Як прайшоў Дзень Волі. Вынікі
Вызвалілі лекара Рустама Айзатуліна
Лекара Рустама Айзатуліна, затрыманага сёньня ў Менску, адпусьцілі з РАУС., паведамляюць «Белые халаты». Рустам Айзатулін — траўматоляг-артапед, унікальны спэцыяліст, які можа выконваць выключныя апэрацыі для лячэньня хворых дзяцей. Раней ён быў звольнены з РНПЦ ТіА з-за сваёй грамадзянскай пазыцыі, пасьля адным зь першых уступіў у мэдыцынскі прафсаюз «Панацэя».
Акцыі салідарнасьці за мяжой
Улады паведамляюць пра больш чым 200 затрыманых
Прадстаўніца Ўнутраных спраў Беларусі паведаміла, што на цяперашні момант за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у Беларусі 25 сакавіка затрымана больш за 200 чалавек, піша БЕЛТА.
Таксама праваахоўнікі выявілі 43 кіроўцаў, якія «парушалі правілы выкарыстаньня гукавымі сыгналамі». 11 аўтамабіляў, ідэнтыфікацыйныя дадзеныя якіх «выклікалі сумневы ў сапраўднасьці, зьмешчаныя на стаянкі ў тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў для далейшага разбору».
Затрымалі сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады
Сёньня была затрыманая сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Аксана Зарэцкая, паведаміла Рада ў Тэлеграме.
UPD. Пазьней яе адпусьцілі з Цэнтральнага РАУС.
У Бабруйску затрымалі мінімум 12 чалавек
Выразнай акцыі ў Бабруйску не было, некаторыя гулялі ўздоўж вуліцы Менскай без сымболікі. Міліцыянты ў чорным хапалі выбарачна першых стрэчных. Сярод затрыманых Уладзімер Міхалап, Ірына Сурыгіна, Дзяніс Носаў (карэспандэнт «Вечернего Бобруйска», потым адпусьцілі). Некаторых адпускаюць пад павесткі, чатыры-пяць чалавек, мяркуючы па ўсім, затрымаюць на ноч.
Аўтапрабег пад нацыянальнымі сьцягамі на Падляшшы
На 22.00 валянтэры паведамляюць пра 136 затрыманых
У сьпісах валянтэраў на 22-ую гадзіну ўжо 136 прозьвішчаў затрыманых. Сьпіс тут.
У Гомлі за выкрыкі «Жыве Беларусь» сілавікі затрымалі падлеткаў. Яны скардзяцца на пабоі
У Гомлі ўвечары 25 сакавіка міліцыя затрымала 5 падлеткаў узростам ад 14 да 17 гадоў. Іх трымалі ў Цэнтральным РАУС Гомля, а потым аддалі бацькам. Адзін з затрыманых распавёў валянтэрам, што пасьля затрыманьня міліцыянты білі іх па твары. Адзін з пабітых падлеткаў перад затрыманьнем крычаў «Жыве Беларусь!»
Акцыі салідарнасьці зь беларусамі за мяжой
Праваабаронцы паведамляюць пра 118 затрыманых
Па дадзеных на 21:30 «Вясьне» вядома пра як мінімум 118 затрыманых у 19 гарадах Беларусі.
У Менску і іншых гарадах запускаюць фаервэркі
Увечары па ўсім Менску запускаюць сьвяточныя салюты. Таксама відавочцы зьнялі салюты ў іншых гарадах Беларусі: вядома прынамсі пра салюты ў Горадні, Ваўкавыску, Лідзе, Брылевічах.
Валянтэрам вядомыя прозьвішчы 90 затрыманых на Дзень Волі
Ініцыятыва «Сьпісы затрыманых» дала зьвесткі па стане на 21 гадзіну.
Затрымалі 2 расейскіх журналістаў
У Менску затрымалі двух расейскіх журналістаў: карэспандэнта «Коммерсанта» і фатографа «Известий», піша Tut.by.
Агулам падчас сьвяткаваньня Дня Волі ў Беларусі 25 сакавіка затрымалі 5 прадстаўнікоў СМІ. У Менску затрымалі беларускую журналістку Натальлю Хамутоўскую. Пазьней яе выпусьцілі без складаньня пратаколу, тэлефон не забіралі.
Таксама ў Менску пры асьвятленьні акцый затрымалі дваіх расейскіх журналістаў: журналіста «Коммерсанта» Кірыла Крывашэева і фатографа «Известий» Паўла Волкава. Яны ў Кастрычніцкім РУУС.
У Берасьці затрымлівалі журналістаў Мілану Харытонаву і Алеся Леўчука.
Затрыманьні на Дзень Волі і ў Менску. Відэа
Вечаровы марш у вайсковым гарадку ва Ўруччы
Акцыя ў Сьціклева пад Менскам
Акцыя ў Вільні з трохсотмэтровым нацыянальным беларускім сьцягам
Сьвятлана Ціханоўская ўзначаліла шэсьце ў Вільні на Дзень Волі.
Польшча: акцыя салідарнасьці зь беларусамі ў Лодзі
У Берасьці ў неба запусьцілі бел-чырвона-белы сьцяг