1884–1942). Ягоныя выказваньні ўзятыя з публіцыстычных твораў, апублікаваных у зборніках «Барацьба за вызваленьне» (2009) і «Да гісторыі беларускага руху» (2015).
Быкаў цаніў у БНР надзею
Пра апошнюю публічную прамову Васіля Быкава ў 2003 годзе згадвае Сяргей Навумчык.
«Дарагія беларусы, шаноўныя нашы госьці! 85 гадоў таму ў слотны й шэры дзянёк на зачыне вясны беларусы зьдзейсьнілі цуд.
Не, яны не панішчылі ворагаў, ня вызвалілі краіны, не дамагліся свабоды, але яны запалілі кволую сьвечку надзеі. Пры яе сьціплым сьвятле яны, як маглі, і змагаліся з бальшавіцкай навалай, з фашыстоўскай акупацыяй, з роспаччу і паняверкай, што за стагодзьдзі ўкаранілася ў гаротным народзе.
Мы ўсьцешаныя, што гэтая сьвечачка гарыць і дасюль і, хоць яе зыркі агеньчык слаба сьвеціць, часам капціць і ня грэе, але ён дае спадзеў шмат якім пакаленьням беларусаў на сьвятло і цяпло, на свой дом і сваю сям’ю — тое, без чаго ў гэтым драпежным сьвеце нікому няма і ня будзе жыцьця.
Дый няхай яна гарыць, нашая кволая спадзяванка, якую мы песьцім і тулім, ашчаджаем і беражом, як найлепшыя зь беларусаў яе бераглі да нас з думкай: а раптам яна ўспыхне сонечным зьзяньнем, калі надарыцца спрыяльны для таго час.
Бо калі ня будзе таго, хай сабе слабога, агеньчыку, ня ўспыхне нічога. І для нас настане вечная ноч.
Але мы ня хочам вечнай ночы, мы — божае стварэньне, людзі, і мы маем права на боскую долю. Памажы нам, Госпад! Жыве Беларусь!»
ЗША заклікалі ўжо сёлета правесьці прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пад міжнародным назіраньнем
«Сёньня, калі беларусы сьвяткуюць Дзень Волі, адзначаючы ўпершыню абвешчаныя незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі больш за 100 гадоў таму. Мы пацьвярджаем нашу падтрымку беларусаў у імкненьні да дэмакратычнай будучыні. Па-ранейшаму ўражаныя выключнай сілай, стойкасьцю і мужнасьцю беларускага народу», — адзначыла прадстаўніца Дзярждэпартамэнту.
У Луньне затрымалі Лявона Карповіча
У мястэчку Лунна Мастоўскага раёну Горадзенскай вобласьці затрымалі актывіста Лявона Карповіча, у яго над хатай вісеў бел-чырвона-белы сьцяг.
Музы́кі прымеркавалі прэмʼеры да Дня Волі
Лявон Вольскі прэзэнтаваў альбом «Трыбунал» і кліп да песьні «Героі нашай зямлі».
NAVIBAND і VAL прэзэнтавалі кліп «Вольныя сны»
NAKA запісала песьню на словы Сяргея Ясеніна «Страна N»
Ірэна Катвіцкая прасьпявала ў праекце «Жанчынам Беларусі»
У здымках кліпу ўзялі ўзцел чатыры танцоркі зь пяці краін. Фільм расказвае пра жорсткасьць уладаў, адвагу жанчын і надзею на будучыню.
AKANA & WISE BEAR разам з Русяй запісалі кліп «TO TO TO»
«Верым, рэжым падзе і мы вернемся гуляць шчасьлівыя і натхнёныя па праспектах пад „ТО ТО ТО“», — напісалі стваральнікі кліпу.
Маргарыта Ляўчук & Андрэй Павук запісалі песьню «Ты — мой герой»
TOR BAND выклаў «тэкставае відэа» Finita la commedia
«Да пабачэньня, дыктатура,
вслед за тобой бежит номенклатура»
Макс Лорэнс. «Крок»
Нам адчыняе шлях
Бел чырвона белы сцяг
Беларусы з розных гарадоў і краін сьпяваюць «Ваяцкі марш»
Вакаліст і гурту TELEPORT Яўген Цярэнцьеў зь сябрамі запісаў кавэр на песьню «Без бою»
Магілёў. Затрымалі Аляксандра Хамратава
Магілёўскі праваабаронца і актывіст Аляксандар Хамратаў паведаміў, што яго затрымліваюць супрацоўнікі міліцыі ў масках, перадае Mayday.
Віцебск. Затрымалі Барыса Хамайду
У Віцебску міліцыя затрымала вядомага распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду. Яго ад «сіняга дому», да якога ён выйшаў з выявай герба «Пагоня», забралі ў Чыгуначны РАУС. Барысу Хамайду 73 гады.
