Нягледзячы на гістарычную значнасьць, будынак ня трапіў у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, а таму ня меў ахоўнага статусу.
Паводле тэлеграм-каналу «Спадчына», на калектыўны зварот адрэагавала Міністэрства культуры. Ведамства зьвярнулася ў абласны камітэт дзяржмаёмасьці з просьбай выключыць сядзібу Цюндзявіцкіх у Галошаве са сьпісу пад знос.
Віцебскаму аблвыканкаму рэкамэндавалі адпрацаваць пытаньне аб наданьні тэрыторыі статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
Самы вядомы выхадзец старадаўняга роду, які жыў тут, — Міхал Цюндзявіцкі, паплечнік Кастуся Каліноўскага і ўдзельнік вызвольнага паўстаньня 1863-1864 гадоў. Яго расстралялі расейскія акупацыйныя ўлады.
Маёнтак пабудавалі ўжо пасьля яго сьмерці. Ягоныя ўладальнікі ўцяклі ў Польшчу пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 году.
У галоўным будынку за саветамі была школа, якая пазьней закрылася. Тэрыторыя сядзібы паступова прыйшла ў заняпад.