Барыса Хамайду пратрымалі ў пастарунку Чыгуначнага РАУС Віцебску каля трох гадзін і выпусьцілі, узяўшы тлумачэнні. Герб «Пагоню», зь якім ён выйшаў на адзіночны пікет, не канфіскавалі, паведаміў «Белсат».
У Салігорску затрымалі актывіста Паўла Батуева
Раніцай у Салігорску супрацоўнікі Следчага камітэта затрымалі актывіста Паўла Батуева. Батуеў — сябра Сойму Партыі БНФ. За ўдзел у пратэстах супраць фальсыфікацыі выбараў яго каралі адміністрацыйным арыштам.
Таксама затрымалі ўдзельніка страйкаму «Беларуськалію» Дзмітрыя Караку.
«Злучаныя Штаты зь нецярпеньнем чакаюць таго дня, калі беларускі народ зможа самастойна вызначаць сваю будучыню»
Амбасада ЗША павіншавала беларусаў з Днём Волі
«Амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі віншуе ўсіх беларусаў са 103-й гадавінай абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Хоць больш за стагодзьдзе прайшло з моманту першага абвяшчэньня дзяржаўнасьці, апошнія падзеі паказваюць, што змаганьне беларусаў за свабоду і дэмакратыю працягваецца. У цяперашні час тысячы беларусаў усіх узростаў публічна патрабуюць права вызначаць лёс сваёй краіны. Многія плацяць высокую цану за спробу зрабіць свой голас пачутым, бо рэжым зьвярнуўся да запалохваньня, гвалту і ўжываньня сьмяротнай зброі, каб утрымацца ва ўладзе.
З 1991 году Кангрэс ЗША і кожная прэзыдэнцкая адміністрацыя нязьменна падтрымлівалі сувэрэнітэт незалежнай Беларусі. Акт аб дэмакратыі ў Беларусі 2004 году і некалькі абноўленых вэрсій гэтага акту з тых часоў аказалі падтрымку ва ўмацаваньні дэмакратыі, правоў чалавека, незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасьці і былі накіраваны на прадухіленьне карупцыі і замахаў на інстытуты дэмакратыі і правоў чалавека. Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце ў Беларусі 2020 году сыгналізуе аб тым, што абавязаньні ЗША застаюцца сёньня такімі ж актуальнымі, як і ў 2004 годзе.
Злучаныя Штаты віншуюць народ Беларусі з 25 сакавіка і зь нецярпеньнем чакаюць таго дня, калі беларускі народ зможа самастойна вызначаць сваю будучыню».
Як праходзіць раніца Дня Волі
Сьпіс затрыманых у Менску
- Вольга Белазорчык, Ільля Белазорчык. Правялі ператрус.
- Уладзіслаў Глявіцкі.
- Аляксандра Гузоўская — студэнтка БДУ, удзельніца пратэстаў леташняй восені.
- Юры Данскоў — актывіст «Сходу-Беларусь», музыка гурту Shaman Jungle.
- Лізавета Македон. Правялі ператрус. Паводле папярэдняй інфармацыі, прычына затрыманьня — падзеі жніўня 2020 году.
- Дзяніс Урбановіч — лідэр «Маладога фронту». Яго павезьлі ў Жодзіна, паведаміла «Вясна».
- Аляксей Уткін. Правялі ператрус, забралі ноўтбук і тэлефон. Падазраецца ва ўдзеле ў падзеях 14 ліпеня — артыкулы 293 і 342 Крымінальнага кодэксу. 14 ліпеня прайшлі пратэсты супраць нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.
- Лізавета Хамчаноўская. Правялі ператрус. Крымінальная справа за беспарадкі.
Паводле «Вясны»
Дзень Волі са Свабодай
У 103-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР мы ня толькі сочым за ўсімі важнымі падзеямі, але і падрыхтавалі для вас два жывыя эфіры.
- 15.00 — Дыскусія аналітыкаў Свабоды пра першыя вынікі Дня Волі ў аўдыёчаце «Тэлеграму». Далучайцеся да чату і задайце вашы пытаньні голасам на t.me/radiosvaboda
- 19.00 — Відэастрым Свабоды зь Менску і Прагі на нашым Youtube-канале.
У Наваполацку вывесілі сьцяг на шэсьць паверхаў
Бел-чырвона-белыя сьцягі залуналі ў розных раёнах Менску
Сьцяг у цэнтры Горадні
Сьцягі ў Наваградку
Улады працягваюць атаку на польскую меншасьць у Беларусі
- Раніцай 25 сакавіка пачаўся ператрус дома ў горадзенскага журналіста Анджэя Пачобута. Ягоная жонка Аксана Пачобут пасьпела толькі напісаць: «Дома міліцыя ў балаклавах. Тэлефанавць не даюць». Ператрус дома ў Пачобутаў праводзяць паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу «Распальваньне варожасьці», паведаміў Саюз палякаў Беларусі. Пасьля ператрусу Анджэя Пачобута затрымалі, паведаміла «Вясна».
- Генпракуратура Беларусі распачала крымінальную справу ў дачыненьні старшыні незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс і іншых асобаў паводле ч. 3 арт. 130 КК («Наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці». Прадстаўнікоў Саюзу палякаў Беларусі вінавацяць у арганізацыі масавых мерапрыемстваў па ўшанаваньні ўдзельнікаў «антысавецкіх бандфармаваньняў, якія дзейнічалі падчас і пасьля Вялікай Айчыннай», а іх дзеяньні нібыта «перасьледавалі мэты рэабілітацыі нацызму, апраўданьня генацыду беларускага народу».
- У сядзібе незарэгістраванага Саюзу палякаў у Горадні і грамадзкай школе імя караля Стэфана Баторыя пры ім праводзяць ператрус. Забіраюць тэхніку, кампутары, шукаюць польскую літаратуру, незарэгістраваную сымболіку, наркотыкі, зброю. Унутры знаходзіцца дырэктарка школкі Данута Карповіч, настаўнікі.
- У Ваўкавыску праводзяць ператрус дома ў дырэктаркі польскай школы і старшыні аддзелу незарэгістраванага Саюзу палякаў Марыі Цішкоўскай, паведаміў znadniemna.pl.
- У Лідзе правдзяць агляд дому старшыні аддзелу незарэгістраванага Саюзу палякаў Ірэны Бэрнацкай. У яе забралі тэхніку, візытоўкі, нататнікі, газэты, дыплёмы. Пра гэта яна паведаміла ў фэйсбуку.
Сьвятлана Ціханоўская павіншавала беларусаў са сьвятам
Са свайго тэлеграм-каналу да беларусаў таксама зьвярнулася і Сьвятлана Ціханоўская.
- Яна прызналася, што раней, як і многія землякі, не лічыла дзень 25 Сакавіка важнай датай. Але цяпер усё зьмянілася.
- Яна адзначыла, што «ўжо сёньня беларусы ўпершыню святкуюць Дзень Волі як Новы год».
- Ціханоўская падкрэсьліла, што Беларуская Народная Рэспубліка стала старонкай нашай гісторыі, дзякуючы якой праз гады Беларусь атрымала незалежнасьць, а не засталася шасьцю абласьцямі ў складзе іншай краіны.
Павал Латушка заклікаў да сьвяткаваньня Дня Волі без калёнаў і выхадаў на праезную частку
Разам з гэтым, Латушка заклікаў беларусаў выйсьці на цэнтральныя вуліцы сваіх гарадоў.
Шпацыр па цэнтральных вуліцах у сваіх гарадах старшыня Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка назваў «найбольш бясьпечным фарматам». Ён заклікае рухацца без фармаваньня калёнаў, бяз выхаду на праезную частку.
Паводле палітыка, задачай людзей мае быць знаходжаньне «на ўсіх цэнтральных і прылеглых да цэнтру вуліцах адразу». Неабходна абыходзіць рэдуты, выстройваць бясьпечныя маршруты і быць у руху.
«Паказаць, што горад наш, нягледзячы на ўсе намаганьні акупантаў перашкодзіць нам сустрэць наша сьвята — Дзень нашай Волі. Мы выходзім, каб пачаць нашу пратэставую вясну. Дзеля сябе. Дзеля адно аднаго. Дзеля нашай свабоды».
Старшыня Рады БНР Сурвіла: Вашая салідарнасьць, гераізм, любоў да свае Бацькаўшчыны перамогуць рэжым
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларусаў у сувязі з гадавінай абвяшчэньня незалежнасьці БНР.
«Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю вас з угодкамі таго слаўнага дня, калі наш народ стварыў, пасьля доўгае няволі, сваю першую мадэрную незалежную дзяржаву, Беларускую Народную Рэспубліку, — пачынае свой зварот старшыня Рады БНР. — Прысьвячаю свой сёлетні зварот героям, якія выйшлі пасьля жнівеньскіх „выбараў“ сотнямі тысяч на вуліцы нашых гарадоў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, і ўсім беларусам замежжа, якія падтрымалі іх у змаганьні за праўду і людзкую годнасьць, адабраныя ў іх 26 гадоў таму здраднікам на службе суседняй імпэрыі».